Тэкст спачуваньня апублікаваны на ягоным афіцыйным сайце.
«З глыбокім болем і смуткам у Рэспубліцы Беларусь успрынялі трагічную навіну аб гібелі вярхоўнага лідэра Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Хамэнэі ў выніку вераломнай атакі, — гаворыцца ў спачуваньні. — На працягу дзесяцігодзьдзяў ён служыў народу, нязьменна кіруючыся вернасьцю традыцыям і адказнасьцю перад будучымі пакаленьнямі. Сваёй мудрасьцю і дальнабачнасьцю атрымаў высокае прызнаньне і карыстаўся заслужаным аўтарытэтам далёка па-за межамі дзяржавы. Духоўны лідэр застаўся верным свайму народу да апошняга ўздыху і мужна прыняў пакутніцкую сьмерць, адстойваючы сувэрэнітэт і незалежнасьць Ірану».
«Памяць аб Алі Хамэнэі, яго служэньні краіне захаваецца ў сэрцах мільёнаў людзей. Яго жыцьцёвы шлях застанецца часткай нацыянальнай спадчыны Ірана і важнай старонкай сусьветнай гісторыі», — напісаў Лукашэнка.
Лукашэнка адзначыў, што меў гонар сустракацца «з гэтым выдатным дзяржаўным дзеячам, які ўнёс вялікі ўклад у разьвіцьцё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Іранам і Беларусьсю»: «Яго добрае імя і мужнасьць застануцца ў нашай памяці».
«У гэты журботны час ад імя беларускага народа і сябе асабіста накіроўваю шчырыя словы спачуваньня і падтрымкі. Падзяляем боль страты і выказваем салідарнасьць з Іранам у такі цяжкі момант», — гаворыцца ў спачуваньні.
Аятала Алі Хамэнэі, духоўны кіраўнік і найвышэйшы службовец Ірану, які кіраваў дзяржавай амаль чатыры дзесяцігодзьдзі, быў забіты падчас авіяўдараў ЗША і Ізраіля 28 лютага ва ўзросьце 86 гадоў.
Прыхільнікі ўслаўлялі Хамэнэі як мудрага лідэра, а крытыкі асуджалі як дыктатара. У апошнія гады праўленьня Хамэнэі часта адбываліся агульнанацыянальныя пратэсты супраць ўлады і сьмяротныя рэпрэсіі з боку дзяржавы, у выніку якіх загінулі тысячы дэманстрантаў.
Пратэсты супраць высокага кошту жыцьця ў 2017 годзе, цэнаў на бэнзін у 2019 годзе, дэфіцыту вады ў 2021 годзе і сьмерці пад вартай Махсы Аміні, маладой жанчыны, якая нібыта парушыла закон аб хіджабе ў 2022 годзе, сьведчылі пра ўзмацненьне антыўладных настрояў у Іране.
Але самыя сьмяротныя пратэсты супраць уладаў Ісламскай рэспублікі пачаліся ў канцы сьнежня 2025 году і працягваліся да пачатку студзеня 2026 году. Закалоты былі жорстка задушаныя, праваабарончыя групы пацьвердзілі больш за 7000 сьмерцяў, але папярэдзілі, што ахвяраў, імаверна, значна больш. Некаторыя ацэнкі ў чатыры разы перавышаюць пацьверджаную агульную колькасьць.
Цягам дзесяцігодзьдзяў Хамэнэі меў апошняе слова практычна ўва ўсіх справах Ірану — ад права жанчын езьдзіць на роварах у грамадзкіх месцах да курсу адносін краіны са Злучанымі Штатамі, якія ён называў «Вялікім Сатаной».
Хамэнэі свабодна распараджаўся уладай над ключавымі інстытутамі Ірану, такімі як суды, дзяржаўныя мэдыя, войска. Калі яму патрэбная была сіла, ён абапіраўся на вайсковы апарат бясьпекі, які ўключаў магутны Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і небясьпечныя іранскія спэцслужбы.
Асамблея экспэртаў, якая складаецца з 88 чальцоў, пераважна кансэрватыўных клерыкалаў, цяпер мае прызначыць пераемніка Хамэнэі.
Лукашэнка сустракаўся з Хамэнэі падчас афіцыйнага візыту ў Тэгеран
Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка 2023 году ў часе афіцыйнага візыту ў Тэгеран сустракаўся з аяталом Алі Хамэнэі.
Тады прэсавая служба Лукашэнкі пісала: «...На сустрэчы было адзначана, што патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Ірану далёка выходзіць за цяперашні ўзровень. Ён павінен быць значна падвышаны коштам выкарыстаньня духу і волі, якія маюць абодва бакі, для рэалізацыі дамоўленасьцяў».
«У гэтай краіне візыт беларускага лідэра назвалі „пераломным момантам, зыходным пунктам“ у разьвіцьці двухбаковых адносінаў паміж дзяржавамі», — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі.