Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрайбман: Лукашэнка імкнецца «не злаваць ніводнага дзеда»

Аляксандар Лукашэнка і Джон Коўл, Менск, 13 сьнежня 2025
Аляксандар Лукашэнка і Джон Коўл, Менск, 13 сьнежня 2025

У праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» палітычны аналітык Арцём Шрайбман тлумачыць, чаму так адрозьніваліся першыя рэакцыі Менску і Масквы на новую вайну на Блізкім Усходзе.

МЗС Расеі назваў апэрацыю ЗША і Ізраіля супраць Ірану агрэсіяй, Уладзімер Пуцін выказаў абурэньне забойствам лідэра Ірана Алі Хамэнэі. У той жа час беларускае МЗС заняла значна больш стрыманую пазыцыю: заклікала спыніць абмен ударамі і вярнуцца да дыпляматыі, пры гэтым не пракамэнтавала непасрэдна гібель аяталы. Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка доўга маўчаў.

Шрайбман тлумачыць гэтую розьніцу тым, што беларускія ўлады (у адрозьненьне ад расейскіх) вымушаныя ўзважваць кожнае слова з-за актыўнага дыялёгу з адміністрацыяй Дональда Трампа: ідуць перамовы пра новы візыт спэцыяльнага прадстаўніка Трампа па Беларусі Джона Коўла, пра вызваленьне палітвязьняў, Трамп публічна выказваў камплімэнты Лукашэнку і запрасіў яго ў Раду міру. Таму МЗС Беларусі не можа дазволіць сабе тую ж жорсткую рыторыку, што і расейскае МЗС ці Рыгор Азаронак, які лае Трампа, не выбіраючы словаў.

Лукашэнка, паводле меркаваньня Шрайбмана, імкнецца «не злаваць ніводнага дзеда» — ні Трампа, ні Пуціна. Для ўнутранай аўдыторыі і расейскіх патрыётаў ёсьць Азаронак, які можа крычаць «Алах Акбар». Але афіцыйная лінія МЗС — стрыманая, бо рызыкаваць плёнам дыялёгу з Вашынгтонам дзеля рыторыкі не хочацца.

Палітычны аналітык сумняецца, што Лукашэнка ўзгадняе з Пуціным кожную рэакцыю, да таго ж у Лукашэнкі больш пладоў адносінаў з ЗША, чым у Пуціна, і губляць іх яму больш балюча. Таму ён можа спакойна прымаць амэрыканскіх прадстаўнікоў нават пасьля чарговых удараў па аўтарытарным інтэрнацыянале.

Што да мэтаў палітыкі Трампа ў дачыненьні да Беларусі, Шрайбман ня верыць, што галоўная задача — адарваць Лукашэнку ад Расеі. Наадварот, Трамп і яго атачэньне (Стывэн Уіткаф, Джарэд Кушнэр) хацелі б такіх жа прагматычных адносінаў з Пуціным, як з Лукашэнкам. Яны гатовыя здымаць санкцыі, вяртаць Расею ў G8, магчыма нават юрыдычна прызнаць Крым расейскім у абмен на мір. Таму з Лукашэнкам проста атрымліваецца хутчэй і лягчэй.

Шрайбман адзначае, што Азаронак абслугоўвае ўнутраную і часткова расейскую аўдыторыю, МЗС — зьнешнюю. Прапагандыстам даводзіцца хутка перабудоўвацца ледзь ня кожны тыдзень: Трамп то злачынца (з-за захопу Нікаляса Мадура), то добры (за запрашэньне ў Раду міру), то кепскі, бо ня даў візу Рыжанкову, то добры, бо сказаў цёплыя словы пра Лукашэнку, праз дзень — ізноў вершнік Апакаліпсісу, які разбурае сусьветны сьветапарадак.

Палітычны аналітык пашкадаваў прапагандыстаў рэжыму, якім даводзіцца так хутка круціцца. Калі ў блізкім часе ў Менск ізноў прыедзе Джон Коўл, прапагандыстам ізноў давядзецца тлумачыць публіцы, чаму Лукашэнка абдымаецца з госьцем, мяркуе Шрайбман.

Ён адзначыў, што і сам Лукашэнка таксама можа прамаўляць антыамэрыканскія «ястрабіныя» сьпічы, як гэта было падчас яго размовы з дзяржсакратаром саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым. На думку Шрайбмана, Азаронак і МЗС Беларусі — два аблічча палітыкі Лукашэнкі.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG