Улады Беларусі заявілі, што спынілі падзеньне ВУП, але прырост мінімальны

Беларускія самазвалы БелАЗ, архіўнае фота

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені — сакавіку 2026 года зьнізіўся на 0,4%. А па выніках 4 месяцаў улады паведамілі пра невялікі прырост ВУП — на 0,2 працэнта ў параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году.

Як паведаміў Белстат, за студзень-красавік 2026 году валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі вырас на 0,2% да студзеня-красавіка 2025 года.

Пры гэтым па выніках першага кварталу падзеньне ВУП Беларусі складала 0,4%. Прырост адбыўся найперш за кошт прыросту ў сельскай гаспадарцы на 2,9%, раздробнага таваразвароту на 6,2% і запавольваньня падзеньня ў апрацоўчай прамысловасьці.

Паводле афіцыйнай статыстыкі падзеньне ў апрацоўчай прамысловасьці запаволілася, а запасы гатовай прадукцыі на складах скараціліся. Калі за першыя тры месяцы году падзеньне ў апрацоўчай прамысловасьці складала 5,7%, то за 4 месяцы — 4,6%. Па выніках красавіка скараціліся запасы гатовай прадукцыі на складах. Месяц таму яны складалі 11,86 мільярда рублёў, ці 85,1% месячнага аб’ёму вытворчасьці, а па стане на 1 траўня — 11,75 мільярда рублёў, ці 83,5% месячнага аб’ёму вытворчасьці. Але гэта ўсё роўна гэта значна вышэй за прымальны паказьнік, прыняты ўрадам — 60 працэнтаў.

Згодна з зацьверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі эканамічнымі прагнознымі парамэтрамі на 2026 год, ВУП Беларусі мае павялічыцца на 2,8%. Галоўнымі крыніцамі такога росту міністар эканомікі Юры Чабатар называў інвэстыцыі, разьвіцьцё турызму, асваеньне новых рынкаў.

Аналітыкі МВФ чакаюць сёлета прыросту ВУП Беларусі на 1,2%.

Чаму гэта важна

У беларускай эканоміцы працягваюцца праблемы, у тым ліку падзеньне вытворчасьці ў апрацоўчай прамысловасьці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці, падзеньне прадукцыйнасьці працы, інвэстыцый і аптовага таваразвароту.

Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучым скарачэньне працоўных месцаў, зьніжэньне даходаў, банкруцтвы, найперш малога і сярэдняга бізнэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Белстат заявіў аб росьце грашовых даходаў насельніцтва. Што гэта значыць

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі насьпявае крызіс неплацяжоў, Белстат зафіксаваў імклівы рост запазычанасьці

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Горадзенская абутковая фабрыка «Нёман» апынулася на парозе банкруцтва