Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эканоміцы Беларусі зафіксавалі спад рэнтабэльнасьці і рост запазычанасьці

Менскі завод МАЗ, архіўнае фота
Менскі завод МАЗ, архіўнае фота

З падзеньнем аб’ёмаў прамысловай вытворчасьці ў Беларусі прадказальна пачаўся спад рэнтабэльнасьці.

Як паведамляе Белстат, «за студзень 2026 году рэнтабэльнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работаў, паслугаў склала 7,7%, рэнтабэльнасьць продажаў — 6,4%».

Для прыкладу, за лістапад 2025 году рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работаў, паслугаў складала 9,1%, а рэнтабэльнасьць продажаў — 7,4%.

У Беларусі за 2025 год рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі, работаў, паслугаў склала 8,3 працэнту, рэнтабэльнасць продажаў — 6,8 працэнту. Такія зьвесткі прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт.

Апрача таго паступова растуць пратэрмінаваная крэдыторская і дэбіторская запазычанасьць.

Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць на 1 лютага 2026 году склала 11,9 млрд. рублёў, ці 11,8% ад агульнага аб’ёму дэбіторскай запазычанасьці. У канцы 2025 году пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць складала 11,4 мільярда рублёў, ці 11,3% усёй дэбіторскай запазычанасьці.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць на 1 лютага 2026 году склала 13,4 млрд. рублёў, ці 11,5% ад агульнага абʼёму крэдыторскай запазычанасьці. На канец 2025 году пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць складала 12,3 мільярда рублёў, ці 10,3% усёй крэдыторскай запазычанасьці.

Як вынікае з паведамленьня Белстату аб выніках лютага 2026 году, пачаўся спад індэксу прамысловай вытворчасьці — ён упаў у параўнаньні з студзенем–лютым 2025 году на 3,3%, бо апрацоўчая вытворчасьць заняпала на 7% у параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам.

Год таму, у лютым 2025 году, у прамысловасьці агулам назіраўся рост на 2%, а ў апрацоўчай — на 2,6%. На той момант прадукцыя апрацоўчай прамысловасьці складала 87% аб’ёму прадукцыі ўсёй прамысловасьці Беларусі. Сёлета доля апрацоўчай прамысловасьці зьнізілася да 85,2%.

Як паведамляе Белстат, істотна ўпаў і гуртовы таваразварот. У студзені–лютым 2026 году ён упаў на 7% у параўнаньні з студзенем–лютым 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG