Зяленскі заявіў пра «спэцыфічную актыўнасьць» на мяжы з Беларусьсю і гатоўнасьць Украіны рэагаваць

Уладзімер Зяленскі. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале паведаміў пра «спэцыфічную актыўнасьць» на ўчастках мяжы з Беларусьсю і падкрэсьліў, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем.

«Напярэдадні была даволі спэцыфічная актыўнасьць на ўчастках мяжы Ўкраіны і Беларусі — з боку Беларусі. Уважліва ўсё фіксуем, усё кантралюем і, калі будзе патрэбна, мы будзем рэагаваць. Украіна гатова абараняць сваіх людзей, свой сувэрэнітэт, і кожны павінен гэта разумець, каго спрабуюць уцягнуць у любую агрэсіўную актыўнасьць супраць Украіны», — заявіў Зяленскі.

Ён таксама адзначыў, што Кіеў рыхтуе новыя санацыйныя рашэньні. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час чакаецца некалькі пакетаў санкцый. Акрамя таго, паводле Зяленскага Ўкраіна працягвае працу з міжнароднымі партнэрамі ў Эўропе, на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах сьвету з мэтай узмацненьня супрацьпаветранай абароны і эканамічнай устойлівасьці краіны. Зяленскі дадаў, што Кіеў разьлічвае на «важкія вынікі» ад міжнародных перамоў, заплянаваных на травень.

Прэзыдэнт Украіны 29 красавіка падпісаў указ, якім увёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны адносна санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў за садзейнічаньне Расеі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Санкцыі ўвялі таксама супраць асобаў, якія набліжаныя да Лукашэнкі.

Уладзімір Зяленскі 17 красавіка казаў пра ваенныя пагрозы з боку Беларусі, пра тое, што ў Беларусі будуюць дарогі, якія вядуць да мяжы з Украінай, і абсталёўваюць артылерыйскія пазыцыі каля мяжы. Днямі былы міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба сказаў, што Беларусь рыхтуецца адкрыць другі фронт у вайне з Украінай, і назваў 5 чыньнікаў гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі зацьвердзіў санкцыі супраць сыноў Лукашэнкі, шэрагу беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў