Улады паведамілі аб траіх загінулых і больш за 10 параненых, пажары пасьля трапленьня бесьпілётнікаў або падзеньня абломкаў узьніклі ў некалькіх месцах, у тым ліку на тэрыторыі міжнароднага аэрапорта Шарамецьцева.
Кадры нападу публікуюць украінскія маніторынгавыя каналы, а таксама канал ASTRA.
У Зеленаградзе (частка Масквы) пад удар трапіў тэхнапарк «Элма», вынікае з аналізу ASTRA.
Пажар узьнік на тэрыторыі аэрапорта Шарамецьцева — там паведамілі аб падзеньні абломкаў удалечыні ад будынка тэрмінала.
У прэс-службе аэрапорта заявілі, што ён «забясьпечвае абслугоўваньне пасажыраў і паветраных суднаў у стабільным рэжыме». Аднак, як вынікае з дадзеных анлайн-табло, звыш 100 рэйсаў, якія павінны былі прыбыць у Шарамецьцева, адмененыя ці перанесеныя, і яшчэ каля сотні рэйсаў, якія вылятаюць з аэрапорта, таксама затрымоўваюцца ці адмененыя. Пра гэта паведамляе РБК. У аэрапорце Унукава адмянілі або перанесьлі каля 100 рэйсаў.
Адразу ў некалькіх раёнах Падмаскоўя паведамілі аб тым, што бесьпілётнікі пашкодзілі шматпавярховыя жылыя дамы. Гэта адбылося ў прыватнасьці ў Хімках, Істры, Краснагорску і самой Маскве на вуліцы Міхайлава.
У Маскве, акрамя Зеленаграда, быў атакаваны НПЗ у Капотне, па дадзеных мэра Сяргея Сабяніна, пацярпелі 12 чалавек. Выбухі былі чуваць і ў цэнтры Масквы.
Таксама была атакавана Сонечнагорская нафтаналіўная станцыя ў Падмаскоўі.
Па дадзеных Мінабароны Расеі, за ноч былі зьбітыя 556 украінскіх бесьпілётнікаў, у тым ліку каля 120 над маскоўскім рэгіёнам. Колькі зьбіта не было, не паведамляецца.
Украінскія вайсковыя ўдары пакуль не камэнтавалі. Раней прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Украіна абавязкова адкажа на расейскі масіраваны ўдар 13-14 траўня, у выніку якога ў прыватнасьці ў Кіеве загінулі больш за 20 чалавек.
Форум