«Калі васілёк, то на магіле Лукашэнкі». Як зрабіць беларускае хуліганскім. Размова з брэндам Znivien

Самы папулярны прынт брэнда Znivien

КДБ праз пяць гадоў пасьля стварэньня дабраўся да брэнду беларускага дызайну Znivien. Пагаварылі з хлопцамі пра ўплыў Мелказёрава, попыт на пратэст і пра тое, што для іх значыць тое самае Zaebis.

Уладзімер Маляўка, нарадзіўся ў Менску, 37 гадоў. Скончыў Інстытут сучасных ведаў імя Шырокага, вывучаў міжкультурную камунікацыю. Пасьля вучобы «займаўся не заўсёды творчымі рэчамі». У Беларусі меў уласны бізнэс, працаваў у рэкляме, быў капірайтэрам. Удзельнічаў у здымках музычных відэа. Заўсёды «быў плюс-мінус палітычным актывістам». У 2020 годзе «папёр на барыкады», пачаў ствараць крэатыўныя рэчы пратэставай тэматыкі. Зьехаў зь Беларусі ў 2022 годзе пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.

Павал Дзяркач, 35 гадоў, нарадзіўся ў Менску. Сусед Уладзімера, шмат гадоў пражыў побач зь ім, у адным пад’ездзе. Скончыў БНТУ, спэцыяльнасьць інжынэр-будаўнік. Але ўжо шмат гадоў працуе ў продажах. Зь Беларусі зьехаў у 2021 годзе з палітычных прычынаў. Кажа, што яшчэ з выбараў 2006 году зразумеў, што ў краіне нешта ня так. Цікавіцца музыкай, трымаецца вэгетарыянства, захапляецца футболам.

Заснавальнікі брэнда Znivien Уладзімер Маляўка (справа) і Павал Дзяркач

Васількі, зубры і буслы

«Пасьля жніўня 2020 году мне недзе раз на тыдзень пісаў хтосьці з прапановай зрабіць цішотку з маім дызайнам ці слоганамі, — расказвае Ўладзімер. — Але рабіць гэта ў Беларусі было ўжо не зуcім бяспечна. Таму я вырашыў напісаць свайму сябру Паўлу, які на той момант ужо жыў у Польшчы. Прапанова была простая: дапамагчы займацца гэтай справай, бо ўжо тады было шмат запытаў з Польшчы й іншых краін, дзе жылі беларусы. Вось так, крок за крокам, нешта і пачалося».

У 2021 хлопцы прадалі 14 цішотак. У 2025 — больш за 850. Заснавальнікі Znivien кажуць, што да «перагортваньня старонкі» і забыцьця падзеяў 2020 году ў галовах беларусаў яшчэ вельмі далёка.

«Мы доўга думалі, як назваць наш брэнд, — расказвае Ўладзімер Маляўка. — Розныя варыянты былі. Але ўсё ж 2020 год вельмі моцна адгукнуўся ўнутры нас. І мы падумалі, што жнівень 2020-га варты быць ня толькі падзеяй, але і брэндам, нечым яшчэ. Той жнівень быў для нас зьвязаны з пратэстамі, мы былі пратэставымі людзьмі. І тыя ідэі, якія ўзьніклі ў жніўні 2020-га, яны былі пратэставымі. Яны не былі пра васількі, зуброў і буслоў».

Замовіць дызайнерскія рэчы ад Znivien можна на іх сайце. Дасылаюць па ўсім сьвеце, акрамя Расеі і Беларусі

Варыянт Znivien спадабаўся абодвум заснавальнікам. Хлопцы дагэтуль перакананыя, што ён найлепш пасуе канцэпцыі іхнага брэнду і ідэям, якія яны хацелі б публікаваць і прасоўваць праз рэчы, якія прадаюць.

«Першым дызайнам, які ў нас захацелі замовіць людзі, быў чырвоны прастакутнік на белым фоне, — узгадвае Уладзімер. — Такая алюзія на бел-чырвона-белы сьцяг. Чырвоны прастакутнік на белай цішотцы, і ўсё. І яшчэ подпіс — „Чырвоны прастакутнік на белым фоне“. Як чорны квадрат Малевіча, толькі чырвоны прастакутнік».

Znivien гэта хутчэй мікрабізнэс, кажуць яго стваральнікі. Акрамя заснавальнікаў Уладзімера і Паўла, у яго зараз залучаны партнэр, якія мае адмысловае друкарскае абсталяваньне. Асобнага памяшканьня ці крамы брэнд ня мае, але яго прадукцыю можна купіць у беларускіх офлайн-крамах у розных краінах ЭЗ. Хлопцы прызнаюцца, што замовы ёсьць рэгулярна, але гэта ня тысячы ці мільёны кліентаў у месяц. Znivien — гэта дзейнасьць на мяжы культуры і бізнэсу.

«Грошы ёсьць, але гэта ня тыя грошы, каб не працаваць яшчэ дзесьці, — гаворыць Уладзімер Маляўка. — І я, і Павал маем яшчэ іншыя працы. А Znivien гэта наш сайд-праект».

1000 замоваў на год

Працуе Znivien у асноўным на замовы, рэчы робяць пасьля таго, як зьяўляецца кліент. Буйнейшыя партыі могуць надрукаваць пад нейкую падзею, кшталту фэстывалю зь беларускай тэматыкай. Працэс хуткі, праблемаў не ўзьнікае, усе альгарытмы наладжаныя і выпрацаваныя, кажуць хлопцы. Замаўляюць у Zniunia з усяго сьвету, акрамя Беларусі.

«Зь Беларусі ніхто ніколі нічога не замаўляў у нас, — прызнаецца Ўладзімер Маляўка. — Было шмат запытаў з Расеі. Як аплаціць, ці магчыма. Але ў Расею ня вельмі хочацца слаць. Хоць там ёсьць сапраўдныя беларусы. Тыя, хто змагаецца. Але не, у Расею мы ня шлем. У статыстыцы сайту мы бачым, што шмат заходаў і з Расеі, і зь Беларусі. Людзі нешта глядзяць, нават у кошык дадаюць. Ну гэта лягічна. Бо ў нас жа прынты такія, што ўсё зразумела — будуць праблемы. А пасьля нядаўніх падзеяў ня будзем нават і думаць пра тое, каб нешта слаць у Беларусь. На жаль. Мне вельмі б хацелася».

Цішотка з прынтом "Мой родны кут", прысьвечаная Менску

Самыя папулярныя замовы ў Znivien зараз — гэта дзьве цішоткі. Адна з слоганам Make Belarus Zaebis Again, другая з дызайнам «Мой родны кут», прысьвечаная Менску. Усе іншыя прапановы папулярныя, але прайграюць гэтым прынтам.

«Замовы бываюць адусюль, — узгадвае Ўладзімер. — Па ўсім сьвеце лётаюць. Адна была ў Японію, яшчэ адна ці то ў Аўстралію, ці то ў Новую Зэляндыю. Вялікія бываюць, нехта замаўляе дзесяць рэчаў адразу. Звычайная — каля дзьвюх рэчаў. Асноўны рынак — Польшча. Вельмі добра замаўляюць у ЗША, Нямеччыне і Літве. Гэта чатыры краіны, адкуль замаўляюць заўсёды. Далей ідуць Італія, Гішпанія, Партугалія».

Рост колькасьці замоваў працягваецца, кажуць заснавальнікі брэнду. Ён ужо не такі, як у 2023 ці 2024 гадах, зараз больш павольны. Znivien разьлічвае, што дойдзе да плято колькасьцю 1000 замоваў на год. Каб расьці далей, прыйдзецца маштабаваць бізнэс: новы сайт, наём дадатковых людзей на працу, павялічыць колькасьць дызайнаў, каб выйсьці на новую аўдыторыю.

Цішотка "Супрацьтанкавы х...й" таксама карыстаецца попытам

Робяць замовы і іншаземцы. Пераважна палякі, якія разумеюць і беларускі кантэкст. Але 90% пакупнікоў — беларусы замежжа.

«Людзі цікавяцца, — кажа Ўладзімер. — Пратэставымі рэчамі пра 2020 год цікавяцца, антываеннымі. У нас ёсьць папулярны прынт „Супрацьтанкавы х…й“. Калі ты ня ведаеш, то пабачыш толькі супрацьтанкавых вожыкаў. Людзі купляюць. Пратэставая тэма ў авангардзе, не ў андэрграўндзе».

Нядаўняя гісторыя з прызнаньнем Znivien «экстрэмісцкім» хлопцаў хутчэй зацікавіла, чым напалохала. «Чаму так позна? Напачатку трэба было рабіць. Як сьпяваў адзін гурт: „Дави фашизм в зародыше!“», — прыкладна такой была першая рэакцыя.

«У 2023 годзе наш інстаграм прызналі „экстрэмісцкімі матэрыяламі“, — расказвае Ўладзімер Маляўка. — Пасьля мой яшчэ адзін праект, мой TikTok. Я ім не займаўся, выдаліў. І вось у гэтым годзе ўсю нашую дзейнасьць прызналі „экстрэмісцкай“. Але гэта адзнака якасьці. Мы ж заўсёды былі ў нейкім пратэсьце. Нашая дзейнасьць выклікае нейкі страх у гэтага рэжыму. Гэта ж паказьнік таго, што мы робім усё правільна. Адзінае, што дрэнна, — людзі зь Беларусі ня могуць замовіць нашае. Але затое добрая рэкляма. Былі вельмі добрыя лічбы на сайце, былі замовы. Нас гэта не застопіць. „Экстрэмісцкае фармаваньне“? Дзякуй вялікі! Можна і цішотку з такім дызайнам зрабіць. Ёсьць ідэі».

Панк, хардкор, сучаснае мастацтва

Адкуль у хлопцаў столькі хуліганства? Ці можа беларускае спалучацца з лаянкай ці слоганамі на самай мяжы прыстойнасьці? Стваральнікі брэнду Znivien лічаць, што ня толькі можа, але і павінна.

«Панк, хардкор, сучаснае мастацтва, — кажа Ўладзімер. — Слоганы, якія крычаць. Гэта ўсё бэкграўнд нашай дзейнасьці, нашай маладосьці. Бывае час, калі трэба не маўчаць, а быць агрэсіўным. Правакатыўным. Каб людзі штосьці зразумелі. Беларускія народныя матывы не для нас? Ну, нават калі васількі, то хай тады растуць на магіле Лукашэнкі. Гэта трэба перарабляць. У нас ёсьць лінейка з арнамэнтамі, я ўпісаў туды фота Менску, якія сам рабіў. Бо для чалавека, які нарадзіўся ў постсавецкай краіне, нацыянальны сымбаль — гэта і васілёк, і панэлька. Гэта нармальна. Мы расьлі ў краіне, дзе былі і буслы, і постсаўковыя вуліцы. Гэта нашае ўсё роднае. Проста васілёк — гэта для мяне вельмі проста».

Самы папулярны слоган брэнду Znivien — Make Belarus Zaebis Again. Яго Ўладзімер Маляўка прыдумаў яшчэ ў 2021 годзе. Актыўнасьць пратэстаў зьнізілася, Уладзімеру гэта не падабалася, хацелася штосьці зрабіць дзёрзкае. І ён запосьціў сторыс у Instagram — на чырвоным фоне белымі літарамі напісаў Make Belarus Zaebis Again.

«Мне тады на гэтую сторыз адказаў Мікіта Мелказёраў, — узгадвае Уладзімер. — Уаў, крута, хачу такую цішотку. Тады гэта яшчэ ня быў прынт для Znivien. Хутчэй рэакцыя на тое, што адбываецца. Пасьля вырашыў зрабіць і цішотку. Што для мяне значыць гэтае Zaebis? Гэта самае цікавае пытаньне, якое нам задавалі. Адказ вельмі просты. Калі ты можаш спакойна паехаць да сваіх бацькоў — гэта Zaebis. Калі ня можаш, то гэта ня вельмі файна. Калі можаш пайсьці на Кастрычніцкую ў Менску кавы папіць — гэта таксама Zaebis. Гэта не абавязкова пра палітыку. У кожнага свой Zaebis. Для некага гэта часы ВКЛ, для кагосьці — Жнівень 2020 году. Адзінага адказу няма. Гэта прапанова дыялёгу, магчымасьць падумаць, што для нас значыць тое самае Zaebis».

Хлопцы кажуць, што, нягледзячы на хуліганскія выхадкі зь беларускай тэматыкай у дызайне, рэзка крытыкуюць іх прыкладна ў 1% ад агульнай колькасьці атрыманага фідбэку.

«Пішуць, што тут вось рускае слова, і мы, значыць, не беларусы, — кажа Ўладзімер. — Тут матнае слова, таму мы не беларусы. Заўсёды знойдзецца нехта, каму проста не падабаецца тое, што ты робіш. А што ты робіш насамрэч, няважна. Ну ок, у мяне няма мэты адказваць, тлумачыць штосьці. Мы шмат каму не падабаемся, і мы гэта разумеем. Ня можа падабацца ўсё. Камусьці падабаюцца васількі — ён купіць васількі. Камусьці гістарычныя рэчы — ён з датамі гістарычнымі купіць. А некаму гэта ўсё нецікава, ён Беларусь бачыць у іншых выявах».