У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі некаторыя дэталі вайсковага параду ў Маскве, заплянаванага на 9 траўня.
«Выхаванцы сувораўскіх вайсковых і нахімаўскага вучылішчаў, кадэцкіх корпусаў, а таксама калёны вайсковай тэхнікі ў сувязі з апэратыўнай абстаноўкай удзельнічаць сёлета ў вайсковым парадзе ня будуць», — адзначылі ў ведамстве.
У той жа час у паведамленьні няма тлумачэньняў, што маюць на ўвазе пад «апэратыўнай абстаноўкай». Украінскія сілы амаль штодня атакуюць тэрыторыю Расеі ўдарнымі бесьпілётнікамі. Іх колькасьць і глыбіня пацэльваньня, у параўнаньні з 2022 годам, значна павялічылася.
У сацыяльных сетках карыстальнікі выказвалі меркаваньні, што праз такую актыўнасьць вайсковы парад на Краснай плошчы значна скароцяць або зусім скасуюць.
У Міністэрстве абароны Расеі дадалі, што ў парадзе будзе авіяцыйная частка — над Чырвонай плошчай праляцяць самалёты пілятажных авіягруп, а ў канцы пілёты штурмавікоў Су-25 афарбуюць неба Масквы ў колеры сьцяга Расейскай Фэдэрацыі.
Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі 12 красавіка паведаміла, што ён пацьвердзіў свой удзел у вайсковым парадзе ў Маскве. Гэта ён абмяркоўваў у часе сваёй размовы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
Што будзе ў Беларусі 9 траўня
Пакуль улады Беларусі не абвясьцілі афіцыйную праграму сьвяткаваньняў Дня перамогі. Апошнія некалькі гадоў праз удзел Аляксандра Лукашэнкі ў вайсковых парадах у Маскве, усе сьвяточныя мерапрыемствы ў Менску пераносілі на вечар.
На турыстычных сайтах з спасылкай на папярэднія гады адзначаюць, што 9 траўня ў Менску каля Палацу спорту «паводле традыцыі праходзяць урачыстае ўскладаньне кветак, народныя гуляньні, канцэрты».
«Вайсковы парад звычайна праводзіцца ўвечары: у 2025 годзе ён пачынаўся а 20:30. У праграме, як правіла, удзельнічае вайсковая тэхніка, а пры спрыяльных умовах — і авіяцыя», — адзначаецца на адным з такіх сайтаў.
На сайце гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» ужо апублікавалі праграму, якую прапануюць наведнікам 9 і 10 траўня. Там адбудзецца рэканструкцыя Бэрлінскай апэрацыі і канцэрты з удзелам вайсковых калектываў. Асобна наведнікам прапануюць пакатацца на танку ПТ-76 — гэта савецкі лёгкі танк, які распрацавалі ўжо ў пасьляваенныя гады.
У Горадні 9 траўня адбудзецца парад і шэсьце з партрэтамі герояў вайны, будуць працаваць канцэртныя і тэатралізаваныя пляцоўкі, майстар-клясы, адбудзецца выстаўка вайсковай тэхнікі.
У Берасьці ўжо анансавалі, што аб’яднаюць акцыю «Беларусь памятае» з расейскай акцыяй «Бессмертный полк».
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум