Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка АПК у аднаўленьні правапарадку. Рашэньне прынята на падставе рэкамэндацый Каардынацыйнай рады, у адпаведнасьці з працэдурай.
Каардынацыйная рада 11 сакавіка заслухала Мікалая Казлова і па выніках галасаваньня 12 сакавіка рэкамэндавала яго да прызначэньня.
31 студзеня 2026 году кіраўніца АПК накіравала ў Раду прапанову наконт кандыдата на пасаду прадстаўніка ў аднаўленьні правапарадку.
«Лічу, што ягоны багаты прафэсійны досьвед у галіне правааховы і ў грамадзка-палітычнай дзейнасьці, аўтарытэт сярод профільных арганізацый, а таксама асабістыя якасьці дазволяць яму эфэктыўна выконваць абавязкі на гэтай пасадзе», — пісала Сьвятлана Ціханоўская пра Мікалая Казлова ў лісьце ў Каардынацыйную раду.
Пасада амаль тры гады заставалася вакатнай пасьля таго, як Ціханоўская вызваліла ад выкананьня абавязкаў Аляксандра Азарава. Гэта адбылося пасьля таго як кандыдатуру Азарава не ўхваліла Каардынацыйная рада. Разам з тым Азараў працягваў працаваць пры кабінэце ў пляне «Перамога».
Хто такі Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў — ляўрэат прэміі Буша — Тэтчэр «За свабоду», «Чалавек году-2010» па вэрсіі «Нашай Нівы», давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году.
17 гадоў працаваў старшым опэрупаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Менску.
У 2008 годзе ахоўваў парадак на выбарчым участку ў час парлямэнцкіх выбараў і абвінаваціў кіраўніцтва ўчастковай камісіі ў фальсыфікацыях. Казлоў напісаў пра гэта рапарт начальству, а калі захадаў ніхто не зрабіў, паведаміў у незалежную прэсу. Казлова прасілі адклікаць рапарт, каб замяць справу, але ён праявіў прынцыповасьць і неўзабаве пайшоў у запас.
У 2012 годзе ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у ліпені 2016 года абраны намесьнікам старшыні партыі, потым стаў старшынём парты.
4 траўня 2021 года Лукашэнка пазбавіў яго спэцыяльнага званьня падпалкоўніка міліцыі запасу.
6 жніўня 2021 году Казлова асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошваньне дадзеных сьледзтва па справе Каардынацыйнай рады.
27 ліпеня 2022 году яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП і абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» у Менску ў 2020 годзе
Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калёніі. Казлоў на судзе заявіў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі». На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым».
У пачатку траўня 2023 году ў Казлова памерла маці. Мікалая не адпусьцілі з калёніі на пахаваньне. У сярэдзіне сьнежня 2023 году стала вядома, што палітыка ў лістападзе зьмясьцілі ў ПКТ на 2 месяцы.
15 жніўня 2023 году Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў АГП. Фармальнай прычынай стала тое, што партыя — насуперак абноўленаму заканадаўству — не падала дакумэнты на перарэгістрацыю. Палітычная структура працягвае дзейнасьць за межамі Беларусі. Выканаўцам абавязкаў старшыні АГП зьяўляецца Ўладзімір Шанцаў, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
22 ліпеня 2024 году Мікалай Казлоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Форум