Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране затрымалі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру


Наргіз Махамадзі
Наргіз Махамадзі

Затрыманьне адбылося ў час акцыі памяці вядомага іранскага праваабаронцы.

У Іране ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Наргіз Махамадзі і яшчэ 38 чалавек затрымалі ў час цырымоніі ў памяць аб іранскім юрысьце і праваабаронцы Хасрове Алікордзі. Пра гэта паведамляе Радыё Фарда.

Затрыманьне, як стала вядома, адбылося яшчэ 12 сьнежня. Сярод затрыманых праваабаронцы і грамадзкія дзеячы, усіх адправілі пад варту. У пракуратуры заявілі, што яны «рабілі правакацыйныя заявы», якія нібыта падбухторвалі натоўп да «парушэньня грамадзкага парадку».

На сайце фонду Наргіз Махамадзі гаворыцца, што 14 сьнежня ёй удалося патэлефанаваць сям'і. Яна расказала, што ў час затрыманьня людзі ў цывільным білі яе дубінкай па галаве і шыі, пасьля яе двойчы дастаўлялі ў аддзяленьне неадкладнай дапамогі. Махамадзі таксама паведаміла, што ў час і пасьля арышту яе абвінавачвалі ў «супрацы з ізраільскім урадам». Пакуль не паведамляецца, ці выставілі ёй афіцыйныя абвінавачаньні.

Наргіз Махамадзі выступае супраць сьмяротнага пакараньня і абмежаваньня правоў і свабодаў жанчын у Іране. У 2023 годзе ёй прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру «за барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за правы чалавека і свабоду для ўсіх». У 2022 годзе са зьняволеньня яна падтрымлівала пратэсты ў Іране, якія пачаліся пасьля гібелі Махсы Аміні, затрыманай да гэтага за «няправільнае» нашэньне хіджабу.

У студзені 2024 году суд прыгаварыў праваабаронцу, якая ўжо знаходзілася ў зьняволеньні, да 15 месяцаў пазбаўленьня волі ў справе аб прапагандзе, накіраванай супраць Ірану. Да гэтага яе ўжо судзілі некалькі разоў.

У канцы 2024 году пасьля апэрацыі яе выпусьцілі на волю, першапачаткова на тры тыдні. Пракуратура прыпыніла выкананьне прысуду на падставе высноваў судова-мэдыцынскага экспэрта. Потым гэтае рашэньне працягнулі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG