Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва, Польшча і Нямеччына. Лукашэнка сабраў Савет бясьпекі і расказаў, што яго непакоіць у гэтых краінах

абноўлена

Пасяджэньне Савета бясьпекі, 9 сьнежня 2025
Пасяджэньне Савета бясьпекі, 9 сьнежня 2025

Аляксандар Лукашэнка 9 сьнежня сабраў Савет бясьпекі. Раней ён заяўляў аб візыце ў гэтым месяцы амэрыканскай дэлегацыі.

У пасяджэньні Савета бясьпекі бралі ўдзел міністар абароны Віктар Хрэнін, начальнік Генэральнага штабу — першы намесьнік міністра абароны Павал Муравейка, кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, кіраўнік адміністрацыі Дзьмітры Круты і іншыя кіраўнікі дзяржаўных органаў.

Пра «вайну» зь Літвой з-за кантрабандных балёнаў

«За гэты час, як мне даклалі спэцыялісты, пытаньне адпрацаванае сур’ёзна, аж да пілётаў грамадзянскай авіяцыі. І тое, што сёньня нам выстаўляюць літоўцы, гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя балёны туды заляталі, калі б яны нават заляталі, я размаўляў зь лётчыкамі, яны кажуць: «Гэта ніякай праблемы не стварае», — працытаваў Лукашэнку Telegram-канал «Пул первого», зьвязаны зь яго прэсавай службай.

Лукашэнка абвінаваціў Літву ў «палітызацыі» праблемы:

«Навошта? Паўстае пытаньне. Няўжо хочуць паваяваць? Нам вайна не патрэбная. Упэўнены, што і літоўскаму народу таксама вайна не патрэбная, як палякам, латышам і эстонцам. Мы ваявалі, хопіць ужо. Страцілі столькі людзей, яшчэ пакаленьні жывыя, якія бачылі гэтую вайну. Нам вайна не патрэбная!» — заявіў ён.

«Калі яны спрабуюць разьвязаць нейкі тут канфлікт, наўрад ці ў іх нешта выйдзе. Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся, як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных дачыненьняў, сядайце за стол перамоў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовы. Іншых варыянтаў няма і наўрад ці будуць».

«Актуалізаваць абарончыя дзеяньні»

Лукашэнка заявіў, што ў адказ на павелічэньне вайсковых выдаткаў у краінах Эўразьвязу Беларусь павінна актуалізаваць свае «абарончыя дзеяньні».

«Польшча, Нямеччына, іншыя дзяржавы, нават невялікія, зь якімі мы мяжуем, яны ня толькі павялічваюць вайсковыя свае бюджэты, але і спрабуюць павялічыць армію прыблізна ўдвая. Паўстае простае зямное пытаньне: «Калі нешта нехта робіць, значыць, яму для нечага гэта патрэбна?». І ня будуць гэтыя краіны проста так выдаткоўваць велічэзныя грошы на, як яны кажуць «супрацьстаяньне Расеі і Беларусі», – заявіў Лукашэнка.

«Мы бачым, што адбываецца навокал. І сёньня нам варта актуалізаваць свае абарончыя дзеяньні для таго, каб усе бачылі, і найперш, наш народ, што мы гатовыя абараняць кожны кавалак нашай зямлі».

«Мы ня хочам вайны. Мы нікога ня лічым сваімі праціўнікамі ці супернікамі. Але, тым ня менш, мы рыхтуемся да гэтай вайны, каб яе не было. Тысячу разоў пра гэта гаварылася, і мы пра гэта шчыра і рашуча заяўляем».


Пра ціск пасьля спыненьня вайны ва Ўкраіне і сытуацыю на паўднёвай мяжы

Лукашэнка таксама перакананы, што ў выпадку завяршэньня вайны ва Ўкраіне заходнія краіны ня спыняць чыніць на яго ціск.

«Вы бачыце, якія сілы спрабуюць тарпэдаваць, нават амэрыканскія прапановы спрабуюць тарпэдаваць па мірнай дамове з Украінай. Я да таго, што калі нават удасца усталяваць мір сёньня ці заўтра ва Ўкраіне, нам ад гэтага лягчэй ня стане. Нас будуць душыць і далей. І асабліва вось гэтыя дзяржавы», — сказаў ён.

Лукашэнка лічыць, што суседнія краіны ствараюць «альтэрнатыўныя ўрады» для Беларусі. «Яны ад нас нечага патрабуюць. А калі б мы ў Беларусі стваралі альтэрнатыўныя ўрады і падтрымлівалі „байцоў за незалежнасьць“. Яны там ствараюць баявыя атрады, яны іх узбройваюць. Памятаеце — харугвы. Яны нікуды ня дзеліся. І цэлыя палкі, як яны называюць. Гэта што, жарт? І яны яшчэ нам нейкія прэтэнзіі выстаўляюць. Ну ўтрымліваюць яны іх — няхай утрымліваюць, калі яны маюць грошы. Але калі гэта накіравана супраць нашай краіны, мы як на гэта павінны рэагаваць?», — заявіў ён.

Паводле яго, сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы стабілізавалася. Учора мне наш галоўны памежнік дакладваў, што шмат пытаньняў, якія трэба вырашаць у мабілізацыйным парадку і выбудоўваць мяжу, якую кінулі з боку Ўкраіны, і будаваць заставы, і ўзбройваць памежнікаў", — заявіў Лукашэнка.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG