Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт абвясьціў пра стварэньне інфармацыйных цэнтраў для «вырашэньня праблемаў беларусаў за мяжой»

Пасяджэньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў Варшаве, 2024. Ілюстрацыйнае фота
Пасяджэньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў Варшаве, 2024. Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) стварае інфармацыйныя цэнтры для «вырашэньня праблемаў беларусаў за мяжой».

Прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) стварае інфармацыйныя цэнтры для «вырашэньня праблемаў беларусаў за мяжой». Пра гэта 17 лютага паведаміла прэс-служба АПК.

Інфармацыйныя цэнтры «ў розных краінах для вырашэньня сацыяльных праблемаў беларусаў замежжа стануць новым прыярытэтам прадстаўніцтва», паведаміла намесьніца прадстаўніка ў сацыяльнай палітыцы АПК Ірына Маклейн, піша «Позірк».

«Беларусы ў розных краінах сутыкаюцца з падобнымі сацыяльнымі праблемамі. Падтрымка ў іх вырашэньні на сёньня ёсьць, але яна фрагмэнтарная і не структураваная. Інфацэнтры павінны стаць часткай сыстэмнага падыходу», — адзначыла Маклейн.

Паводле яе, інфацэнтры ня будуць «новай палітычнай арганізацыяй», яны стануць «сэрвіснай функцыяй унутры ўжо наяўных дыяспаральных супольнасьцяў і ініцыятываў».

У інфацэнтар, удакладніла яна, «чалавек зможа зьвярнуцца з канкрэтнай праблемай і атрымаць кансультацыю (напрыклад, наконт легалізацыі, працы), накіраваньне да юрыста, падтрымку ў пошуку мэдычнай дапамогі, сувязі з крызіснымі службамі, інфармацыю пра сацыяльныя правы».

«Кожны зварот стане часткаю агульнай карціны праблемаў беларусаў у эміграцыі. Іх аналіз дазволіць пераходзіць ад адраснай дапамогі да сыстэмнай працы. Інфацэнтар не замяняе дзяржаву, ён парадкуе сацыяльную падтрымку ўнутры беларускай супольнасьці», — рэзюмавала прадстаўніца АПК.

  • Паводле зьвестак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 да 500 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля падзеяў жніўня 2020 году.
  • Офіс Высокага камісара ААН у правах чалавека называў меншую лічбу — 100 тысяч.
  • Згодна з апошняй справаздачай Міжнароднай арганізацыі міграцыі ААН, у 2024 годзе за мяжой жылі 790,2 тыс. беларускіх грамадзян.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG