Сабраная інфармацыя, як адзначае ведамства, «дазваляе зрабіць абгрунтаванае меркаваньне, што аўтарамі і выканаўцамі гэтай апэрацыі зьяўляюцца беларускія органы бясьпекі і разьведвальныя службы».
«У апошнія тыдні ў «Тэлеграме» асобы, якія выдаюць сябе за супрацоўнікаў ДДБ, прапануюць людзям заробак у абмен на іх згоду выканаць нібыта заданьне літоўскай выведкі — паехаць у Беларусь і зь яе тэрыторыі запусьціць у Літву кантрабандны паветраны шар, — гаворыцца ў заяве. — ДДБ зьвяртае ўвагу, што такія дзеяньні зьяўляюцца грубай спробай стварыць бачнасьць, быццам літоўская выведка сама арганізуе і ініцыюе гібрыдную атаку супраць Літвы, якая працягваецца ўжо больш за месяц».
Ведамства папярэдзіла, што «асобы, якія паддаліся падобным прапановам у сацыяльных сетках, рызыкуюць стаць інструмэнтамі прапаганды менскага рэжыму, а тыя, хто вырашыць выехаць у Беларусь, рызыкуюць сваім здароўем і свабодай», паколькі «там яны могуць быць затрыманы і прыцягнуты да суда беларускім КДБ».
«Літоўская выведка заклікае не паддавацца названым правакацыям і не ўвязвацца ў шкоднасную дзейнасьць замежнай дзяржавы, за якую прадугледжана строгая крымінальная адказнасьць, — гаворыцца ў дакумэнце. — ДДБ нагадвае, што разьведвальныя службы Расеі і Беларусі актыўна выкарыстоўваюць «Тэлеграм» для пошуку патэнцыяльных агентаў, іх вярбоўкі і падтрыманьня.
9 сьнежня ўрад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню з прычыны «гібрыднай атакі Беларусі». Рашэньне прынята «у сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпекі дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, што ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду».
У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка на пасяджэньні Савета бясьпекі выказаўся наконт «шароў з цыгарэтамі, якія лётаюць ці то ў Літву, ці то з Літвы». Паводле яго слоў, адбылося «сурʼёзнае абмеркаваньне пытаньня», аж да «прыцягненьня пілётаў грамадзянскай авіяцыі». Палітык сьцьвярджае, што прэтэнзіі, якія прадʼяўляе Літва, «рэальнасьці не адпавядаюць».
«Тое, што нам сёньня выстаўляюць літоўцы, — гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя шары, як яны кажуць, па 200 (цяпер быццам ці то 20, ці то 50) туды залятаюць... Я размаўляў з лётчыкамі, пілётамі. Яны кажуць, што гэта ніякай праблемы не ўяўляе. Праблему пачынаюць нагнятаць, палітызаваць, — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка чарговым разам заклікаў Вільню вырашыць усе пытаньні шляхам перамоваў. «Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных адносін — сядайце за стол перагавораў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовы. Іншых варыянтаў няма», — заявіў ён.
Пры гэтым ён агучыў «пункты, якія цікавяць беларускі бок» на патэнцыйных перамовах з Літвой. «Вярніце нам 17 ці 20 аўтамабіляў, якія вы скралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зымбабве. Нармалізуйце працу нашага санаторыя, дзе мы лячылі чарнобыльскіх дзяцей. Яны ў дзяцей адабралі фактычна санаторый. І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт», — пералічыў патрабаваньні Лукашэнка.
Форум