Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі зацьвердзіў санкцыі супраць сыноў Лукашэнкі, шэрагу беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ, якім увёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны адносна санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў за садзейнічаньне Расеі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.

Санкцыі ўвялі таксама супраць асобаў, якія набліжаныя да Лукашэнкі.

«Гэта сыгнал многім нашым партнэрам, на што варта ціснуць, каб усё ж такі зьмяншаць узровень гэтай вайны, яе інтэнсіўнасьць. Расея ня мае добрай волі, яе трэба прымушаць да тых ці іншых крокаў, якія патрэбныя для зьмяншэньня агрэсіі, і хай яны ўжо потым гэта называюць сваімі „жэстамі добрай волі“. Трэба, каб Беларусь не была ўцягнутая ў вайну. Трэба, каб не было апэрацыяў супраць іншых эўрапейскіх краінаў. Трэба, каб у гэтай вайне Расіі супраць Украіны быў мір годны», — падкрэсьліў Зяленскі.

У гэты санкцыйны пакет увайшлі 16 грамадзян Беларусі і 11 юрыдычных асобаў.

У прыватнасьці, Украіна прымяніла санкцыі да беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць артылерыйскія снарады калібраў 122 мм і 152 мм для расейскіх акупантаў. Сярод іх — «Ольса», Менскі завод «Тэрмапласт», Кавальскі завод цяжкіх штамповак, якія вырабляюць дэталі для снарадаў. Таксама пад санкцыі трапілі Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «ІК 9», якое вырабляе ўпакоўку для снарадаў, і «НафтаХімДыягностыка», дзе выпрабоўваюць боепрыпасы.
Абмежаваньні накладзеныя і на Віцебскі завод электравымяральных прыбораў, які пастаўляе абсталяваньне для рамонту і мадэрнізацыі расейскай бранятэхнікі, і «Радыётэхніка», што вырабляе кампанэнты для вайсковай тэхнікі Расеі.

Акрамя таго, Украіна прымяніла санкцыі супраць заводу, які рамантуе расейскія самалёты, у прыватнасьці сямействаў «Ту», «Як» і «Іл».

Сярод фізычных асобаў — блізкі паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман.

«Ён выконвае даручэньні самаабвешчанага прэзыдэнта, праводзіць міждзяржаўныя перамовы і наладжвае ценявыя адносіны ў бізнэсе. Датычны да арганізацыі „эскадронаў сьмерці“, якія зьнішчалі апазыцыйных палітыкаў, актывістаў і грамадзкіх дзеячоў. Адзін з арганізатараў схемаў ухіленьня ад санкцыяў, якія ўвялі Украіна і дзяржавы-партнэры супраць расейскіх і беларускіх кампаніяў». — гаворыцца ў заяве.

Таксама санкцыі ўведзеныя супраць Віктара і Дзьмітрыя Лукашэнкаў. Яны, як піша сайт Зяленскага, уцягнутыя ў экспарт прадукцыі ў абыход міжнародных санкцыяў, пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня і рээкспарт праз тэрыторыю Беларусі.

Сьпіс грамадзян Беларусі з указу Зяленскага

  1. Дзьмітры Баразноў, 48 гадоў
  2. Максім Карпыза, 35 гадоў
  3. Дзьмітры Кісель, 55 гадоў
  4. Віктар Лукашэнка, 50 гадоў
  5. Дзьмітры Лукашэнка, 46 гадоў
  6. Аляксандар Маркоўскі, 31 год
  7. Павел Муравейка, 54 гады
  8. Аляксандар Рахманаў, 49 гадоў
  9. Аляксандар Салдаценка, 47 гадоў
  10. Аляксей Сушкевіч, 37 гадоў
  11. Максім Сырай, 44 гады
  12. Дзьмітры Чарэй, 47 гадоў
  13. Віктар Шэйман, 67 гадоў
  14. Аляксандар Шэлянгоўскі, 52 гады
  15. Натальля Шкет, 40 гадоў
  16. Станіслаў Яраховіч, 34 гады

Сьпіс юрыдычных асоб

  1. Менскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407
  2. Барысаўскі завод плястмасавых вырабаў
  3. Віцебскі завод электравымяральных прыбораў
  4. Кавальскі завод цяжкіх штамповак у Жодзіне
  5. Менскі завод «Тэрмапляст»
  6. Магілёўскае прадпрыемства «Ольса»
  7. Ашмянская «Радыётэхніка»
  8. Горацкая вытворчасьць вайсковай тары ў папраўчай калёніі «ИК 9»
  9. Бабруйская «НафтаХімДыягностыка».
  10. Менская філія расейскай кампаніі «Чып і Дып», якая займаецца электроннымі кампанэнтамі
  11. Менскае прадпрыемства «407 Тэхнікс», якое займаецца рамонтам авіяцыйнай тэхнікі
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG