Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заявіла пра рэжым цішыні ў ноч на 6 траўня і паабяцала дзейнічаць «люстэркава» ў выпадку новых расейскіх атак

абноўлена
Падрыхтоўка да Дня Перамогі ў цэнтры Масквы
Падрыхтоўка да Дня Перамогі ў цэнтры Масквы

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін аб’явіў перамір’е на 8 і 9 траўня. І выказала спадзеў, што Ўкраіна таксама спыніць агонь на гэты час. Адначасова расейскае міністэрства абароны прыгразіла нанесьці магутны ўдар па цэнтры Кіева, калі Ўкраіна атакуе Маскву падчас сьвяткаваньняў Дня Перамогі.

«Папярэджваем цывільнае насельніцтва Кіева і супрацоўнікаў замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў пра неабходнасьць своечасова пакінуць горад», — гаворыцца ў паведамленьні расейскага міністэрства абароны.

Вечарам 4 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі напісаў, што Ўкраіна не атрымлівала афіцыйнай заявы пра перамір’е.

«Мы лічым, што чалавечае жыцьцё ёсьць непараўнальна большай каштоўнасьцю, чым „празднованіе“ якой-колечы гадавіны. У сувязі з чым абвяшчаем пра рэжым цішыні, пачынаючы з 00:00 у ноч з 5 на 6 траўня».

Ён дадаў, што з гэтага часу Ўкраіна будзе дзейнічаць люстэркава.

«Настаў час расейскім кіраўнікам рабіць рэальныя крокі для завяршэньня іхнай вайны, калі ўжо расейскае міністэрства абароны лічыць, што не правядзе парад у Маскве бяз добрай волі Ўкраіны», — зазначыў Зяленскі.

Пры гэтым у самой Расеі парад на 9 траўня пройдзе не настолькі ўрачыста, як апошнімі гадамі, і не паўсюль. Напрыклад, кіраўнік памежнай з Украінай Варонескай вобласьці Аляксандар Гусеў напярэдадні афіцыйна абвясьціў пра скасаваньне параду на 9 траўня.

Раней ад параду адмовіліся ў Саратаўскай вобласьці і Чувашыі — далейшых рэгіёнах эўрапейскай часткі Расеі, куды таксама даляталі ўкраінскія бесьпілётнікі.

У Маскве на Краснай плошчы парад адбудзецца, але пройдзе зь вялікімі абмежаваньнямі. На ім упершыню з 2007 году ня будзе вайсковай тэхнікі, а ў горадзе зьбіраюцца адключыць мабільны інтэрнэт.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG