Першапачаткова ведамства на грузінамоўнай і англамоўнай вэрсіях сайта апублікавала розную статыстыку. Графы з лічбамі былі ідэнтычныя, аднак частка краін, у тым ліку Беларусь, знаходзіліся на розных месцах, а некаторыя прысутнічалі ў адной табліцы і адсутнічалі ў іншай. Абедзьве табліцы сьведчылі аб скарачэньні беларускай дыяспары, але абсалютныя лічбы не супадалі.
«Позірк» накіраваў у Сакстат запыт з просьбай патлумачыць сытуацыю.
У адказе ведамства гаворыцца, што, «на жаль, пры падрыхтоўцы англійскай вэрсіі файла здарылася тэхнічная памылка, у выніку якой у сьпісе краін былі пазначаныя некарэктныя зьвесткі па некалькіх краінах». Сакстат прынёс «прабачэньні за непаразуменьне».
Такім чынам, паводле канчатковых афіцыйных зьвестак, у 2025 годзе ў Грузію прыбыло 1.938 мігрантаў зь беларускім грамадзянствам (957 мужчын, 981 жанчына), выехала з яе — 2.065 (1.088, 977), або на 127 больш.
У 2024 годзе з Грузіі выехала на 147 беларускіх мігрантаў больш, чым заехала ў яе (2.598 супраць 2.451). Гэта азначае, што хуткасьць скарачэньня дыяспары ў 2025 годзе зьменшылася на 13,6%.У 2023-м заехала ў Грузію і засталося ў ёй 3.557 беларусаў, выехала з яе 4.537 мігрантаў, або на 980 больш. Сумарна за тры гады адмоўнае сальда склала 1.254 чалавекі.
На 1 студзеня 2026 года ў Грузіі пражывала 12.681 мігрант новай хвалі, або на 9% менш, чым на 1 студзеня 2023-га (13.935).
Беларускія мігранты масава сяліліся ў Грузіі ў 2022 годзе, вынікае са зьвестак Сакстата. Тады прыехала 13.361 чалавек, выехала — 852 (дадатнае сальда — 12.509).
У 2021 годзе сальда таксама было дадатным (+1.426), але маштабы міграцыі меншыя: заехала 1.583 чалавекі, выехала — 157.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У першым квартале 2026 году ўлады Грузіі выслалі рэкордна шмат беларускіх грамадзянМясцовыя ўлады (кіроўная партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі) не далі прытулак нікому з тых, хто зьвярнуўся. Фіксаваліся выпадкі адмовы ва ўезьдзе актывістам дыяспары пасьля «візарана» — абнуленьня тэрміну знаходжаньня (у краіне можна бесьперапынна знаходзіцца да года).
У лютым 2026 года прэм’ер-міністар Грузіі Іраклій Кабахідзэ паведаміў, што дазвол на жыхарства ў краіне маюць 3.738 беларускіх грамадзян. Ён жа раскрыў пляны выслаць з краіны на працягу года 4 тыс. нелегалаў, што ўтрая больш, чым было дэпартавана летась (1.311). У першым квартале было выслана 904 чалавекі, у тым ліку 8 беларусаў (рэкорд не толькі квартала, але і года).
Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі пачаў бесьперапынныя рэйды па выяўленьні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле зьвестак «Позірку», заходзілі таксама. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі аб выдварэньні замежнікаў паводле надуманых падставаў.
1 траўня на V Канфэрэнцыі беларусаў сьвету лідэрка дэмсілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла «Позірку», што ў цяперашніх абставінах няма магчымасьці дамаўляцца з уладамі Грузіі пра «нейкія крокі па прызнаньні пратэрмінаваных пашпартоў або па выдачы «пашпартоў замежніка».
Сытуацыю ў Грузіі ў гэтым пляне палітык назвала «не лепшай». «Але калі ў людзей такая ўжо цяжкая сытуацыя, то працуем з нашымі замежнымі партнэрамі — Польшчай, Літвой, каб людзей эвакуіраваць, калі, напрыклад, там нешта пагражае», — паведаміла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Парлямэнт Грузіі ўвёў візу для «лічбавых качэўнікаў». Што гэта значыць для беларусаўМатэрыял актуалізаваны на падставе адказу, атрыманага «Позіркам» з Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі на запыт аб розьніцы зьвестак на грузінамоўнай і англамоўнай вэрсіях сайта ведамства.