Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі другі раз адмовіў беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку ў палітычным прытулку ў Грузіі.
Пра гэта Раман Кісьляк паведаміў Свабодзе 27 сакавіка. Паводле Кісьляка, рашэньне было прынятае яшчэ летась у сьнежні, але а пра яго стала вядома толькі цяпер.
«Гэта быў паўторны зварот па прытулак па новых абставінах. З 1 кастрычніка мінулага года распачатая новая працэдура атрыманьня прытулку ў Грузіі. Цяпер перш чым зарэгістраваць заяўніка ў якасьці „прасіцеля прытулку“ ягоная заява павінна быць прызнана прымальнай. Вось мне і адмовілі на гэтай самай першай стадыі. Адзіны момант, гэтае пытаньне дэпартамэнт павінен быў разгледзець за 10 дзён, а яны расьцягнулі яго разгляд на 4 месяцы. Падобна яны проста забылі пра мяне, а калі пра сабе нагадаў, то заднім чыслом аформілі адмову», — распавёў Свабодзе Раман Кісьляк.
Праваабаронца з Берасьця Раман Кісьляк зьехаў зь Беларусі ў ліпені 2021 году, асьцерагаючыся рэпрэсій, апынуўся ў Грузіі і з таго часу дамагаецца палітычнага прытулку.
У 2023 годзе Дэпартамэнт міграцыі Грузіі ўжо адмовіў Кісьляку ў прытулку, але гарадзкі суд Тбілісі гэтае рашэньне адмяніў. Аднак летась Апэляцыйны суд адмяніў рашэньне гарадзкога суду Тбілісі адносна справы Рамана Кісьляка і рашэньне Дэпартамэнта міграцыі ўступіла ў сілу: цягам 30 дзён той мусіў з’ехаць з Грузіі, калі б не знайшоў абгрунтаваньня свайго далейшага знаходжаньня ў краіне.
Тады беларускі праваабаронца падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, якая была зарэгістраваная, што дазволіла яму заставацца ў Грузіі.
Цяпер Раман Кісьляк намераны абскардзіць адмову ў прытулку ў гарадзкім судзе Тбілісі, дзе раней ужо дамагаўся адмены папярэдняга рашэньня. Паводле Кісьляка, у Грузіі ён працягвае праваабарончую дзейнасьць — юрыдычнымі парадамі дапамагае беларусам, якія апынуліся ў гэтай краіне.
Па дадзеных праваабаронцаў у Грузіі знаходзіцца да ста прасіцеляў прытулку з Беларусі.
У 2025 годзе ўлады Грузіі адмовілі ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі. У цэнтар часовага разьмяшчэньня пры Дэпартамэнце міграцыі МУС Грузіі летась было накіравана пяць беларусаў, шэсьць нашых суайчыньнікаў былі высланая з краіны, паведамляла крыніца Позірк са спасылка на Нацыянальную паліцыю Грузіі.