Паводле выданьня, на брыфінгу было адзначана, Беларусь цяпер трэба разглядаць як функцыянальны працяг вайсковай архітэктуры Расеі, а не як слаба зьвязанага зь ёй партнэра. Паваротным момантам стала рашэньне Менску дазволіць расейскім войскам праводзіць апэрацыі з тэрыторыі Беларусі ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Потым Расея атрымала ўстойлівы доступ да беларускіх вайсковых базаў, паветранай прасторы і лягістычных калідораў для нанясеньня ўдараў і разгортваньня сілаў.
«Гэтая эвалюцыя ператварыла Беларусь у стратэгічную глыбіню, дзе Расея можа загадзя разьмяшчаць сілы, арганізоўваць ратацыі, аднаўляць падразьдзяленьні і рыхтаваць разгортваньні пад прыкрыцьцём вучэньняў. Ва ўмовах зацяжной вайны гэты мэханізм зьяўляецца апэратыўна карысным: ён скарачае час папярэджаньня, маскіруе намеры і падтрымлівае сталы ціск на поўнач Украіны, адначасова фармуючы ўстойлівы фактар пагрозы для Польшчы, Літвы і Латвіі», — адзначае выданьне са спасылкай на брыфінг.
Ядзерная зброя зьяўляецца найболей крытычным элемэнтам. Пашырэньне ядзернай канфігурацыі Расеі ў бок Беларусі дае Менску ролю ў сыстэме перадавога стрымліваньня. Дакумэнт зьвяртае ўвагу на тое, што беларускія войскі прайшлі падрыхтоўку да ўжываньня ракеты 9М723 для ЗРК «Іскандэр-М», якая можа несьці як звычайныя, гэтак і тактычныя ядзерныя боезарады.
«Нават калі любыя ядзерныя боезарады застаюцца пад расейскім кантролем, разьмяшчэньне гэтай сыстэмы дастаўкі ў Беларусі зьмяняе рэгіянальную канфігурацыю сіл», — піша Army Recognition.
Акрамя гэтага, дзякуючы інтэграцыі сыстэм назіраньня і СПА Беларусі і Расеі Беларусь стала апорным пунктам для фармаваньня расейскай сыстэмы A2/AD (забарона доступу і блякаваньне тэрыторыі). Расейскія сыстэмы, у тым ліку С-400 і «Панцыр-С1», атрымліваюць узмоцненыя магчымасьці для кантролю паветранай прасторы і абароны ключавых аб’ектаў, у той час як расейскія радыёлякацыйныя і камунікацыйныя абʼекты, разьмешчаныя ў Беларусі, павышаюць узгодненасьць ланцужкоў выяўленьня і раньняга папярэджаньня.
«Такім чынам, прысутнасьць Расеі не абмяжоўваецца палітычнай каардынацыяй: яна адлюстроўвае мадэль устойлівага вайсковага доступу і інфраструктурнай прысутнасьці, якая падтрымлівае шырэйшую стратэгічную пазыцыю Масквы. Гэты падыход дазваляе Расеі выкарыстоўваць геаграфію Беларусі як мілітарызаваную буфэрную зону, скарачаючы адлегласьць да стратэгічных мэтаў і ўзмацняючы ціск на калідоры падмацаваньня NATO», — піша выданьне.
На брыфінгу адзначалася, што хаця беларускія ўзброеныя сілы арганізаваныя на аснове прызыву і арыентаваныя на задачы тэрытарыяльнай абароны, яны захоўваюць матэрыяльную базу, дастатковую для выкананьня дапаможнай ролі. У крызісным сцэнары беларускія ўзброеныя сілы могуць выконваць задачы па забесьпячэньні бясьпекі раёнаў, кантролі за ключавымі маршрутамі і абароне інфраструктуры, вызваляючы расейскія падразьдзяленьні для наступальных, ударных ці манэўраных задачаў.
«Гэтая паступовая мілітарызацыя таксама падмацоўваецца ўнутранай інстытуцыйнай кансалідацыяй, якая стабілізуе стратэгічнае выраўноўваньне Менску з Масквой. Цэнтралізацыя ўлады зьніжае імавернасьць палітычнага разрыву ў кароткатэрміновай пэрспэктыве і павышае прадказальнасьць супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі, што, з пункту гледжаньня Расеі, забясьпечвае доўгатэрміновы доступ да беларускай тэрыторыі для плянаваньня і падрыхтоўкі», — заяўляе выданьне.
Такім чынам, ЗША і саюзьнікі павінны разглядаць Беларусь як ключавы апэратыўны кампанэнт расейскай канфігурацыі сілаў у Эўропе: гэта плятформа для папярэдняга разьмяшчэньня, тэрыторыя, зь якой могуць наносіцца ўдары, і прастора для перадачы ядзерных сыгналаў. Гэта дазваляе Расеі працягваць ціск на Ўкраіну, адначасова ствараючы дадатковы ўзровень стратэгічнай нявызначанасьці ля межаў NATO, наступствы якой выходзяць за рамкі нацыянальных магчымасьцяў Беларусі.
Форум