0:00 Візыт у Чэхію: узнагароды, новыя саюзы і нечаканыя сустрэчы
3:52 Што цяпер можна і варта рабіць беларусам
5:08 Чаму Севярынец ня йдзе ў Каардынацыйную Раду
7:40 Пазытыўны падыход: чаму гэта паратунак
9:19 Як вера дапамагае за кратамі
13:03 Месца Курапатаў у памяці беларусаў
16:15 Беларускамоўнасьць за мяжой
Пра візыт у Чэхію
— Павал, ваш першы візыт пасьля атрыманьня літоўскага пашпарта іншаземца — у Чэхію, дзе вельмі шчыльная праграма: ад хрысьціянскага форуму да чарнобыльскай канфэрэнцыі. Раскажыце пра яго, калі ласка.
— Найперш было запрашэньне ад чэскіх хрысьціянскіх дэмакратаў на іхны зьезд. У іх мянялася кіраўніцтва, мяняўся кірунак працы. Давялося там выступіць, атрымаць узнагароду ад старшыні чэскіх хрысьціянскіх дэмакратаў і пазнаёміцца з новым кіраўніком. Вельмі харызматычны чалавек, на яго многія ўскладаюць надзею і нават кажуць, што ён ёсьць адзінай альтэрнатывай сёньняшняму папулісту Бабішу.
— Гэтымі днямі вы былі разам зь Сьвятланай Вранавай, чэшкай, якая дзякуючы вам вывучыла беларускую мову, якая пераклала, напэўна, усе вашыя творы, езьдзіла ў Беларусь. Ці можаце патлумачыць, чаму яна так уцягнулася ў Беларушчыну?
— Сьвятлана — цудоўная чэшка і цяпер ужо цудоўная беларуска. Яна ведае беларускую мову лепш за многіх і многіх беларусаў. Яна — верніца пратэстанцкай царквы. Яна сьведчыць сама, што да яе прамовіў Бог і сказаў: «Беларусь — гэта тваё». І вось чалавек узяўся вывучаць беларускую мову, узяўся езьдзіць і знаёміцца зь беларускімі хрысьціянамі, беларускімі палітыкамі, перакладаць кнігі. Яна пераклала ня толькі мае кнігі, але і кнігу Зьмітра Дашкевіча, і іншыя. Яна вядзе велізарную працу дзеля дапамогі беларускім палітвязьням. Мы зь ёю былі зь бел-чырвона-белым сьцягам у пратэстанцкай царкве, дзе праскія хрысьціяне маліліся за Беларусь. Гэта было да сьлёз. Шмат чэскіх каталіцкіх і пратэстанцкіх СМІ, СМІ агульнапалітычнага кірунку ведаюць Сьвятлану, яна для іх такі народны амбасадар Беларусі.
— Ці прыходзілі ад Сьвятланы Вранавай вам лісты за краты?
— Прыходзілі на Валадарку лісты ня толькі ад яе, але яшчэ ад тых вернікаў, якіх яна абуджала маліцца і выступаць за Беларусь. А потым нам забаранілі ўсякія лісты ад несваякоў, і, на жаль, тады ліставаньне спынілася.
«Мая формула – гэта Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску»
— Павал, мінула больш за чатыры месяцы пасьля вашага вызваленьня і вымушанага выправаджэньня з радзімы. Як цяпер вы бачыце сытуацыю ў Беларусі, што ў гэты момант можна і варта рабіць?
— Вельмі дзякую тым, хто дапамагаў нас вызваляць — адміністрацыі прэзыдэнта Трампа, вельмі ўдзячны Літве, якая нас прыняла, Польшчы, якая прыняла таксама шмат каго зь беларускіх палітвязьняў, іншым краінам. Беларусы, беларуская салідарнасьць плюс гэтыя краіны стварылі ўсе ўмовы для таго, каб можна было сапраўды вызначацца, якой справай хочаш заняцца. Для мяне не стаіць пытаньне — натуралізавацца або асымілявацца ў Эўропе. Для мяне пытаньне адно: мы павінны вызваліць Беларусь, дзеля гэтага зьбіраць усе сілы. І таму цяпер якраз працуем разам з Волечкай над тым, каб такую працу наладзіць. Тут і відэа, тут і беларускія кнігі, і асьвета, і адукацыя, і партыйная праца, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Бярэмся за тое, што было недароблена, бо мы павінны рыхтавацца да змаганьня і да перамогі.
— Былы палітвязень Уладзімер Мацкевіч, калі я зь ім гутарыла празь месяц пасьля яго вызваленьня, сказаў, што нацыянальная ідэя — гэта вяртацца ў Беларусь. Паводле вас, якая цяпер нацыянальная ідэя?
— Нацыянальная ідэя ў беларусаў была і ёсьць адна. Мая формула — гэта Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску. Гэта значыць беларуская форма, беларуская мова і беларуская культура для найвышэйшай маралі. Народ, які зараз на геапалітычным скрыжаваньні, які зараз перад пагрозай ядзернай вайны, які ў самым фокусе, у самым цэнтры пагрозаў і чаканьняў, павінен быць на вялізнай маральнай вышыні. Мы павінны разумець, што мы адказныя перад мінулымі, а асабліва перад будучымі пакаленьнямі, за тое, якую Беларусь мы зможам адваяваць і пабудаваць. Для нас цяпер вырашальны час. Многія, можа быць, не разумеюць, але дынаміка калясальная. Як мяняецца сьвет нават з пачатку гэтага году: Вэнэсуэла, Куба, Іран, ідуць гаворкі пра ўсясьветную вайну, пра перадзел сьвету. І беларусы павінны ня зьнікнуць. Беларусы павінны выканаць сваё пакліканьне і сваю місію. Удзел у гэтым я лічу зараз галоўнай задачай для кожнага беларуса, які любіць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля вызваленьня з-пад арышту за акцыю ў Курапатах Севярынец перш-наперш паехаў туды зноў«Збоку нават часам выглядае, што Каардынацыйная рада больш разьядноўвае, чым яднае, а яе пакліканьне — менавіта яднаць беларусаў»
— Вы вельмі актыўна ўключыліся ў грамадзка-палітычнае жыцьцё, узначалілі аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Волі. Неўзабаве адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду. А чаму вы не ідзяце на выбары ў Каардынацыйную раду?
— Прапановы былі наконт Каардынацыйнай рады, і я разумею, што гэта пакуль, напэўна, адзіная пляцоўка, дзе беларусы могуць галасаваць. Гэта плюс для Каардынацыйнай рады. Зь іншага боку, вельмі шмат скандалаў, вельмі шмат размоваў пра тое, што плён працы там — фактычна высьвятленьне адносінаў. Збоку нават часам выглядае, што Каардынацыйная рада больш разьядноўвае, чым яднае, а яе пакліканьне — менавіта яднаць беларусаў. Таму я тут узяў паўзу. Гэта добрая рэч — паглядзець. Я думаю, што нікуды ад нас палітычныя працэсы не падзенуцца. Сам ня ўдзельнічаю, але сымпатызую некаторым людзям, якія вылучаюцца, і думаю, што гатовы буду сказаць бліжэй да саміх выбараў у Каардынацыйную раду пра свае сымпатыі да гэтых людзей.
— Падазраю, што былі прапановы ня толькі балятавацца ў Каардынацыйную раду, але далучыцца да структураў дэмакратычных сілаў, да офісу Сьвятланы Ціханоўскай, да Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Былі такія прапановы?
— Прапановы былі. І я вельмі паважаю працу тых людзей, якія прапаноўвалі супрацу, якія прапаноўвалі далучацца. Дарэчы, ня толькі Офіс, ня толькі Кабінэт, але і іншыя палітычныя сілы. Але сваё пакліканьне як хрысьціянскі дэмакрат я разглядаю ў тым, каб даць пэўную сярэдзіну, пэўны цэмэнт для яднаньня беларусаў. Гэта зараз выключна важна. Або мы будзем адзіныя, або нас ня будзе. І таму мы, хрысьціянскія дэмакраты, пакліканыя несьці тое, што па-ангельску называецца gluing, склейваньне, цэмэнтаваньне. А дзеля гэтага трэба быць не на нейкім адным баку і не належаць да нейкай пэўнай фармацыі, пазыцыі ці апазыцыі, а старацца пачуць усіх і старацца працаваць дзеля ўсіх. Тое, што я стараўся зрабіць падчас арганізацыі Дня Волі: размаўляў з усімі, з рознымі было па-рознаму, але я чуў, слухаў, я бачыў, як шмат здольных і таленавітых людзей. Вельмі моцна шкадаваў і шкадую, што шмат гэтай энэргіі траціцца на высьвятленьне міжасабовых адносінаў, і мару, каб беларусы змаглі дамовіцца. Вырашальны час набліжаецца, я ў гэта веру, і нам трэба рыхтавацца да яго.
«Знутры Беларусі людзі вельмі хочуць бачыць згоду сярод тых, хто змагаецца за Беларусь»
— Я чытаю рэгулярна вас у сацыяльных сетках, вы пра розных людзей пішаце. Ваша пазыцыя цяпер — бачыць толькі пазытыўнае ў людзях, у зьявах, падкрэсьліваць пазытыўнае, пакінуць убаку, у мінулым нешта нэгатыўнае. Які плён мае гэты падыход, асабліва цяпер, калі, як вы кажаце, дастаткова шмат розных спрэчак — дробных, ня дробных, з розных нагодаў?
— Пазытыўны падыход — гэта практычна адзінае, што зараз нам, беларусам, застаецца. Мы павінны бачыць добрае адзін у адным. «Беларус беларусу беларус» азначае ня проста тое, што мы кажам добрыя словы, а тое, што мы стараемся аддаць сябе, стараемся загладзіць або не заўважаць памылкі, якіх у нас саміх хапае. Мы ўсе людзі грэшныя, мы ўсе памыляемся. І ня трэба рабіць выключэньне — што хтосьці там беспамылковы або сьвяты. Але тады, калі мы вызнаем найвялікшай каштоўнасьцю асобу, чалавека, беларуса, нашу любімую Беларусь, мы павінны разумець, што тут адзін пра аднаго — толькі добрае. І гэта вельмі запатрабаваная пазыцыя. Знутры Беларусі людзі вельмі хочуць бачыць згоду сярод тых, хто змагаецца за Беларусь. Гэта галоўнае патрабаваньне. Ня тое, хто там больш гучна крыкне ці больш крута выглядае, а гэта пытаньне, наколькі вы сябры разам, наколькі вы можаце выйсьці шчыльнымі радамі.
— Я ведаю, што вы прыйшлі да Бога, калі першы раз трапілі за краты. Паводле вашых назіраньняў, як шмат людзей у няволі становяцца вернікамі, знаходзяць апірышча ў гэтым? Які патэнцыял у гэтага?
— Я думаю, што людзі, якія мяняюцца самі, мяняюцца да лепшага знутры, яны пэўным чынам сьвецяць, пэўным чынам даюць узор і іншым. І ўзор гэты ня толькі ў тым, што яны робяцца хрысьціянамі, належаць да якой-небудзь канфэсіі і пачынаюць, напрыклад, казаць рэчы, сугучныя з хрысьціянскай дэмакратыяй або зь беларускай гісторыяй. Тут пытаньне яшчэ і ў тым, што гэта паказвае: выпрабаваньні, турмы, усё тое зло, якое творыцца зараз у Беларусі, яно робіць людзей лепшымі. Бог абарочвае зло на дабро. Тое, што адбываецца зараз з беларусамі, — гэта не нагода для расчараваньня, каб пасыпаць галаву попелам і казаць: «О, родная Беларусь, ты зноў пакутуеш». Ня трэба ныць, ня трэба адчайвацца, ня трэба расчароўвацца. Трэба разумець, што гэта падкачка, трэнінг перад вырашальным рыўком, трэба разумець, што мы, беларусы, як нацыя, атрымліваем гарт. І тыя людзі, якія выходзяць і кажуць пра Бога, пра змаганьне, пра свабоду, гатовыя працаваць і змагацца далей, такія, як Эдуард Пальчыс, або Мікола Дзядок, або Мікіта Залатароў, яны ў маім разуменьні — будучыня беларускай палітыкі, тыя, хто павядуць Беларусь далей.
Пра выжываньне за кратамі
— Я шмат чытала мэмуараў былых вязьняў сталінскіх лягераў. І Ларыса Геніюш, і Надзея Раманаўна Дземідовіч — яны згадваюць, што ў сталінскім ГУЛАГу карнікі зь вернікамі нічога не маглі зрабіць. Наколькі вера — гэта спосаб выжываньня за кратамі, наколькі гэта дазваляе абараніць сябе ў зьняволеньні?
— У маім выпадку часта гэта было проста ратаваньне. Магу сказаць, што калі б я ня верыў, калі б я не маліўся, не чытаў Біблію, то вельмі можа быць, што і зламаўся б, вельмі можа быць, што і наклаў бы на сябе рукі, бо там адбываліся страшныя рэчы. Там ёсьць рэчы, якія часта чалавечымі сіламі не адолець. Вядома, ёсьць і страх, там бывае і паніка, там усякі чалавек — няма жалезных людзей — сутыкаецца з такой сытуацыяй, у якой высьвятляецца, будзе ён ці не. І тут я мог абапірацца толькі на Бога. Тут я мог насьледаваць Хрысту, які маўчаў перад сваімі судзьдзямі. Я чытаў Салжаніцына. Я зразумеў, што і ў яго, і ў ягоных палітычных паплечнікаў у ГУЛАГу быў таксама такі стандарт паводзінаў: мы можам маўчаць, мы можам проста стаяць годна, проста вытрымліваць — і гэта працуе. Таму вера моцна трымае. Яна яшчэ больш трымае ў вольным сьвеце, калі шмат сумненьняў, шмат спакусаў і шмат такіх ваганьняў ці хістаньняў. Бог вядзе і трымае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Павал Севярынец: «Толькі ў турме разумееш, як тваё сэрца закамянела на волі»«Курапаты — нацыянальны нэкропаль. Першым дарадцам у гэтай справе, вядома, будзе Зянон Пазьняк»
— Дваццаць пяць гадоў таму, у верасьні 2001 году ў Курапатах, я была сьведкай, як вы спынілі будаўнічыя працы пашырэньня кальцавой дарогі на Курапаты. Тады паўстала Вахта памяці на восем месяцаў, і пашырэньне гэтай дарогі ішло ўжо пад кантролем грамадзкасьці. Вялікая частка вашага жыцьця зьвязаная з Курапатамі, з рознымі этапамі змаганьня за Курапаты, месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, дзе паводле розных падлікаў ад сарака да двухсот тысяч чалавек былі расстраляныя. Некалькі гадоў ішло змаганьне супраць рэстарану «Поедем поедим» ля Курапатаў. Цяпер мы мала ведаем, што адбываецца ў Курапатах. Часам прыходзяць зьвесткі пра чарговыя акты вандалізму. Мы ня ведаем, ці там бываюць талокі, ці ўпарадкоўваецца гэтае месца, ці замяняюць крыжы, якія маглі проста састарэць. А што гэтае месца для вас азначае і што могуць зрабіць людзі, якія цяпер у Беларусі, для Курапатаў?
— Курапаты былі і застаюцца адным з найважнейшых месцаў у беларускай гісторыі. Як нацыянальны нэкропаль — там столькі нявінных людзей забіта. Гэта ў нацыянальным маштабе месца, куды пакаленьні павінны прыходзіць: хтосьці каяцца, хтосьці вучыць гісторыю. І вось сярод гэтых бароў, на гэтых узгорках, вельмі часта ўзьнікаюць хвалі нацыянальнага адраджэньня, як гэта было, напрыклад, калі паўставаў Беларускі Народны Фронт, або калі аднаўляўся беларускі рух у пачатку двухтысячных. Таму і сёньня кожны чалавек можа бесьперашкодна прыехаць туды, пастаяць каля гэтых магілаў, паглядзець на гэтыя веснавыя кветкі, якія прабіваюцца з-пад зямлі, паправіць крыж. Зразумела, што ня ўсе могуць пра гэта расказваць у сацыяльных сетках, але тут гаворка пра нас саміх, пра нашыя сэрцы. І, я думаю, гэтая варта памяці ў Курапатах, вольная, можа быць, неарганізаваная, асабістая, павінна працягвацца.
— Калі будзе вяртаньне ў Беларусь, што зробіце ў Курапатах?
— Курапаты — гэта нацыянальны нэкропаль. Першым дарадцам у гэтай справе, вядома, будзе Зянон Пазьняк, які Курапаты адкрыў калісьці. Я памятаю, мы лічылі, што там павінен быць музэй. Магчыма, там можа быць проста капліца ці малітоўныя месцы для ўсіх канфэсіяў. Там можа быць і павінна быць нейкая адпаведная экспазыцыя, каб можна было ня толькі беларусам, але і людзям з усяго сьвету туды прыяжджаць. Але ў кожным разе гэта будзе адно з самых важных і знакавых месцаў Беларусі на дзяржаўным, на ўрадавым узроўні. Безумоўна, у праграме візыту для кожнага высокага замежнага госьця, які будзе прыяжджаць у новую Беларусь Курапаты павінны быць нумарам адзін.
— Хацела згадаць дыскусію ў сацсетках, якую распачаў былы палітвязень Аляксандар Фядута, адрэагаваўшы на рэпліку нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага пра тое, што па-расейску трэба выдавацца ў Расеі. Дыскусія вакол гэтай тэмы вывела на іншую праблему — хто купляе кнігі па-беларуску ў эміграцыі. Высьветлілася, што калі ня будзе прададзены пераклад на беларускую «Восені патрыярха» Маркеса, кнігі зьнішчаць адпаведна ўмовам выданьня перакладу. Рэч у тым, што калі людзі ў выгнаньні ня маюць уласных кватэраў, часта пераяжджаюць, то яны проста ня могуць купляць кнігі. Якое вашае бачаньне аптымальнай працы беларускіх выдавецтваў за мяжой?
— У першую чаргу скажу, што я з задавальненьнем чытаў бы Аляксандра Фядуту па-беларуску. Нам трэба разумець, і тут я падтрымліваю Алеся Бяляцкага, што калі беларус ня будзе размаўляць зь беларусам па-беларуску, ніякай Беларусі ў нас ня будзе. Гэта тым больш трэба разумець разумным і адукаваным людзям, якія цудоўна валодаюць беларускай мовай. Таму, беларусы, размаўляйце па-беларуску — гэта адзін са шляхоў да перамогі.
Адносна кніг: ёсьць праблема, якую вы згадалі, і няшмат грошай у беларусаў у эміграцыі, і няма дзе папяровыя кнігі захоўваць — гэта ўсё ёсьць. Але я перакананы, што далёка не да ўсіх беларусаў, якія зараз за мяжой, мы дайшлі.
Я паспрабую гэта рабіць у рамках прэзэнтацыі сваіх кніг. У сярэдзіне траўня чакаю выхаду кнігі «Беларусь — гэта сьвятое» — гэта турэмныя малюнкі, выслоўі й вершы. Сьледам за ё/ выйдуць яшчэ некалькі кніг, якія я напісаў у зьняволеньні. Паспрабую пракатаць такую схему, каб у кожнай краіне, дзе жывуць беларусы, прайшоў шэраг прэзэнтацыяў, каб дасягнуць тых людзей, якія не цікавіліся, не хадзілі на палітычныя, ці грамадзка-палітычныя, ці нават культурніцкія беларускія імпрэзы. Пастараемся праз сацыяльныя сеткі, асабістыя сувязі, праз цэрквы дабрацца да гэтых людзей. Патэнцыял Беларусі і беларусаў, якія зараз ёсьць за мяжой, — сотні тысяч людзей — далёка не ахоплены. І я думаю, што пытаньне з распаўсюдам беларускіх кніг будзе паціху-патроху вырашацца, калі мы будзем бачыць, наколькі шмат беларусаў.
У адной Вільні дзясяткі тысяч беларусаў. Гэта дальнабойнікі, гэта айцішнікі, якія жывуць сваім жыццём. Яны расчараваныя ў выніку бясконцых сварак ці спрэчак, расчараваныя адсутнасьцю перамогаў, але ніхто не адмяняў мяккую культурніцкую стваральную працу, ніхто не адмяняў крананьня сэрцаў — ад сэрца да сэрца — беларускай мовай. І ўключыць гэта, паспрабаваць гэта зрабіць — тое, што мы зараз абдумваем з нашай камандай.
— Дзеля справядлівасьці скажу, што Аляксандар Фядута вельмі добра гаворыць па-беларуску.
— Так, абсалютна. Таму ніякіх пытаньняў. Мой заклік да яго: спадар Аляксандар, будзем чытаць па-беларуску, пішыце.
«Маша Калесьнікава будзе і размаўляць па-беларуску зь беларусамі, і як мага больш даваць інтэрвію беларускім СМІ»
— Павал, перад запісам інтэрвію вы згадвалі, як ва Ўкраіне разам з Уладзем Лабковічам каля паўгадзіны размаўлялі з Марынай Калесьнікавай па-беларуску. Раскажыце пра гэта.
— Маша цудоўна размаўляе па-беларуску яшчэ з тых часоў, як мы пачыналі ў «Маладым Фронце». Яна была адной з зорак у той час. І яна гэтага не забыла. Не забываецца тое, што перажываецца ў юнацтве, — сьветлае, такое проста за ідэю, за Беларусь. Я думаю, што гэта адна з прычын, якія штурхнулі Машу ў 2020 годзе прыняць такі бліскучы ўдзел у той палітыцы, у той кампаніі. І я веру, што ніякія выпрабаваньні, ніякія, можа быць, крыўды ці перажываньні ў турме ці пасьля турмы ня змогуць зьнішчыць Беларусь у сэрцы. Вельмі спадзяюся, што Маша Калесьнікава будзе і размаўляць па-беларуску зь беларусамі, і як мага больш даваць інтэрвію беларускім сродкам масавай інфармацыі, вернецца ў беларускую палітыку менавіта ў рэчышчы беларускіх інтарэсаў, бо той патэнцыял, які яна выявіла ў дваццатым годзе, не павінен прапасьці. Мы ня можам раскідвацца такімі людзьмі, як Сяргей Ціханоўскі ці Маша Калеснікава, — ні ў якім разе. Мы павінны залучаць іх у агульныя, самыя шчыльныя шэрагі.
— Марыя добра гаворыць па-ангельску і па-нямецку, гаворыць па-беларуску. Як падштурхнуць яе ў публічнай прасторы гаварыць па-беларуску, як вы мяркуеце?
— Я думаю, што тут патрэбная асабістая праца. Думаю, што тут таксама патрэбна добразычлівае стаўленьне. Думаю, што тым, хто абвінавачвае зараз Машу, варта ўзяць трошкі іншы тон. І, ведаючы, што мы павінны кожнага чалавека, а асабліва такіх каштоўных людзей, прыцягваць да Беларусі і да беларускасьці, проста казаць: «Маша, мы ўсе можам памыляцца ці мы ўсе можам чагосьці не разумець. Рана ці позна мы ўсе прыходзім да Беларусі і беларускасьці. Рана ці позна мы разумеем, што гэта як матуля. Проста часам у юнацтве ці, можа, у сталым веку мы гэтага не заўважаем ці гэтым грэбуем, але чым далей, тым больш мы разумеем, што бяз гэтага ніяк». І вось любоўю, не тлумачэньнем, чаму ты ня так сказала ці ня так выказалася, а якраз проста любоўю і адкрытасьцю трэба прыцягваць. Калі і трэба выяўляць любоў, то якраз да тых людзей, якія могуць дапамагчы Беларусі вырвацца.
«Прапановай, якая набрала найбольш галасоў, быў „Постскрыптум ад Паўла Севярынца“»
— Быў рэкордна хуткі збор на стварэньне вашага YouTube-каналу, на грамадзка-палітычную працу фактычна. Што цяпер адбываецца? Калі пачне працаваць YouTube-канал? Я бачыла, што вы зьвярталіся да аўдыторыі ў сацыяльных сетках з пытаньнем, якія прадукты яны хацелі б бачыць на гэтым YouTube-канале. Раскажыце, калі ласка: як гэта рухаецца ўсё, калі чакаць першых стрымаў?
— Фактычна мы гатовыя ўжо цяпер. Але пакуль ідуць выбары ў Каардынацыйную раду, мы вырашылі, што гэта можа згубіцца, бо вельмі шмат палітычнага інфармацыйнага шуму. Таму адразу пасьля заканчэньня выбараў у Каардынацыйную раду, у канцы траўня, хутчэй за ўсё, мы запусьцім YouTube-канал. Большасьць людзей хацела б там бачыць і філязофскія эсэ, і палітычную аналітыку, і нейкія турэмныя ўспаміны. Усяго патроху — гэта больш за палову галасоў цяпер. Але ёсьць людзі, якія гавораць: «Не, толькі гэта, ён павінен быць спэцыялізаваны, гэты канал». Паглядзім, як пойдзе. Я лічу, што пакуль у Беларусі не перакрылі YouTube, маем магчымасьць працаваць на Беларусь, на беларусаў. Будзем спрабаваць казаць ім пра тое, што мы перажываем тут, што мы можам зрабіць для беларусаў цяпер, падбадзёрваць. Мы можам рабіць тое, чаго ня могуць рабіць людзі ў Беларусі. І мы абавязаныя гэта зрабіць.
— А якая будзе каманда? Я так разумею, Волечка будзе апэратарам?
— У нас ёсьць цэлая каманда маладафронтаўцаў. Я ня буду зараз апублічваць прозьвішчы, яны вядомыя. Мы разумеем, што Беларусі зараз патрэбна працая сэрца, такая праца, якая яднае, якая дзейнічае любоўю, якая дае веру, надзею, натхненьне. Гэтага вельмі не хапае Беларусі і беларусам. У веруючых людзей гэта ёсьць. І я думаю, што мы пастараемся дзяліцца і працаваць разам у бліжэйшыя месяцы.
— Як будзе называцца YouTube-канал?
— Прапановай, якая набрала найбольш галасоў, быў «Постскрыптум ад Паўла Севярынца», P. S. скарочана. Канчатковы выгляд каналу будзе зразумелы ўжо ў канцы месяца.
Your browser doesn’t support HTML5
Сын, турма і здрада. Вялікая размова з Вольгай Севярынец
«Францішку больш падабаецца хадзіць у беларускую гімназію ў Вільні, чым у школу ў Беларусі»
— Ваша жонка Вольга ў Беларусі шмат гадоў вяла даволі пасьпяховы хрысьціянскі бізнэс. А чым яна займаецца цяпер, як яна бачыць сваю будучыню? Я маю на ўвазе ня толькі ў сям’і, але і працу.
— Волечцы нялёгка даўся гэты пераезд. Можна сабе ўявіць: там бацькі, сям’я, сябры. Там зноў жа і крамка, зноў жа і машына. То бок там тыя рэчы, безь якіх яна цяпер. Яна проста выехала з сынам у белы сьвет фактычна з адной валізкай. Гэта сапраўды вельмі цяжка. І першыя некалькі тыдняў гэта вельмі адчувалася. Францішак, дык той вельмі лёгка перанёс. Ён кажа: «О, тата, усё, мы дома, усё цудоўна». Яму больш падабаецца хадзіць у беларускую гімназію ў Вільні, чым у школу ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, мы будзем працаваць дзеля людзей, якія хочуць выдаваць, людзей, якія хочуць чытаць па-беларуску, пісаць па-беларуску. І Волечка, вядома, як заўсёды, гэта найпершы сябра, памочнік нумар адзін у камандзе.
— Раскажаце трошкі больш пра кнігі?
— «Беларусь — гэта святое» ўжо падрыхтаваная да друку. Я спадзяюся, што прыеду з прэзэнтацыямі і ў Беласток, і ў Варшаву, і ў іншыя гарады, куды запрашалі, і ва Ўкраіну таксама. Вельмі спадзяюся, што выйдзе і кніга-казка, якую я напісаў для Францішка. Ёсьць ужо аўдыёварыянт, робім малюнкі. Ёсьць кніга пра пяцьсот беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак. Эсэ пра кожнае паселішча, каб нам асэнсаваць, што гэта такое. Гэта цікава будзе ў першую чаргу тым, хто там нарадзіўся, тым, чыё жыцьцё зьвязанае з кожным з гэтых гарадоў ці вёсак. Беларускі каляндар — пра трыста шэсьцьдзесят шэсьць дзён таксама эсэ. Кніга пра беларускія камяні. Як геоляг я, пакуль сядзеў, згадваў, пісаў таксама эсэ пра беларускія камяні, у тым ліку і каштоўныя камяні, яны ў Беларусі ёсьць. Кніга турэмных нататак будзе пра тое, што там адбывалася. Часткі я ўжо зараз паціху публікую на Facebook. Ну і кніга пра беларуска-хрысьціянскае трыадзінства — гэта Беларусь як стык трох канфэсіяў, сусьветны стык, адказ на пытаньне, для чаго існуе Беларусь. Гэтая больш філязофская кніга таксама гатовая. Яе трэба толькі падрыхтаваць да друку і выдаць.
— Вельмі практычнае пытаньне. Не дазваляюць жа з турмы рукапісы выносіць, так?
— Не дазваляюць. І ў мяне забралі абсалютна ўсё на выхадзе. Але я пісаў матулі, Волечцы і Францішку ў лістах. Некаторыя рэчы даводзілася пісаць пад выглядам фэнтэзі для Францішка. Напрыклад, трэці «Беларусалім», які яшчэ дапрацоўваю, завяршэньне раману-трылёгіі, давялося пісаць пад выглядам якраз фэнтэзі: эльфы, гномы, памяняць назвы герояў. Праз год опэраддзел гэта прачухаў, і такія лісты мне забаранілі. Але, зь іншага боку, пісаць пра гарады, пісаць пра дні календара — што тут такога? Гэта ўсё засталося ў Волечкі і ў матулі. Мы гэта адзьнялі, зрабілі лічбавы варыянт. Цяпер у нас ёсьць Gemini, штучны інтэлект, ён вельмі добра счытвае рукапісы. Я пішу друкаванымі літарамі, таму ён вельмі добра счытвае гэты тэкст — і практычна гатовы набор. Таму ў мяне зараз практычна на руках гэтыя сем кніг. Вершы нельга было адсылаць. Калі я сядзеў у штрафным ізалятары або ў памяшканьні камэрнага тыпу, там забаранялі адсылаць наагул. Там, вядома, даводзілася спадзявацца на памяць. Больш за дваццаць вершаў, якія зараз выйдуць у кнізе, мне даводзілася кожны аўторак паўтараць. У мяне аўторак быў: я барабаніў больш чым дваццаць вершаў на памяць, каб не забыцца на іх. Выйшаў — аднавіў.
— Вы сказалі, што Францішак значна больш ахвотна ходзіць у віленскую беларускамоўную гімназію, чым у школу ў Беларусі. Раскажыце пра гэта. З кім ён пасябраваў ужо? Як адбываецца яго інтэграцыя ў новае жыцьцё?
— У Вільні шмат зорак, я ня буду называць прозьвішчы, каб нікога не забыцца, не пакрыўдзіць. Там зорныя клясы. Заходзіш у гімназію, праводзіш сына ў школу і пачынаеш сустракацца: «Вітаньне, прывітаньне, ой, клясна». Там проста беларуская эліта, разумееце? І адпаведна дзеці, якія размаўляюць па-беларуску, якія цудоўна разумеюць, што такое Беларусь. Так шмат дзяцей, якія паміж сабой размаўляюць па-расейску, але той факт, што бацькі аддалі іх у беларускую гімназію, каб яны вучылі беларускую мову, таксама шмат пра што сьведчыць. І клясныя настаўнікі. Ад сэрца я скажу, што Францішак проста закахаўся ў настаўніцу, якая ў яго клясе. Проста любата глядзець. Дзіця хоча ў школу. Са мной такога ніколі не было ў Савецкім Саюзе.
— У працяг размовы пра пазытыўны падыход, пра тое, каб бачыць толькі добрае, падкрэсьліваць добрае. Ёсьць рэчы, пра якія трэба жорстка казаць. Я маю на ўвазе тое, што цяпер у Беларусі. Як пазытыўны падыход спалучаецца з тым, каб называць рэчы сваімі імёнамі? Ці час для гэтага?
— Безумоўна, для гэтага час. І тое, што ёсьць варожым для Беларусі, тое, што разбурае Беларусь, яно павінна называцца як належыць. Мы не павінны быць ружовымі поні і казаць, што мы будзем гладзіць па галоўцы тых самых кадэбістаў альбо спэцназаўцаў, якія б’юць людзей, катуюць іх. Ні ў якім разе. Я асабіста магу ім прабачыць, але цудоўна разумею, што абсалютная большасьць беларусаў будзе патрабаваць справядлівасьці і гэта абсалютна дарэчна. Нам трэба разумець, што нашы ворагі — гэта ня тыя, хто сярод беларусаў і ў Беларусі мысьліць па-іншаму, а тыя, хто робіць у Беларусі адкрытае зло. І супраць вось гэтых ворагаў трэба накіроўваць сваю энэргію, трэба разумець, што ні Пуцін, ні Лукашэнка, ні ягоная каманда ніколі, нягледзячы ні на якія дыялёгі, нягледзячы ні на якія перамовы, проста ня будуць будаваць Беларусь, яны будуць яе разбураць.
Можна згадаць, якія складаныя былі адносіны, якія сваркі былі ў свой час паміж братамі Луцкевічамі і Ластоўскім. Каго гэта зараз цікавіць, каго гэта зараз кранае? Гэта абсалютна непатрэбным аказалася. Яны побач стаяць ува ўсіх падручніках, яны проста волаты беларускасьці. І навошта тады траціць сілы на тое, каб абвінавачваць адзін аднаго ў тым, што там вы няправільна зрабілі, там вы ня так сказалі. Усе беларусы павінны зьяднацца дзеля таго, каб даваць адпор ворагам. Ворагі ёсьць, іх шмат.
— Павал, вы маеце магчымасьць зьвярнуцца да нашай аўдыторыі цяпер. Магчыма, вам патрэбная падтрымка, дапамога, магчыма, вы хочаце іх заклікаць нешта зрабіць?
— Дарагія беларусы, вялікая падзяка вам за тое, што падтрымлівалі і маліліся, за падтрымку і маёй сям’і, і семʼяў усіх палітычных зьняволеных. Вялікая падзяка тым, хто працягвае змагацца, і вялікая павага тым, хто застаецца ў Беларусі незламаным. Зараз ня час адчайвацца, ня час расслабляцца, зараз той час, калі куецца будучыня Беларусі. Мы атрымалі такі гіганцкі гарт пасьля 2020 году дзеля таго, каб зрабіць вырашальны рывок. Ён набліжаецца. Сьвет мяняецца вельмі імкліва. І калі мы будзем мець веру, калі мы будзем мець любоў, калі мы будзем захоўваць надзею, — верым, можам, пераможам.