Другія выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца ў найбліжэйшы панядзелак і працягнуцца тыдзень — з 11 па 17 траўня. Так запісана ў палажэньні аб выбарах, за якія галасавала сама Каардынацыйная рада. Навошта цэлы тыдзень?
«Гэта зьвязана з жаданьнем даць людзям больш часу і больш магчымасьцяў для таго, каб яны прынялі ўдзел у галасаваньні, — кажа ў размове з Свабодай сьпікер КР Арцём Брухан. — Мы вельмі добра ведаем, што з боку рэжыму будзе шмат атак, жаданьня „заDDOSіць“ сайт, дзе будзе адбывацца галасаваньне. Альбо чалавек дзесьці на працы ці яшчэ нешта — каб у яго было больш часу нават даведацца пра гэтыя выбары цягам тыдня. Гэта зьвязана са спробай падвысіць колькасьць удзельнікаў галасаваньня».
Бясьпека
Як выглядае галасаваньне? Сьпікер Каардынацыйнай рады кажа, што спачатку неабходна абраць пляцоўку, на якой вам зручней галасаваць. Зрабіць гэта можна праз мабільную аплікацыю ў тэлефоне або на інтэрнэт-сайце «Тры сланы».
«Заходзіце на адну з гэтых плятформаў і вэрыфікуеце сябе, — працягвае Арцём Брухан. — Альбо праз так званы „сіні“, звычайны беларускі пашпарт. Альбо праз так званы „чырвоны“ — „пашпарт Новай Беларусі“. Калі першы зь іх пратэрмінаваны, то гэта ня будзе праблемай, сыстэма галасаваньня прызнае і яго. Трэба прасканаваць старонку з фота. А пасьля ідэнтыфікаваць свой твар камэрай прылады, з дапамогаю якой вы галасуеце. Калі галасуеце з „чырвоным“ пашпартам, то там прасьцей. Сыстэма сама вас перанакіруе на акаўнт у Беларускім пашпартным цэнтры, дзе трэба пацьвердзіць перадачу сваіх асабістых дадзеных».
Арцём Брухан
Пасьля завяршэньня праверкі мабільная аплікацыя або сайт пераключыць вас непасрэдна на старонку галасаваньня са сьпісамі кандыдатаў і блёкаў. Можна выбраць і галасаваць. Але куды ідуць вашыя пашпартныя дадзеныя і фота, якія вы грузілі ў сыстэму для вэрыфікацыі, ці можа нехта іх бачыць?
«Усе гэтыя дадзеныя паступаюць у кампанію Sumsub, — кажа распрацоўнік сыстэмы галасаваньня Павал Лібер. — Яны абвешаныя самымі разнастайнымі сэртыфікатамі даверу. Туды ня маем доступу ні мы, распрацоўнікі сыстэмы галасаваньня, ні выбарчая камісія. Ніхто ня можа пайсьці туды і паглядзець гэтыя фота. Ці могуць яны самі некаму перадаць дадзеныя? Я сумняюся. Яны выкарыстоўваюць шыфраваньне ўжо ў сябе. Яны працуюць з дастаткова буйнымі кампаніямі. Для іх гісторыя любога выцеку будзе сьмяротнай. Мы выбралі самую вялікую, вядомую кампанію. Каб на іх немагчыма было націснуць».
Sumsub — міжнародная тэхналягічная кампанія, якая займаецца вэрыфікацыяй карыстальнікаў. Яна дапамагае праверыць, што кліент рэальна існуе і гэта жывы чалавек. Зараз Sumsub базуецца ў Лёндане, справы вядзе па ўсім сьвеце. Адсочвае ў тым ліку адмываньне грошай і магчымае супрацоўніцтва з кампаніямі з санкцыйных сьпісаў. Сярод кліентаў Sumsub — фінтэх-кампанія Revolut, якая карыстаецца прыкладна той жа паслугай, што і Каардынацыйная рада — праверкай рэальнасьці чалавека, які хоча завесьці банкаўскі рахунак.
Ці спрабуюць узломваць сыстэму галасаваньня або сайт «Тры сланы»? Павал Лібер кажа, што зараз заўважае атакі на інфармацыйную частку сайту.
«Увесь красавік мы пад дастаткова моцнымі атакамі, — гаворыць Лібер. — Мы як выклалі 1 красавіка туды інфармацыю, так з 3 красавіка мы пад дастаткова моцнымі атакамі. „Досяць“ нас. Правайдэр усё гэта гасіць, але рэсурсы на атакі трацяцца яўна значна большыя, чым гэта было два гады таму».
Ці можна прагаласаваць двойчы, з дапамогай «сіняга» і «чырвонага» пашпартоў? Падчас мінулай кампаніі галасавалі толькі «сінім» пашпартам, «чырвонага яшчэ не існавала». Арцём Брухан запэўнівае, што падвойнае галасаваньне немагчымае — праз тое, што ў гэтых двух дакумэнтаў ёсьць адна агульная рыса.
«У іх аднолькавы ідэнтыфікацыйны нумар асобы, — гаворыць Арцём. — Ён той жа самы ў абодвух дакумэнтах. Калі вы аднойчы ўжо прагаласавалі, то ўсё. Другі раз нельга».
Павал Лібер
Наколькі гэта ўсё бясьпечна ў пляне магчымага перасьледу з боку сілавікоў? Ці можна без наступстваў для сябе галасаваць, жывучы ў Беларусі? Сьпікер Каардынацыйнай рады кажа, што можна не турбавацца. Але калі вы абралі галасаваньне праз сайт і жывяце ў Беларусі, то трэба скарыстацца VPN.
Арцём Брухан і Павал Лібер гавораць, што пасьля мінулых выбараў не было ніводнага факту выцеку дадзеных і перасьледу чалавека за тое, што ён галасаваў на выбарах у Каардынацыйную раду. Выцекі проста тэхнічна немагчымыя, дадаюць яны. Уся інфармацыя аб тых, хто прагаласаваў, зьнішчаецца адразу, як толькі само галасаваньне скончылася.
Фальсыфікацыі
Павал Лібер у размове з Свабодай падкрэсьлівае, што ўся сыстэма сканструявана такім чынам, каб чальцы камісіі маглі паўнавартасна прасачыць, хто і калі меў да яе доступ. Пры гэтым адзін чалавек самастойна зайсьці ў сыстэму галасаваньня ня можа фізычна. Для гэтага некалькім сябрам выбарчай камісіі і распрацоўнікам трэба «ўступіць у змову».
З словаў абодвух суразмоўцаў, галасы лічацца аўтаматычна. Выбарчая камісія таксама існуе, яна кантралюе працэс і падводзіць вынікі, а таксама агучвае іх. Старшыня камісіі сёлета Алена Прыходзька, як і мінулым разам. Таксама туды ўваходзяць Яраслаў Бекіш, Алена Жываглод, Пётра Маркелаў і Зьміцер Фурманаў. Ніхто зь іх ня бачыць, хто як прагаласаваў, таемнасьць галасаваньня забясьпечаная.
«Сфальсыфікаваць вынікі выбараў так, каб гэта не было заўважна, не магу нават я, — гаворыць Павал Лібер. — Код сыстэмы даступны выбарчай камісіі. Пасьля выбараў можна праверыць, ці заходзіў туды нехта, ці ўмешваўся. У гэтым і ёсьць сэнс, каб усё было як мага больш празрыста».
Вынікі выбараў у Каардынацыйную раду абвесьцяць 18 траўня, неўзабаве пасьля завяршэньня галасаваньня, на адмысловай прэс-канфэрэнцыі. Сытуацыі, калі прагаласуе замала людзей, быць ня можа. Ніжняга парогу на выбарах у КР проста не існуе. У мінулай кампаніі прагаласавалі 6723 чалавекі. Зараз арганізатары спадзяюцца, што яўка будзе хаця б такой жа.