Як паведаміў Белстат, у першым квартале 2026 году пагоршыўся стан разьлікаў зь беларускімі прадпрыемствамі.
На 1 красавіка 2026 году пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць у беларускай эканоміцы склала 12 мільярдаў рублёў і павялічылася з пачатку году на 8,1%. Летась у красавіку гэты паказчык складаў 10,4 мільярда рублёў.
Пры гэтым пратэрмінаваная зьнешняя дэбіторская запазычанасьць на 1 красавіка 2026 году склала 2,5 мільярда рублёў і павялічылася з пачатку году на 8,5%.
Дэбіторская запазычанасьць — гэта грошы, якія пакупнікі прадукцыі агулам павінны прадпрыемству за тавары ці паслугі, а пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць — калі яны ў вызначаны час не паступілі на рахунак прадпрыемства.
Чаму гэта важна
Прырост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці на 8% — гэта нэгатыўны трэнд, які патрабуе неадкладных дзеяньняў, бо праз недахоп сродкаў у прадпрыемстваў пачынаюцца праблемы — яны ня могуць разьлічыцца з супрацоўнікамі і контрагентамі, у іх зьніжаецца прыбытак і рэнтабельнасьць, ланцужок праблем у выніку закранае ўсю эканоміку і стварае так званы «крызіс неплацяжоў».
Запазычанасьць прадпрыемстваў ужо паўплывала на вынікі іх працы, у тым ліку рэнтабельнасьць. Як паведамляў Белстат, рэнтабельнасьць продажаў у беларускай эканоміцы ў красавіку 2026 году склала 6,1%. Па выніках 2025 году рэнтабельнасць продажаў у беларускай эканоміцы складала 6,4%. То бок вынік красавіка — мінус 0,3 працэнтнага пункта ў параўнаньні зь мінулым годам.
Эканамічныя праблемы ў Беларусі
Як паведамляў Белстат па выніках працы эканомікі ў студзені-лютым 2026 года, прадукцыйнасць працы ў адносінах да ВУП зьнізілася ў параўнаньні са студзенем-лютым 2025 года на 1,4%. У мінулым годзе за такі ж пэрыяд яна вырасла на 4%.
Расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў. У мінулым годзе ў студзені іх было 2146, а ў студзені 2026 году — 2733.
Доля стратных арганізацый у эканоміцы Беларусі вырасла з з 25 да 31,9%.
Аб’ём прадукцыі апрацоўчай прамысловасьці ў 2025 годзе зьнізіўся на 2,5% у параўнаньні з 2024 годам, а ў студзені 2026 году — на 7,5% у параўнаньні з студзенем мінулага году.
Форум