У заяве Нобэлеўскага камітэту адзначаецца, што інфармацыю аб яе жорсткім арышце і фізычным гвалтам, які працягваецца ў зьняволеньні, атрымалі з надзейных крыніц у Іране.
Наргес Махамадзі жорстка затрымалі сілавікі 12 сьнежня 2025 году падчас мірнага ўдзелу ў пахаваньні памерлага адваката Хасрова Алікордзі.
Паводле відавочцаў і яе сваякоў, сілавікі ўтварылі вакол яе, так званы, «тунэль» і пачалі па чарзе зьбіваць яе драўлянымі палкамі і дубінкамі.
«Яе цягнулі па зямлі за валасы, разьдзіраючы ўчасткі скуры галавы і выклікаючы адкрытыя раны. У транспартным сродку працягвалі яе зьбіваць. Яе неаднаразова білі нагамі па палавых органах і ў вобласьці тазу, пасьля чаго яна не магла сядзець або рухацца бяз моцнага болю і выклікала сур’ёзныя асьцярогі з нагоды пералому костак. Нягледзячы на крытычны стан, яна доўгі час знаходзілася ў адзіночнай камэры бяз вокнаў з пастаянным штучным асьвятленьнем, халоднай падлогай і недастатковымі пасьцельнымі прыналежнасьцямі», — адзначаецца ў заяве камітэту.
Пасьля гэтага Наргес Махамадзі перавозілі паміж рознымі месцамі зьняволеньня і ў адзін момант пад аховай даставілі ў лякарню, дзе мэдычны пэрсанал зафіксаваў шырокія вонкавыя траўмы і вострыя праблемы з сэрцам.
«Тым ня менш, ёй па-ранейшаму адмаўляюць у належным мэдычным даглядзе. [...] Яна некалькі разоў губляла прытомнасьць, пакутуе ад небясьпечна высокага крывянога ціску і ёй не дазваляюць атрымаць неабходны доступ да наступнага назіраньня пры падазрэньні на пухліны малочнай залозы», — адзначылі ў Нобэлеўскім камітэце.
У пачатку лютага стала вядома, што ў Іране ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру зноў асудзілі на зьняволеньне — вырак прадугледжвае сем з паловай гадоў турмы.
Адвакат нобэлеўскай ляўрэаткі Мустафа Нілі паведаміў, што 6 гадоў Наргес Махамадзі прысудзілі за «ўдзел у сходах і змову з мэтай учыненьня злачынстваў», а яшчэ паўтара году — за «прапаганду». Апроч таго, ёй забаранілі цягам двух гадоў выяжджаць з краіны.
Наргес Махамадзі — палітычная і грамадзянская актывістка, абаронца правоў жанчын і праціўніца сьмяротнага пакараньня. Іранскія ўлады 13 разоў яе арыштоўвалі, пяць разоў судзілі, прысудзіўшы агулам 154 удары бізуном і 31 год зьняволеньня.
Махамадзі адбывала пакараньне ў тэгеранскай турме Эвін, дзе часта трымаюць праціўнікаў рэжыму. Раней яна абвяшчала галадаваньне, бо ёй не аказвалі мэдычнае дапамогі. ААН і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Махамадзі палітзьняволенай і заклікалі да яе вызваленьня.
Раней Махамадзі абвяшчала галадоўку пратэсту супраць умоваў утрыманьня ў турме Эвін, а таксама супраць патрабаваньня іранскіх уладаў, каб жанчыны насілі хіджаб.
Наргес Махамадзі атрымала Нобэлеўскую прэмію міру 2023 году за «барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і заахвочваньне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».
Шмат гадоў яна выказвала пратэст супраць правіла абавязковага нашэньня хіджабу, уведзенага для іранскіх жанчын, а таксама супраць абмежаваньняў правоў і свабодаў жанчын у Іране.
Рашэньне прысудзіць ёй Нобэлеўскую прэмію зьвязана, у прыватнасьці, з масавай кампаніяй пад лёзунгам «Жанчына. Жыцьцё. Свабода», якая пачалася ў Іране пасьля сьмерці актывісткі Махсы Аміні летась. Удзельнікі кампаніі выступаюць за правы жанчын і, у прыватнасьці, супраць абавязковага нашэньня хіджабу. Улады жорстка душылі масавыя акцыі.
Форум