У той час калі ў Маскве рыхтуюцца да традыцыйнага параду на Дзень Перамогі 9 траўня, бесьпілётнік прайшоў сыстэмы СПА і ўдарыў у будынак за 6 кілямэтраў ад Крамля.
Мяркуецца, што ўкраінскі бесьпілётнік ударыў па жылым доме ў прэстыжным маскоўскім раёне каля кінастудыі «Мосфильм», усяго за 6 кілямэтраў ад Крамля, дзе таксама знаходзяцца некалькі замежных амбасадаў, у тым ліку нямецкая.
Радыё Свабода пацьвердзіла некалькі геалякацыяў удару. Варта таксама адзначыць, што бесьпілётнік дасягнуў самага цэнтру Масквы, нягледзячы на вядомыя «колцы» СПА вакол расейскай сталіцы, якія складаюцца з больш чым 100 сыстэмаў «Панцыр». Паводле інфармацыі маскоўскіх уладаў, ахвяраў і параненых няма.
Гэта найбліжэйшы да Крамля ўдар украінскага бесьпілётніка, за выключэньнем выпадку ў траўні 2023 году, калі дроны пасьпяхова атакавалі сам Крэмль.
Пашкоджаны дронам дом. Масква, 4 траўня 2026 году
Зяленскі: Украінскія дроны могуць прыляцецьна парад у Маскву
«Гэтае лета будзе тым момантам, калі Пуцін будзе вырашаць, што рабіць далей. Пашыраць вайну ці пераходзіць да мірных шляхоў. Расея абвясьціла парад на 9 траўня, але на тым парадзе ня будзе зброі. Гэта будзе ўпершыню за шмат гадоў, калі яны не могуць дазволіць прысутнасьць узбраеньня на парадзе. І ўкраінскія дроны таксама могуць прыляцець па тым парадзе. Гэта паказвае, што яны не такія моцныя, як раней, мы павінны працягваць ціснуць санкцыямі, і я дзякую вам за 20 пакет санкцый», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, перадае УНІАН.
Сёньня раніцай расейскія рэсурсы паведамілі, што ўкраінскі дрон уляцеў у кватэру элітнага жыльлёвага комплексу 6 кілямэтрах ад Крамля.
У Маскве рыхтуюцца да параду і чакаюць Лукашэнку
У Маскве рыхтуюцца да параду на Дзень Перамогі 9 траўня. У Міністэрстве абароны Расеі раней паведамілі, што калёны вайсковай тэхнікі ў сувязі з апэратыўнай абстаноўкай сёлета ня будуць удзельнічаць у вайсковым парадзе.
Украінскія сілы рэгулярна атакуюць ударнымі бесьпілётнікамі тэрыторыю Расеі — пераважна вайсковыя аб’екты і энэргетычную інфарструктуру. Іх колькасьць і глыбіня пацэльваньня ў параўнаньні з 2022 годам значна павялічыліся.
Расея амаль штодня атакуе Ўкраіну ракетамі, у выніку чаго разбураюцца цывільныя аб’екты, гінуць мірныя людзі. У ноч на 4 траўня ў шасьці прыфрантавых раёнах Украіны ад расейскай атакі загінулі чатыры чалавекі, больш за 60 атрымалі раненьні, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Чакецца, што праз актыўнасьць украінскіх бесьпілётных сілаў вайсковы парад на Краснай плошчы ў Маскве значна скароцяць або і зусім скасуюць.
Уладзімір Пуцін раней зьвярнуўся да Дональда Трампа з прапановай аб спыненьні агню на Дзень Перамогі, да ўкраінскіх уладаў ён з такой прапановай не зьвяртаўся.
Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі 12 красавіка паведаміла, што ён пацьвердзіў свой удзел у вайсковым парадзе ў Маскве 9 траўня, гэта ён абмяркоўваў у размове з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.