Пра гэта паведамляюць грузінскія СМІ, у тым ліку партал Newsgeorgia. Новая віза будзе шматразовай, кароткатэрміновай, з тэрмінам дзеяньня да пяці гадоў. Яна дазволіць знаходзіцца ў Грузіі да 12 месяцаў. Папраўкі ўнесеныя ў закон «Аб прававым становішчы іншаземцаў і асоб без грамадзянства».
Каго закране новая віза?
Разьлічваць на атрыманьне C5 змогуць грамадзяне так званых «бясьпечных краін», якія ўяжджаюць у Грузію з турыстычнымі мэтамі і працуюць дыстанцыйна выключна на кампаніі-нерэзыдэнты. Таксама візу змогуць атрымаць сямейнікі заяўніка — муж або жонка, а таксама дзеці да 18 гадоў. Якія менавіта краіны будуць лічыцца «бясьпечнымі», пакуль не ўдакладняецца. Кошт афармленьня візы складзе ад 20 да 500 долараў.
Новыя падставы для адмовы
Законам таксама прадугледжаная паскораная выдача віз і новая падстава для адмовы —"дзяржаўная іміграцыйная палітыка«. Калі іншаземцу адмовяць па гэтай падставе, рашэньне нельга будзе абскардзіць.
Паралельна парлямэнт у паскораным парадку прыняў зьмены ў закон «Аб працоўнай міграцыі». На іншаземцаў, якія працуюць дыстанцыйна на замежныя кампаніі або выконваюць кароткатэрміновыя прафэсійныя задачы ў межах часовых праектаў, нормы гэтага закона распаўсюджвацца ня будуць.
Як гэта закране беларусаў
Беларускі праваабаронца Раман Кісьляк, які жыве ў Грузіі, лічыць, што новыя папраўкі — гэта спроба ўладаў тэрмінова выправіць наступствы нядаўняга ўзмацненьня міграцыйнага заканадаўства.
«Грузінскія ўлады, абараняючы працоўныя месцы грамадзян Грузіі — найперш таксістаў і кур’ераў — значна ўскладнілі прававое становішча іншаземцаў і ўвялі „права на працоўную дзейнасьць“. Але пасьля гэтага яны нечакана ўбачылі, што разбураюць той „працоўны афшор“, які раней прыцягваў у краіну шмат качэўнікаў, у тым ліку беларусаў», — тлумачыць Кісьляк для Свабоды.
Паводле яго, шмат беларусаў выбіралі Грузію дзякуючы простым умовам вядзеньня бізнэсу, лёгкай рэгістрацыі ІП і нізкім падаткам.
«Многія беларусы пераносілі ў Грузію сваю падатковую юрысдыкцыю, нават не жывучы тут пастаянна. Хтосьці рэгістраваў ІП і плаціў падаткі ў Грузіі, хтосьці пераяжджаў сюды менавіта з прычыны гэтай свабоды», — адзначае праваабаронца.
Ён дадае, што пасьля апошніх зьменаў частка беларусаў ужо прыпыніла прадпрымальніцкую дзейнасьць і перастала плаціць падаткі, а іншыя задумваюцца пра пераезд у іншыя краіны.
«Прывабны вобраз Грузіі ў падатковай сфэры паступова руйнуецца. Там, дзе па некаторых відах дзейнасьці падатак складаў усяго 1% ад даходу, цяпер з’яўляецца ўсё больш бар’ераў», — кажа Кісьляк.
На яго думку, увядзеньне візы C5 — гэта спроба грузінскіх уладаў мінімізаваць шкоду ад ранейшых рашэньняў і захаваць цікавасьць замежных спэцыялістаў да краіны.
- Пасьля 2020 года Грузія стала адной з папулярных краін для рэлякацыі беларусаў — як для IT-спэцыялістаў, так і для фрылянсэраў, прадпрымальнікаў і людзей, што працуюць дыстанцыйна. У Грузію шмат пераяжджалі беларусы, якія ўцякалі ад палітычнага перасьледу.
- Па дадзеных праваабаронцаў у Грузіі знаходзіцца да ста прасіцеляў прытулку з Беларусі.
- У 2025 годзе ўлады Грузіі адмовілі ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі. У цэнтар часовага разьмяшчэньня пры Дэпартамэнце міграцыі МУС Грузіі летась было накіравана пяць беларусаў, шэсьць нашых суайчыньнікаў былі высланая з краіны, паведамляла крыніца Позірк са спасылка на Нацыянальную паліцыю Грузіі.
Форум