У Кіеве заявілі, што беларускі бок просіць абмяняць Іну Кардаш, якую ва Ўкраіне падазраюць у шпіянажы

Іна Кардаш. Архіўнае фота

Іну Кардаш вінавацяць ва Ўкраіне ў працы на КДБ Беларусі, у тым, што яна мела задачу зьбіраць інфармацыю пра беларусаў і расейцаў, якія ваююць на баку Украіны. Цяпер зьявілася інфармацыя, што беларускі бок хоча яе памяняць.

Як паведамляе Укрінформ, кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штаба па пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка ў інтэрвію заявіў пра зварот зь Менску наконт абмену зьнгяволенай ва Ўкраіне Інай Кардаш

«Такі сыгнал быў, але акрамя размоў пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапаноў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі набудуць практычныя прапановы, мы іх разгледзім».

На пытаньне аб тым, як Кардаш трапіла на працу ў Каардынацыйны штаб, Ахрыменка патлумачыў:

«СБУ і ГУР атрымалі інфармацыю пра яе дзейнасьць і пачалі апэратыўную гульню. Яна думала, што працуе ў Каардынацыйным штабе. Для яе было арганізавана псеўдапрацоўнае месца, доступу ў памяшканьне Каардынацыйнага штабу ў яе не было, яна знаходзілася ў іншым месцы. Само памяшканьне было падрыхтавана для фіксацыі ўсяго, што там адбывалася, а матэрыялы, якія ёй былі прадастаўлены, не ўтрымлівалі ніякай праўдзівай інфармацыі. Калі супрацоўнікі СБУ, якія ўдзельнічалі ў яе суправаджэньні, усё зафіксавалі, было арганізавана яе затрыманьне, і яна знаходзіцца пад сьледзтвам».

Раней суд да 20 чэрвеня прадоўжыў тэрмін дасудовага расьсьледаваньня справы Іны Кардаш. Кардаш знаходзіцца ў Кіеўскім сьледчым ізалятары, на ўмовы ўтрыманьня ў якім яна ня раз скардзілася.

У выпадку перадачы справы для зьмястоўнага разгляду ў суд яе будуць надалей трымаць пад вартай.

Што папярэднічала

Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнай таямніцай).

На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».

20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новае ў справе Іны Кардаш: зноў падоўжылі тэрмін расьсьледаваньня, накіравалі праверку ў СІЗА Іна Кардаш, якую ў Кіеве падазраюць у шпіянажы на КДБ, паскардзілася на здароўе, але яе арышт падоўжыліУ Кіеве суд адмовіўся вызваліць Кардаш з-пад арышту. Зь Менскам ідуць перамовы аб яе абменеПрацавала з КДБ празь іншага беларуса і ўжо служыла ў Міністэрстве абароны Ўкраіны. Новыя дэталі справы Іны Кардаш