Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 20 гадзін здымак. Сьпявачка Руся расказала пра ўдзел хору Spievy ў польскім конкурсе «Маю талент»

Руся
Руся

«Хацелася паказаць магічнасьць і містычнасьць нашай культуры, тужлівую ноту, якую мы, беларусы, вельмі любім». Свабода пагаварыла з кіраўніцай хору сьпявачкай Русяй Šuma пра ўдзел у конкурсе «Маю талент».

«Такую каляду я б у сябе прыняў», — зазначыў сябра журы польскага шоў «Маю талент» Марцін Прокап.

Адзінаццаць беларусак і ўкраінак у чорных строях, багата ўпрыгожаныя гарлячкамі, хустамі, карáлямі, выйшлі на сцэну папулярнага польскага шоў «Маю талент» з каляднай зоркай і маскай Казы.

«Ішла каляда, ко-оледа, зь ве-ечара, ко-оледа», — пачалі яны a cappella беларускі калядны сьпеў, пагойдваючыся ў бакі і чаруючы рукамі. Увялі слухачоў у транс і атрымалі чатыры «так» ад судзьдзяў. Некаторыя сябры журы слухалі іх з заплюшчанымі вачыма.

«Я закахалася ў тое, што пачула», — пачала адна з судзьдзяў.

«Найлепшым было тое, што калі вы перасталі сьпяваць, утварылася аглушальная цішыня», — адзначыў ейны калега.

«Вы мяне забралі кудысьці ў іншае вымярэньне», — дадаў трэці судзьдзя.

«Чатыры „так“ я і чакала. Я з спакойнай душой за дзяўчат проста ведала, што зараз мы выйдзем, сьпяем — і ўсе ўразяцца. Немагчыма гэтым не захапіцца», — камэнтуе ацэнку кіраўніца хору Spievy Руся Šuma (Марына Шукюрава) у размове з Свабодай.

«Нібы вакол цябе званы»

Песьню на гэты выступ абіралі доўга.

«Хацелася паказаць магічнасьць і містычнасьць нашай культуры, тужлівую ноту, якую мы, беларусы, вельмі любім», — тлумачыць Руся.

Спыніліся на сьпеве «Ішла каляда, коледа», які сьпяваюць каляднікі, ходзячы ад хаты да хаты. Руся зрабіла ў ім лёгкае аўтарскае аранжаваньне: перавяла з арыгінальнай мажорнай танальнасьці ў мінорную, дадала ніжнія галасы і паўзы, расказвае сьпявачка.

Песьня падзеленая на тры фрагмэнты. Першы вельмі ціхі, у другім нарастае дынаміка, паказваецца народная манера, трэці распадаецца на верхні, сярэдні і ніжні галасы — і ўключаецца канон, калі частка сьпевакоў паўтарае радкі з запазьненьнем.

«Нібы вакол цябе званы, і ты ў гэты гук адлятаеш. Яна гучыць крыху тэатральна. Гульня на музычных элемэнтах дазваляе спачатку паглыбіць чалавека ў транс, а потым у вялікую цішу і спакой. Гэта можна назіраць на тварах гледачоў і журы — як яны заплюшчваюць вочы, трансуюць», — камэнтуе Руся.

Беларускія каляднікі. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія каляднікі. Ілюстрацыйнае фота

Сьледам за Аляксеем, сваім калегам у праекце Šuma, яна называе такі эфэкт «дакрануцца да Бога».

«Здараюцца такія канцэрты, калі адбываецца нешта ўзьнёслае і агульнае паміж артыстамі і аўдыторыяй, звышынтымнае і сьвятое», — камэнтуе яна.

У традыцыйнай беларускай культуры не было прынята сьпяваць калядныя песьні ўвесну.

«Я лічу, можна сабе дазволіць парушыць правілы календара, — зазначае кіраўніца хору. — Асноўная мэта — прыцягнуць увагу, зрабіць ваў-эфэкт, каб чалавек зачапіўся: „Цікава, хто гэта?“»

Руся патлумачыла, што і яна сама, і гурт Spievy папулярызуюць беларускую культуру, каб чалавек атрымаў «укол у сэрца», зацікавіўся ёю і стаў шукаць далей. Асабліва такі «пераклад» на сучасную мову патрэбны для моладзі.

«Важна рабіць мосьцікі паміж сучаснай культурай і аўтэнтычнай яе вэрсіяй, каб праз сучаснае „адзеньне“ прывесьці яе ў зону ўвагі маладой аўдыторыі», — разважае яна.

Амаль 20 гадзін здымак

Праект «Маю талент» стаў першым конкурсам, у якім хор Spievy прымаў удзел.

«Гэта цікавы досьвед і выклік — і нэрвовай сыстэме, і крэатыўнасьці, і сяброўству. Шок-досьвед», — расказвае Руся.

Падрыхтоўка ішла некалькі месяцаў. Зь вялікай жаночай супольнасьці, у якой сьпявае Руся, сабралі дзяўчат у «актыўнай форме», якія маглі ўдзельнічаць у рэпэтыцыях.

Хор "Сьпевы"
Хор "Сьпевы"

Яны выйшлі ў пераважна чорным адзеньні: сукенках і нават спартовых нагавіцах. Свае строі дзяўчаты ўпрыгожылі ў этнічным стылі.

«Украінка Іва зрабіла хусткі з прынтамі зь беларускіх арнамэнтаў. Чырвоныя сеткі таксама рабілі нашыя дзяўчаты. Іх можна насіць і на галаве, і на плячах, і як хустку на пояс. Таксама Іва зрабіла шырокія стужкі на шыю з вышыўкай пацеркамі. Там былі або лягатып праекту, або беларускія сымбалі. Яна даведалася, што я зь вёскі Церахоўкі, і зрабіла мне добрускі арнамэнт», — расказвае Руся.

Іншых адборных тураў не было. Выступ, які ўбачылі гледачы ў тэлевізійнай праграме, быў першым у конкурсе.

«Трэба было прыехаць вельмі рана. Амаль дваццаць гадзін мы там мурыжыліся. Чатыры сталы на мэйк-ап. Некалькі фатазонаў. Заўсёды нейкія здымкі ідуць. Цябе запрашаюць зьняцца ў адной фатазоне на рылз, у другой — на пост, у трэцяй — на відэаінтэрвію, у чацьвёртай — на доўгае інтэрвію. Бегаеш колам, сьпіш на падлозе», — расказвае пра атмасфэру на здымках артыстка.

Руся з дачкой, архіўнае фота
Руся з дачкой, архіўнае фота

Руся была ў студыі разам з малой дачкой. Дзіця пад вечар моцна стамілася. Хор Spievy меўся выступаць апошнім. Аднак удзельніцы папрасілі памяняць праграму і выйсьці на сцэну раней. Ім пайшлі насустрач, хоць пры здымках такога праекту гэта патрабуе шмат высілкаў, тлумачыць сьпявачка.

Адмова пасьля чатырох «так»

Аднак празь нейкі час пасьля выступу гурт Spievy атрымаў ад арганізатараў паведамленьне, што яны не прайшлі ў фінал. Руся мяркуе: прычына ў тым, што падрыхтаваць нумар з такім вялікім калектывам было б надта складана і дорага. Яна дадае, што некаторыя ўдзельніцы моцна засмуціліся праз адмову. Але яна сама — не.

«У нас у хоры дзьве маці: адна — жанчына з пяцьцю працамі, яшчэ адна — то бывае ў горадзе, то не. Сабраць такую каманду і цьвічыць іх на наступны этап — малаімаверна. Усе мусяць мець чысты расклад, штодня езьдзіць на трэнаваньні. Там ставяць танцы, шыюць строі, здымаюць рылзы. Гэта такая моташная праца, якая застаецца па-за кадрам, што я нават рада, што нас не ўзялі далей», — усьміхаецца суразмоўца.

У выніку гэтага выступу на конкурсе «Маю талент» да Русі на сьпевы пачалі запісвацца новыя людзі. У іхнага праекту зьявілася шмат новых падпісьнікаў, пра іх шырока даведалася польская аўдыторыя.

«Каб пабыць сабой»

У хоры Spievy трынаццаць жанчын. Ён пачаўся з ідэі мастачкі Караліны Паляковай зьбірацца разам і сьпяваць. У гурце — жанчыны з сфэраў мэдыцыны, адукацыі, мастацтва, IT, мэнэджмэнту, ва ўзросьце ад 25 да 46 гадоў. Руся кажа, што атрымлівае шмат камплімэнтаў пра тое, як чыста сьпявае хор, хоць сярод выступоўцаў былі толькі дзьве прафэсійныя сьпявачкі.

Усяго ўдзельніц сьпеўных групаў, зь якімі займалася Руся, больш за сто, кажа яна. Яна цяпер набірае жаночыя групы, каб вучыць купальскія сьпевы. Пазьней удзельніцы змогуць засьпяваць на фэстывалі Varušniak на Купальле ў Варшаве.

Хор "Сьпевы"
Хор "Сьпевы"

Мужчын у свае сьпеўныя групы Руся не бярэ. Па-першае, таму што доўга трэба было б шукаць супадзеньня жаночых і мужчынскіх галасоў. Па-другое, бо ў зьмяшанай групе ўключаюцца іншыя працэсы: канкурэнцыя, флірт, страх ацэнкі — і гэта замінае сьпеву.

«Калі ёсьць псыха-эмацыйная напруга, голас ня будзе адкрыта гучаць. Гэта псуе ўсё вакальнае цела хору. Калі ўсе разьняволеныя, у факусаваным кантакце, тады і гук іншы, гэта вялікая моц», — тлумачыць суразмоўца.

Паводле яе, дзяўчаты прыходзяць да яе на сьпевы, «каб разьняволіцца, зьняць маску моцнай жанчыны, якая на ўсіх франтах дае рады, каб пабыць маленькай, паплакаць, пабыць сабой, каб скінуць цяжар эмоцыяў».

Праект Русі Šuma часам запрашае хор Spievy выступаць разам. Найбліжэйшы такі выступ — Šuma invitesадбудзецца ў Варшаве 19 красавіка.

«Гэта такія спакойныя вечарыны, дзе людзі ляжаць на фатэлях-мяшках, спэцыяльных подыюмах, лежачы слухаюць вінілавых дыджэяў або жывую музыку. 19 красавіка Šuma будзе працаваць са „Сьпевамі“. Так што мы зьбяромся, заваражым. Такі мяккі, містычны, спакойны выступ», — кажа суразмоўца.

Руся
Руся

Руся займаецца гукавой і вакальнай тэрапіяй і вывучае з гледзішча навукі, мэдыцыны, як сьпеў уплывае на працу цела, мозгу, клетак, псыхікі, якія падсьвядомыя працэсы ўключаюцца.

«Гэта музыка, каб закрыцца, зазірнуць унутр сябе і ўбачыць, як там багата і беларускага таксама. Мы ўсе зьвязаныя культурнай генэтычнай памяцьцю. Усе мы дзеці аднолькавай культуры, калі казаць пра беларускую або агульнаславянскую. Мы ўключаемся падсьвядомасьцю, калі чуем этнічную музыку, няважна якога народу. Мы нібыта падключаемся да агульнага перажываньня, што ўсё паўтараецца наноў. Колькі б ні праходзіла стагодзьдзяў, людзі пачуваюцца добра, бясьпечна, цёпла, калі яны сядзяць разам колам вакол вогнішча», — разважае Руся.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG