Латушка: Я наўпрост кажу амэрыканцам, што не ўяўляю Лукашэнку ў Белым доме, але яны ўсё роўна хочуць запрасіць

Арцём Брухан, Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская на V Канфэрэнцыі беларусаў і беларусак сьвету

«Колькі б экспэртызы мы ні давалі амэрыканцам, яны ўсё роўна стаяць на тым, што яны хочуць запрасіць Лукашэнку ў Злучаныя Штаты Амэрыкі», — заявіў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка на дыскусіі ў межах V Канфэрэнцыі беларусаў і беларусак сьвету.

Паводле словаў Паўла Латушкі, калі ён дыскутуе на гэтую тэму з амэрыканцамі, у тым ліку публічна, то кажа: «А вы хочаце запрасіць у міжнародную супольнасьць альбо нават у эўрапейскую супольнасьць каго? Бандыта, які зьдзейсьніў злачынствы супраць украінскіх дзяцей-сірот, вывез іх у Беларусь, а пазьней іх адаптавалі (усынавілі ці ўдачарылі. — „Позірк“.) на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі? Ідзе афіцыйная справа (у Міжнародным крымінальным судзе. — „Позірк“.). Бандыта, які зьдзейсьніў злачынствы супраць беларускага народа, супраць чалавечнасьці — самыя цяжкія міжнародныя злачынствы? Бандыта, які прадаставіў тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць Украіны?»

Латушка адзначыў, што пасьля вызваленьня палітвязьня Анджэя Пачобута ён даў «мінімум 25 інтэрв’ю». «І там пыталіся: а што гэта азначае? Гэта азначае, што Лукашэнка мяняе палітыку? І гэтыя пытаньні ставіў кожны журналіст. І я на іх адказваў: важная справа — вызваленьне Анджэя Пачобута, і мы ўсе радыя гэтаму, бо гэта наш супольны беларуска-польскі грамадзянін. Але гэта не азначае, што Лукашэнка мяняе палітыку», — сказаў кіраўнік НАУ.

Цяперашні амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп не аднойчы запрашаў Лукашэнку ў Вашынгтон.

На канфэрэнцыі ў Варшаве падчас выступу Ціханоўскай паднялі плякаты з крытыкай на яе адрас. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп кліча Лукашэнку, а інтэграцыя з Расеяй паглыбляецца. Тыдзень з Карбалевічам