Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенская абутковая фабрыка «Нёман» апынулася на парозе банкруцтва

Абутак фабрыкі «Нёман»
Абутак фабрыкі «Нёман»

Прадпрыемства завінавацілася крэдыторам 5,3 мільёна рублёў, большая частка гэтага доўга — запазычанасьці за камунальныя паслугі і працэнты па крэдытах.

Эканамічны суд Горадзенскай вобласьці прыняў заяву ад абутковай фабрыкі ААТ «Нёман» аб «неплацежаздольнасьці і ўвядзеньні ахоўнага пэрыяду».

Судовае паседжаньне адбудзецца 1 чэрвеня, паведамляе сайт эканамічнага суду.

Гэта не азначае, што фабрыка «Нёман» абавязкова будзе аб’яўленая банкрутам. Сама фабрыка просіць аб іншым — яна падрыхтавала пры падтрымцы канцэрну Беллегпрам і Горадзенскага гарвыканкама плян санацыі прадпрыемства.

Горадзенская фабрыка «Нёман» выпускае мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак з натуральнай скуры, загатоўкі верху абутку для іншых прадпрыемстваў.

Колькасьць пэрсаналу тут складае 188 чалавек, агульная вытворчая магутнасьць — 354 тысячы пар абутку ў год. Вытворчыя лініі прадпрыемства абсталяваны ў асноўным абсталяваньнем расейскага вытворчасьці, фірмаў Чэхіі, Нямеччыны, Італіі, — напісана ў пляне.

Праблемай для прадпрыемства стаў разрыў гаспадарчых сувязяў з прадпрыемствам «Белвест» у 2025 годзе, зь якім «Нёман» супрацоўнічаў на давальніцкіх умовах, але продаж абутку абваліўся, пачалі расьці страты, запазычанасьць, асабліва за камунальныя паслугі, абвалілася і рэнтабэльнасьць.

У выпадку ўвядзеньне працэдуры санацыі, прадпрыемства абавязуецца накіроўваць чысты прыбытак на разьлікі з крэдыторамі.

Санацыяй называюцца захады, якія абавязуецца правесьці прадпрыемства, каб пазьбегнуць банкруцтва. У пляне мэнэджмэнту «Нёмана» — зьніжэньне затрат, абнаўленьне асартымэнту, пошук новых рынкаў і шляхоў да пакупніка.

«Белвест» ужо трапіў пад санацыю

У студзені 2026 году Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прызнаў абутковую фабрыку «Белвест» эканамічна неплатаздольным і вызначыў 36 месяцаў на санацыю — забесьпячэньне яго эфэктыўнай гаспадарчай дзейнасьці, аднаўленьне платаздольнасьці і ажыцьцяўленьне разьлікаў з крэдыторамі.

Летась у ліпені Віцебскі аблвыканкам увёў вонкавае кіраваньне «Белвестам». Крыху пазьней яго ж увялі ў дыстрыбутарскай структуры «Белвест рытэйл Масква». Апошняя разьвівае раздробны гандаль у Расеі, на яго прыпадае 75% усіх продажаў аб’яднаньня.

Эканамічныя праблемы ў Беларусі нарастаюць

Як паведамляў Белстат па выніках працы эканомікі ў студзені-лютым 2026 года, прадукцыйнасць працы ў адносінах да ВУП зьнізілася ў параўнаньні са студзенем-лютым 2025 года на 1,4%. У мінулым годзе за такі ж пэрыяд яна вырасла на 4%.

Расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў. У мінулым годзе ў студзені іх было 2146, а ў студзені 2026 году — 2733.

Доля стратных арганізацый у эканоміцы Беларусі вырасла з з 25 да 31,9%.

Як паведаміў Белстат у аглядзе «Сацыяльна-эканамічны стан Рэспублікі Беларусь у студзені 2026 году», сытуацыя ў эканоміцы, асабліва ў апрацоўчай прамысловасьці, імкліва пагаршаецца. Аб’ём прадукцыі апрацоўчай прамысловасьці ў 2025 годзе зьнізіўся на 2,5% у параўнаньні з 2024 годам, а ў студзені 2026 году — на 7,5% у параўнаньні з студзенем мінулага году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG