«Ва ўмовах „палітычнай зімы“, што працягваецца ў Беларусі, Блёк лічыць важным фарміраваньне і разьвіцьцё ўстойлівых нацыянальных дэмакратычных структур за мяжой і выказвае падтрымку самому інстытуту Каардынацыйнай рады», — адзначаецца ў заяве блёку.
У той жа час, Блёк паведаміў, што з улікам свайго ранейшага досьведу ня бачыць магчымасьці рэалізацыі ўласных доўгатэрміновых мэтаў, а таксама мэтаў арганізацый, якія ён прадстаўляе, праз удзел у Каардынацыйнай радзе.
«У сувязі з гэтым ухвалілі калектыўнае рашэньне аб няўдзеле Блёку ў выбарах. Зычым удзельнікам пасьпяховай выбарчай кампаніі і эфэктыўнай працы», — адзначаецца ў заяве.
Як адрэагавалі ў Каардынацыйнай радзе
Сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, камэнтуючы для «Эўрарадыё» сытуацыю ў выбарамі, сказаў, што за прапановамі перанесьці выбары і адмовамі ад удзелу прыхоўваецца «нежаданьне ўдзельнічаць у канкурэнтных выбарах».
Паводле яго, афіцыйных запытаў да Каардынацыйнай рады ад Віктара Бабарыкі і партыі «Разам» аб пераносе выбараў не было, а з Уладзімірам Мацкевічам адбылася невялікая размова на гэтую тэму.
«Ён (Уладзімір Мацкевіч) казаў, што было б добра перанесьці выбары, але далей за гэтую размову гэта ўсё нікуды не пайшло», — сказаў сьпікер Каардынацыйнай рады.
Арцём Брухан адзначыў, што «Блёк Пракоп’ева — Ягорава» актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы палажэньня аб выбарах. Тады яны маглі прапаноўваць зьмены, у тым ліку тыя, якія цяпер агучвае Мацкевіч, але ў выніку падтрымалі дзейнае палажэньне.
«Гэта ўсё выглядае ці то як нейкі сабатаж, ці як апраўданьне свайго нежаданьня браць удзел у сапраўдных рэальных канкурэнтных выбарах у Каардынацыйную рады, бо гэта прадэманструе нерэлевантнасьць некаторых палітычных групаў для выбарнікаў. Я ўпэўнены, што тыя партыі, тыя сьпісы і арганізацыі, якія ідуць на гэтыя выбары, яны ідуць працаваць са сваімі выбарнікамі, займацца сапраўднай палітычнай працай, а не шукаць гэтыя апраўданьні, чаму яны зараз не ідуць, чаму ім не падабаецца рэглямэнт. Можна пайсьці на выбары, узяць большасьць і зьмяніць рэглямэнт. Ніякай праблемы няма. Было б жаданьне, а спосаб знойдзецца», — сказаў Арцём Брухан.
Раней стала вядома, што арганізацыйны камітэт партыі «Разам», якую стварае Віктар Бабарыка, адмовілася ад удзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду.
Выбары ў Каардынацыйную раду плянуюць правесьці 11–17 траўня. На мінулых выбарах у 2024 годзе ў іх узялі ўдзел 6723 чалавекі, або 0,097% патэнцыйна магчымых выбарнікаў. Арганізатары тлумачылі гэта палітычнымі рэпрэсіямі, пагрозамі крымінальнай адказнасьцю за «экстрэмізм» і хакерскімі атакі ўладамі Беларусі, а таксама стомленасьцю беларусаў і звычайным нежаданьнем удзельнічаць у выбарах.
Выбары ў 3-е скліканьне Каардынацыйнай рады праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
Дэталёвае палажэньне аб новых выбарах маюць апублікаваць, калі ўнясуць у яго зьмены. Каардынацыйная рада падкрэсьлівае, што імкнецца да адкрытага і празрыстага выбарчага працэсу і будзе інфармаваць пра хаду выбарчай кампаніі.
Пакуль свой удзел у выбарах пацьвердзілі шэсьць блёкаў:
- «Эўрапейскі выбар» — 17 чалавек, лідэр Валер Мацкевіч;
- «Закон і правапарадак» — 12 чалавек, лідэр Сяргей Макар;
- «Кааліцыя Латушка і Рух „За Свабоду“» — 38 чалавек, лідэры Павел Латушка і Юрась Губарэвіч;
- Блёк беларускіх палітычных зьняволеных «Беларус дзеяньня» — 12 чалавек, лідэр Юрый Зянковіч;
- «Хопіць баяцца!» — 13 чалавек, лідэр Тацяна Мартынава;
- Аб’яднаная грамадзянская плятформа — 22 чалавекі, лідэр Мікалай Казлоў.
Форум