Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наўседа заявіў, што ў Вільні вывучаюць магчымасьць замарозкі або канфіскацыі маёмасьці Беларусі ў Літве


Прэзыдэнт Літвы Гінатас Наўседа. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Літвы Гінатас Наўседа. Архіўнае фота

Урад Літвы 9 сьнежня абвясьціў па ўсёй тэрыторыі краіны экстрэмальную сытуацыю праз крызіс, зьвязаны з паветранымі балёнамі зь Беларусі і пагрозамі для нацыянальнай бясьпекі.

Дзяржаўная рада па абароне Літвы, якая ў сярэдзіне сьнежня абмяркуе захады па барацьбе з пагрозай кантрабандысцкіх паветраных балёнаў зь Беларусі, апроч іншага, абмяркуе, якую маёмасьць Менска, якая знаходзіцца ў Літве, якую можна было б замарозіць ці канфіскаваць, заявіў прэзыдэнт Літвы Гінатас Наўседа, якога цытуе BNS.

«На Дзяржаўнай радзе па абароне мы гаварылі аб інтэграванай супрацьпаветранай абароне. Цяпер мы абмяркоўваем іншыя пытаньні, якія будуць закранутыя на наступным пасяджэньні Дзяржаўнай рады ў абароне. Найперш, пра тое, якая ў Беларусі маёмасьць і якія магчымыя варыянты ў гэтай галіне. Размова ідзе аб замарозцы або канфіскацыі беларускай маёмасьці, што знаходзіцца ў Літоўскай Рэспубліцы», — сказаў кіраўнік літоўскай дзяржавы ў панядзелак тэлебачаньню LRT.

Пасьля таго, як Вільня на некалькі тыдняў абмяжоўвала дзейнасьць пунктаў пропуску на мяжы з Беларусьсю, Менск адмаўляецца выпускаць грузавікі зь літоўскімі нумарамі, дамагаючыся кансультацый на ўзроўні МЗС. Паводле Наўседы, пастаянныя заклікі Беларусі пачаць кансультацыі на палітычным узроўні азначаюць жаданьне размаўляць аб санкцыях.

«Беларусі патрэбнае прызнаньне вынікаў выбараў 2020 году і канкрэтнае зьняцьце санкцый. І любая наша спроба зьблізіцца з рэжымам, як яны гэта называюць, «на палітычным узроўні», скончыцца вельмі простым і прамым пытаньнем: «Вы дапаможаце нам зьняць санкцыі, якія зараз дзейнічаюць у дачыненьні да калійных угнаеньняў?», — сказаў прэзыдэнт Наўседа.

Падчас размовы Наўседа паведаміў, што атрымаў ліст ад Трампа.

«Ён дае надзею, што ўвага ЗША да Літвы захаваецца», — заявіў Наўседа.

Паводле Наўседы, Трамп станоўча ацэньвае намаганьні Літвы па павелічэньні абаронных выдаткаў, што стварае надзею на захаваньне ўвагі Вашынгтона. «Я атрымаў ліст ад прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, і, паколькі ён адрасаваны мне асабіста, я не магу раскрываць яго падрабязнасьці, але яго настрой вельмі спрыяльны для Літвы», — сказаў ён.

«Найперш, у ім гаворыцца аб тым, што Літва зьяўляецца стратэгічным партнэрам, што яна дэманструе стратэгічнае партнэрства са Злучанымі Штатамі Амэрыкі ва ўсіх сваіх дзеяньнях і зьяўляецца лідэрам у рэалізацыі пяціпрацэнтнай праграмы выдаткаў на абарону. І гэты настрой сапраўды дазваляе нам разьлічваць на захаваньне ўвагі Злучаных Штатаў Амэрыкі да нашай краіны», — сказаў ён.

Як пісала агенцтва BNS, у праекце бюджэту наступнага году ўрад Літвы заплянаваў вылучыць на абарону 4,8 млрд. эўра, або 5,38% ад валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіны. На Гааскім саміце сёлета ў чэрвені Паўночнаатлянтычная рада прыняла дэклярацыю, у якой чальцы альянсу абавязаліся да 2035 году выдзяляць на абарону і бясьпеку не менш за 5% ВУП.

Раней Трамп заяўляў, што Эўропа выдаткоўвае на абарону занадта мала. Акрамя таго, у Літве знаходзіцца больш за тысячу амэрыканскіх вайскоўцаў.

У цяперашні час Вашынгтон пераглядае прысутнасьць сваіх сіл у Эўропе, а Літва імкнецца захаваць ці павялічыць амэрыканскі кантынгент у краіне.

Прэм’ерка Літвы Інга Ругінене раней заяўляла, што экстрэмальную сытуацыю праз балёны з кантрабандай абвесьцяць на гэтым тыдні.

Згодна зь літоўскім законам аб кіраваньні крызісамі і цывільнай абароне, экстрэмальная сытуацыя дзяржаўнага ўзроўню абвяшчаецца, калі наступствы экстрэмальнага інцыдэнту адпавядаюць вызначаным урадам крытэрам на тэрыторыі двух ці больш самакіраваньняў.

Акрамя таго, калі абвешчаная экстрэмальная сытуацыя на ўзроўні самакіраваньня доўжыцца больш за год або калі для ліквідацыі яе наступстваў неабходныя матэрыяльныя рэсурсы, залучаюцца сілы цывільнай абароны зь іншых самакіраваньняў.

Урад абвяшчае экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню на тэрыторыі ўсёй краіны або яе часткі.

Прадстаўнік уладнай кааліцыі Аўрэліюс Вярыга адзначыў, што статус экстрэмальнай сытуацыі «дапамог бы актывізаваць больш інтэнсіўныя мэханізмы і разьвязаць рукі некаторым інстытуцыям».

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, сёлета ў паветраную прастору Літвы трапілі 599 паветраных балёнаў і 197 бесьпілётнікаў. Гэтыя атакі парушылі 320 авіярэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да амаль 60-гадзіннага закрыцьця аэрапортаў.

Трэцяга сьнежня ў МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту.

Прычынай сталі няспынныя гібрыдныя атакі з тэрыторыі Беларусі кантрабандысцкімі балёнамі, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі, а таксама блякаваньне літоўскіх грузавікоў з прычэпамі, якім улады Беларусі не дазваляюць вярнуцца назад у Літву, вынікае з паведамленьня МЗС Літвы.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG