Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускае фэнтэзі, якога нам не хапала». Irdorath выпусьцілі новы беларускамоўны альбом з кнігай

Лідэры гурту Irdorath Надзея і Ўладзімер Калачы, архіўнае фота
Лідэры гурту Irdorath Надзея і Ўладзімер Калачы, архіўнае фота

«Ён быў задуманы яшчэ ў 2019 годзе, калі да нас прыйшло ўсьведамленьне таго, што мы — беларусы, што мы хочам дэманстраваць нашу культуру ў Эўропе, дзе мы пастаянна гастралявалі», — расказвала парталу «Будзьма беларусамі» ўдзельніца гурту Надзея Калач.

У 2021 годзе лідэраў гурту Ўладзімера і Надзею Калачоў пакаралі двума гадамі калёніі за ўдзел у пратэстах, яшчэ тры музыкі атрымалі па паўтара году.

«Мы трапілі ў турму, можна сказаць, у самым разгары працы над гэтым альбомам», — казала Надзея Калач «Будзьме».

На прымусовых працах у калёніі яна пісала тэксты для новага альбому на фабрычнай паперы з-пад выкраек.

«Запісвала, выразала, каб гэта выглядала як крафтавая папера, таемна выносіла з фабрыкі і ўкладвала ў лісты Ўладзімеру», — згадвала Надзея Калач.

«І ў цэнтры гэтага апакаліпсісу мы выратавалі адно аднаго. „Bestiarium“ выратаваў нас абаіх, выратаваў нашу мэнтальнасьць і даў нам мэту».

Музыказнаўца Аляксандар Чарнуха назваў альбом «беларускім фэнтэзі, якога нам не хапала».

«Для Irdorath гэты альбом — новая прыступка і ў пляне гучаньня, і ў пляне зьмястоўнасьці. Цудоўна пабудаваны канцэптуальна (разам з альбомам выйшаў яшчэ і арт-бук, у якім распавядаецца пра кожнага з пэрсанажаў і тлумачыцца лёгіка ягоных учынкаў), густоўна заранжаваны і выкананы (і Ўладзімер, і Надзея вырасьлі як вакалісты) і вельмі разнастайны», — напісаў Аляксандар Чарнуха ў тэлеграм-канале «Беларуская музыка».

Паслухаць альбом можна на ўсіх асноўных стрымінгавых пляцоўках.

Irdorath — папулярны ў Беларусі і за яе межамі фэнтэзі-фольк-гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне.

З новым альбомам гурт адпраўляецца ў эўрапейскі тур. Гледачы ж зь Беларусі маюць шанец паглядзець ягоны выступ у жывым эфіры 23 красавіка на канале «Сепультура Alive».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG