Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру зноў асудзілі. Цяпер на сем з паловай гадоў турмы

Наргес Махамадзі. Архіўнае фота
Наргес Махамадзі. Архіўнае фота

Да новага выраку Наргес Махамадзі арыштоўвалі 13 разоў. У 2024 годзе яе вызвалілі з турмы ў сувязі з станам здароўя, а ў сьнежні 2025 году зноў затрымалі.

Адвакат нобэлеўскай ляўрэаткі Мустафа Нілі паведаміў, што 6 гадоў Наргес Махамадзі прысудзілі за «ўдзел у сходах і змову з мэтай учыненьня злачынстваў», а яшчэ паўтара году — за «прапаганду». Апроч таго, ёй забаранілі цягам двух гадоў выяжджаць з краіны, паведаміла выданьне «Настоящее время». Яе затрымалі 12 сьнежня 2025 году.

Наргес Махамадзі — палітычная і грамадзянская актывістка, абаронца правоў жанчын і праціўніца сьмяротнага пакараньня. Іранскія ўлады 13 разоў яе арыштоўвалі, пяць разоў судзілі, прысудзіўшы агулам 154 удары бізуном і 31 год зьняволеньня.

Махамадзі адбывала пакараньне ў тэгеранскай турме Эвін, дзе часта трымаюць праціўнікаў рэжыму. Раней яна абвяшчала галадаваньне, бо ёй не аказвалі мэдычнае дапамогі. ААН і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Махамадзі палітзьняволенай і заклікалі да яе вызваленьня.

Раней Махамадзі абвяшчала галадоўку пратэсту супраць умоваў утрыманьня ў турме Эвін, а таксама супраць патрабаваньня іранскіх уладаў, каб жанчыны насілі хіджаб.

Наргес Махамадзі атрымала Нобэлеўскую прэмію міру 2023 году за «барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і заахвочваньне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».

Шмат гадоў яна выказвала пратэст супраць правіла абавязковага нашэньня хіджабу, уведзенага для іранскіх жанчын, а таксама супраць абмежаваньняў правоў і свабодаў жанчын у Іране.

Рашэньне прысудзіць ёй Нобэлеўскую прэмію зьвязана, у прыватнасьці, з масавай кампаніяй пад лёзунгам «Жанчына. Жыцьцё. Свабода», якая пачалася ў Іране пасьля сьмерці актывісткі Махсы Аміні летась. Удзельнікі кампаніі выступаюць за правы жанчын і, у прыватнасьці, супраць абавязковага нашэньня хіджабу. Улады жорстка душылі масавыя акцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG