Шпіталізаваная іранская праваабаронца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру

Наргес Махамадзі

Праваабаронца і ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Наргес Махамадзі, якая знаходзіцца ў зьняволеньні ў Іране, была шпіталізаваная. Пра гэта гаворыцца ў заяве яе сям’і і адваката, апублікаванай на сайце фонду Наргес Махамадзі.

Махамадзі знаходзіцца ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі ў адной з бальніц Зенджан — у пятніцу яна двойчы страціла прытомнасьць з-за праблем з сэрцам.

Паводле заявы, улады адмовіліся перавесьці праваабаронцу ў больш абсталяваную бальніцу Парс у Тэгеран, дзе за ёй магла б даглядаць яе мэдыцынская каманда. Адзначаецца, што кардыёлягі ў Зенджане раней папярэджвалі пра адсутнасьць у мясцовых бальніцах спэцыялізаванага абсталяваньня, неабходнага для яе лячэньня.

Як адзначае яе адвакат Мастафa Нілі, судова-мэдыцынская камісія Зенджана раней прадпісала прыпыніць выкананьне прысуду на адзін месяц, каб Махамадзі магла атрымаць мэдыцынскую дапамогу. Аднак мясцовая пракуратура адмовілася выконваць гэтую рэкамэндацыю без узгадненьня з пракуратурай Тэгерана.

«Махамадзі была пераведзена ў турму Зенджана з парушэньнем прававых нормаў, а пракурор Тэгерана распарадзіўся пра яе лячэньне ў бальніцах Зенджана насуперак экспэртным заключэньням як судова-мэдыцынскай арганізацыі, так і спэцыялізаваных кардыёлагаў», — заявіў Нілі.

У заяве фонду адзначаецца, што ў апошнія дні ў праваабаронцы назіраўся высокі артэрыяльны ціск, які не ўдавалася зьнізіць з дапамогай лекаў. «Яна схуднела прыкладна на 20 кг і пакутуе ад паўторных вострых боляў у грудзях», — гаворыцца ў паведамленьні.

  • Наргес Махамадзі стала ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру ў 2023 годзе «за барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за абарону правоў чалавека і свабоды для ўсіх».
  • У лютым 2026 года Махамадзі прысудзілі да сямі з паловай гадоў пазбаўленьня волі «за арганізацыю сходаў і змову, а таксама за прапагандысцкую дзейнасьць». Праваабаронцу затрымалі 12 сьнежня 2025 года падчас цырымоніі памяці іранскага юрыста Хасроў Алікардзі.
  • Раней у Іране яе неаднаразова судзілі: у 2016 годзе яна атрымала 16 гадоў зьняволеньня, у 2022 годзе — восем гадоў, у жніўні 2023 года — адзін год, а ў студзені 2024 года — яшчэ 15 месяцаў па розных абвінавачаньнях, у тым ліку ў «прапагандзе супраць дзяржавы».
  • У канцы 2024 года пасьля апэрацыі Махамадзі была часова вызваленая на тры тыдні: пракуратура прыпыніла выкананьне прысуду на падставе мэдыцынскага заключэньня, а затым падоўжыла гэтае рашэньне.