Зарэгістравалі дзевяць выбарчых блёкаў у Каардынацыйную раду. Хто ў сьпісах

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Выбарчая камісія Каардынацыйнай рады зарэгістравала дзевяць выбарчых блёкаў, якія будуць удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду ІV скліканьня. Усяго 174 кандыдаты.

У выбарчую камісію ўваходзяць Алена Прыходзька, Яраслаў Бекіш, Алена Жылачкіна, Пётр Маркелаў і Дзьмітрый Фурманаў.

  • У выбарчым блёку «Ваш Голас», які ўзначальвае Андрэй Колас, 19 чалавек. Сярод іх — былая віцэ-сьпікерка Каардынацыйнай Рады Вольга Павук.
  • У выбарчым блёку «Наступ», які ўзначальвае актывістка «Моладзевага блёку» Лізавета Пракопчык, 13 чалавек. Сярод іх — прадстаўніца Ціханоўскай Маргарыта Ворыхава і палітык Іван Краўцоў.
  • У выбарчым блёку «Аб’яднаная грамадзянская плятформа», які ўзначальвае Мікалай Казлоў, 22 асобы. Сярод іх — прадстаўніца Офісу Ціханоўскай ва Ўкраіне Сьвятлана Шаціліна, праваабаронца Раман Кісьляк, эканаміст Павал Данэйка.
  • У выбарчым блёку «Кааліцыя Латушка і Рух «За Свабоду», які ўзначальваюць Павал Латушка і Юрась Губарэвіч, 38 чалавек. Сярод іх — цяперашні сьпікер КР Арцём Брухан, прадстаўнік АПК у міжнародным і эўрапейскім супрацоўніцтве Ўладзімер Астапенка, дачка Паўла Латушкі Яна Латушка, блогер Сяргей Бяспалаў.
  • У выбарчым сьпісе «Рух Воля», які ўзначальвае Мікіта Забуга, 28 чалавек. Сярод іх — прадстаўнік АПК Вадзім Кабанчук, блогер Севярын Квяткоўскі.
  • У выбарчым блёку «Хватит бояться!», які ўзначальвае Тацяна Мартынава, 13 чалавек. Сярод іх — былы пракурор Аляксандар Ракіцкі.
  • У выбарчым блёку беларускіх палітычных зьняволеных «Беларусы дзеяньня», які ўзначальвае Юрась Зяньковіч, 12 чалавек. Сярод іх — грамадзкі дзяяч і доктар-псыхіятар Зьміцер Шчыгельскі.
  • У выбарчым блёку «Эўрапейскі выбар», які ўзначальвае Валер Мацкевіч, 17 чалавек. Сярод іх — прадстаўніца АПК Аліса Рыжычэнка, былая палітзьняволеная Ксенія Луцкіна, прадстаўнікі АПК Вольга Зазулінская і Станіслаў Салавей, былая палітзьняволеная Антаніна Канавалава.
  • У выбарчым блёку «Закон и Правопорядок», які ўзначальвае Сяргей Макар, 12 кандыдатаў. Сярод іх — прадстаўнікі ByPol Аляксандар Азараў і Станіслаў Лупаносаў.


Некаторыя ўдзельнікі КР трэцяга скліканьня заявілі пра свой няўдзел у выбарах. Гэта, напрыклад, фракцыя «Беларусы» (Блёк Пракоп’ева — Ягорава) і фракцыя «Наша справа».

Таксама ў выбарах у чацьвёрты склад Каардынацыйнай рады вырашыла ня ўдзельнічаць партыя «Разам», арганізаваньнем якой займаюцца прыхільнікі Віктара Бабарыкі.

Выбары пройдуць 11–17 траўня 2026 году.


​
XS
SM
MD
LG