«На апошнім тыдні мой пасланьнік у Беларусь Джон Коўл пасьля перамоваў зь Вельмішаноўным Прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам вызваліў яшчэ 250 Палітычных Вязьняў! Такім чынам, агульная колькасьць зьняволеных, якіх Прэзыдэнт Лукашэнка літасьціва выпусьціў зь мінулага траўня, перавысіла 500. Я хацеў бы выказаць Прэзыдэнту самую цёплую падзяку за гэта і зь нецярплівасьцю чакаю сустрэчы зь ім на наступным паседжаньні Рады міру!» — напісаў Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Сёлета Дональд Трамп запрашаў Лукашэнку ўзяць удзел у першым паседжаньні Рады міру, якое адбылося 19 лютага ў Вашынгтоне. Але тады, паводле прэсавай сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, ён адмовіўся з прычыны ўжо складзенага працоўнага графіку і «магчымых лягістычных складанасьцяў, якія могуць узьнікнуць празь незаконныя санкцыі, найперш Эўразьвязу».
На першую сустрэчу лідэраў Рады міру меў паехаць міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў, але ён не атрымаў амэрыканскую візу.
27 сакавіка Натальля Эйсмант паведаміла, што Лукашэнка можа ўзяць удзел у чарговым паседжаньні Рады міру, нядаўна створанай з ініцыятывы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
«Калі паседжаньне будзе сёлета і калі гэта будзе прымальна для беларускага боку, абавязкова наведаем гэты саміт», — сказала яна.
Форум