Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША: апэрацыя супраць Ірану ня будзе «бясконцай вайной»

Піт Гэгсэт (зьлева) і Дэн Кейн на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне 2 сакавіка 2026 году
Піт Гэгсэт (зьлева) і Дэн Кейн на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне 2 сакавіка 2026 году

Ваенная апэрацыя ЗША супраць Ірану не ператворыцца ў «бясконцую вайну», падобную да ўварваньня ў Ірак у 2003 годзе. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне 2 сакавіка заявіў міністар абароны ЗША (згодна з указам прэзыдэнта Дональда Трампа, якога называюць таксама ваенным міністэрствам) Піт Гэгсэт.

Яго цытуе Fox News. Мэтамі баявых дзеяньняў Гэгсэт назваў зьнішчэньне ваеннай інфраструктуры Ірану, у тым ліку яго флёту і ракетаў. Акрамя таго, ЗША ставяць задачу не дазволіць Ірану атрымаць ядзерную зброю.

Паводле яго словаў, мэтай удараў не зьяўляецца зьмена рэжыму ў Іране, але рэжым «безумоўна зьмяніўся» — пасьля гібелі многіх высокапастаўленых дзеячаў, у тым ліку вярхоўнага лідэра аяталы Алі Хамэнэі.

Злучаныя Штаты ад 28 лютага наносяць удары па Іране сумесна з Ізраілем. Іран у сваю чаргу наносіць удары па Ізраілі і краінах рэгіёну, дзе разьмешчаны базы ЗША.

Гэгсэт адзначыў, што ЗША не плянуюць наземнага ўварваньня ў Іран і ня будуць акупаваць краіну і спрабаваць пабудаваць там дэмакратычныя інстытуты, як дзейнічалі ў Іраку. Разам з тым міністар адмовіўся назваць тэрміны заканчэньня апэрацыі, сказаўшы, што рашэньне будзе прымаць прэзыдэнт Дональд Трамп.

Кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Дэн Кейн заявіў, што вайна «не завершыцца за адну ноч», і дасягненьне мэтаў апэрацыі запатрабуе некаторага часу. Ён пацьвердзіў, што на Блізкі Ўсход прыбываюць новыя амэрыканскія падразьдзяленьні.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней выказаў меркаваньне, што ўдары па Іране могуць наносіцца на працягу чатырох тыдняў.

Гэгсэт таксама адзначыў, што баявыя дзеяньні такога маштабу ня могуць абысьціся без страт. У панядзелак Цэнтральнае камандаваньне Ўзброеных сілаў ЗША пацьвердзіла гібель яшчэ аднаго амэрыканскага ваеннага ў выніку іранскіх удараў, агульная колькасьць загінулых дасягнула чатырох. Колькасьць пацярпелых амэрыканскіх вайскоўцаў узрасла да 18, паведамляе CNN.

Чакаецца, што пазьней у панядзелак Трамп выступіць з заявай аб ходзе баявых дзеяньняў і сытуацыі вакол Ірану ў цэлым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG