Масква заклікала замежныя амбасады і грамадзян эвакуавацца з Кіева перад 9 траўня, пагражае ўдарамі

Прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава, архіўнае фота

МЗС Расеі заклікаў усе дзяржавы эвакуаваць свае амбасады з сталіцы Украіны «ў сувязі зь непазьбежнасьцю ўдару Ўзброеных сілаў Расеі па Кіеве і цэнтрах прыняцьця рашэньняў, калі УСУ нанясуць удар па Маскве 9 траўня».

Прадстаўніца расейскага замежнапалітычнага ведамства Марыя Захарава заявіла, што МЗС Расеі настойліва заклікае ўлады ўсіх краін і кіраўнікоў замежных арганізацыяў «з максымальнай адказнасьцю паставіцца да гэтай заявы і забясьпечыць своечасовую эвакуацыю з гораду Кіева пэрсаналу дыпляматычных і іншых прадстаўніцтваў, а таксама грамадзян».

4 траўня Міністэрства абароны Расеі аб’явіла аднабаковае спыненьне агню на тэрмін 8–9 траўня. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў адказ абʼявіў з поўначы 6 траўня «рэжым цішыні», амаль адразу ж парушаны Расеяй.

Расейскае войска працягнула актыўныя баявыя дзеяньні пасьля поўначы 6 траўня і адмовілася ад прапанаванага Украінай рэжыму спыненьня агню, — заявіў у сераду 7 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля нарады з вайскоўцамі. «У выніку вячэрніх дакладаў нашых вайскоўцаў і выведкі мы вызначымся з наступнымі дзеяньнямі», — дадаў ён.

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што «Масква чарговы раз праігнаравала рэалістычны і справядлівы заклік да спыненьня баявых дзеяньняў, падтрыманы іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі». Паводле Сыбігі, гэта паказвае, што Расея адкідае мір, а прапанаванае ёю перамірʼе на 9 траўня нацэлена толькі на тое, каб правесьці ў Маскве вайсковы парад.

Украінскія сілы рэгулярна атакуюць ударнымі бесьпілётнікамі тэрыторыю Расеі — пераважна вайсковыя аб’екты і энэргетычную інфраструктуру. Іх колькасьць і глыбіня пацэльваньня ў параўнаньні з 2022 годам значна павялічыліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што расейскі бок парушыў рэжым спыненьня агню перад Днём перамогі

У Маскве рыхтуюцца да параду і чакаюць Лукашэнку

У Маскве рыхтуюцца да параду на Дзень Перамогі 9 траўня. У Міністэрстве абароны Расеі раней паведамілі, што калёны вайсковай тэхнікі ў сувязі з апэратыўнай абстаноўкай сёлета ня будуць удзельнічаць у вайсковым парадзе.

Уладзімір Пуцін раней зьвярнуўся да Дональда Трампа з прапановай аб спыненьні агню на Дзень Перамогі, да ўкраінскіх уладаў ён з такой прапановай не зьвяртаўся.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі 12 красавіка паведаміла, што ён пацьвердзіў свой удзел у вайсковым парадзе ў Маскве 9 траўня, ён абмяркоўваў гэта ў размове з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У анэксаваным Крыме скасавалі парад на 9 траўня

Чаму гэта важна

Учыніўшы напады на Ўкраіну, расейцы парушылі абвешчаны з 6 траўня Ўладзімірам Зяленскім рэжым спыненьня агню. Уладзімір Пуцін заявіў аб перамір’і з свайго боку на пэрыяд 8–9 траўня.

Расея амаль штодня атакуе Ўкраіну ракетамі, у выніку чаго разбураюцца цывільныя аб’екты, гінуць мірныя людзі.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць расейскія ўдары па цывільных аб’ектах як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.

Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстаноў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў ёсьць прыкметай генацыдных дзеяньняў, заяўляюць у Кіеве.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна заявіла пра рэжым цішыні ў ноч на 6 траўня і паабяцала дзейнічаць «люстэркава» ў выпадку новых расейскіх атак