Украінскія сілы атакавалі пампавальную станцыю ў Яраслаўлі, празь якую нафту транспартуюць у Беларусь

Пажар на НПЗ у Туапсэ пасьля пацэльваньня ўкраінскіх дронаў, 16 красавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Губэрнатар Яраслаўскай вобласьці Расеі Міхаіл Яўраеў заявіў аб моцнай атацы дронаў на рэгіён, адзін зь іх пацэліў у прамысловы аб’ект.

«Большасьць бесьпілётнікаў зьбілі, але адбылося пацэльваньне ў прамысловы аб’ект. Загараньне ліквідуюць спэцыяльныя службы. Пацярпелых няма», — паведаміў Міхаіл Яўраеў.

Паводле яго, праз атаку дронаў спынялі рух на выезьдзе зь Яраслаўлю ў бок Масквы, але раніцай яго ўжо аднавілі.

Украінскі маніторынгавы Telegram-канал Supernova+ паведаміў, што цэльлю ўдару была нафтапампавальная станцыя «Ярославль-3» і нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ). Украінская служба Радыё Свабода нагадала, што Яраслаўскі НПЗ апошні раз атакавалі 13 траўня.

Украінскія вайскоўцы пакуль не камэнтавалі гэтую інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бесьпілётнікі ўдарылі па Маскве і Падмаскоўі, ёсьць загінулыя

Чаму гэта важна

Нафтапампавальную станцыю «Ярославль-3» пабудавалі 44 гады таму. Яе стваралі як частку трубаправоду Сургут — Полацак, якім сыбірскую нафту транспартавалі ў Беларусь і далей на экспарт, у тым ліку ў Літву і Польшчу.

Станцыя і цяпер застаецца важным зьвяном нафтатранспартнай сыстэмы Расеі, а таксама выкарыстоўваецца для транспартаваньня нафты ў Полацак, дзе яна разьмяркоўваецца на беларускія НПЗ.

На тэрыторыі Беларусі гэты ўчастак абслугоўвае ААТ «Полацктранснафта Дружба».

Украіна сыстэматычна атакуе нафтавыя аб’екты ў Расеі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне паказалі, як павялічвалася далёкасьць удараў па тэрыторыі Расеі