Колішні намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Ільля Паўленка заявіў, што ў Беларусі расейскія вайскоўцы былі ў цывільнай форме і вывучалі магчымасьці альтэрнатыўных чыгунцы шляхоў хуткага перакіданьня войскаў.
«Ніякіх перашкодаў расейскім вайскоўцам на тэрыторыі Беларусі няма. То бок яны робяць усё, што патрэбна, ня толькі ў часе вучэньняў, а калі заўгодна. Вядома, рэжым намагаецца гэта прыхаваць. Мы выяўлялі такія факты, як знаходжаньне расейскіх войскаў у цывільнай форме, паездкі па Беларусі з мэтай вывучэньня стану дарог, грунтоў, наколькі яны прамярзаюць, наяўнасьці сельгастэхнікі. Для чаго? Каб мець магчымасьць ствараць пляны хуткага перакіданьня войскаў. Ня толькі як мы мяркуем — што яны могуць перакінуць 30 тысяч чыгункай па лініі Віцебск — Берасьце, але і іншымі шляхамі», — сказаў Ільля Паўленка на IV беларуска-ўкраінскім Форуме Астроскіх, што праходзіў у Львове і Кіеве 11–15 лістапада.
Паводле яго, як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Укрінформ, і Ўкраіна, і шмат эўрапейскіх краін-партнэраў разглядаюць Беларусь не як асобную краіну, а як супольнае вайскова-палітычнае поле з Расеяй.
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Аляксандар Лукашэнка адкрыта падтрымлівае дзеяньні Расеі. Беларусь таксама абвінавачваюць у дапамозе Расеі пры вывазе ўкраінскіх дзяцей.
Форум