Ужо сёньня: дзень памяці Францішка Багушэвіча

Францішак Багушэвіч, 1890-я гады

Падзеі 28 красавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

28 красавіка 1900 году памёр Францішак Багушэвіч, паэт, празаік, асьветнік, юрыст, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., адзін з пачынальнікаў нацыянальнага Адраджэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гарантыя ад сьмерці нацыі». Сяргей Дубавец пра актуальнасьць Францішка Багушэвіча

Таксама ў гэты дзень

1512 — аб’яднанае войска ВКЛ і польскай кароны пад камандай Канстанціна Астроскага нанесла паразу войску крымскіх татараў пад Вішняўцом (Цярнопальшчына, Украіна).

1802 — паўстанец і кампазытар Міхал Кляофас Агінскі на стала пераяжджае ў маёнтак Залесьсе каля Смаргоняў. Тут будзе напісаны палянэз «Разьвітаньне з Радзімай», шырока вядомы як Палянэз Агінскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адноўленая сядзіба Агінскага ў Залесьсі стала «Музэем году» ў Беларусі

1918 — Народны Сакратарыят Беларусі прыняў пастанову пра адкрыцьцё ў Менску ўнівэрсытэту.

1919 — у Вільні пачала выходзіць газэта «Беларуская думка», выйшла 56 нумароў, закрытая польскімі ўладамі.

1945 — італьянскія партызаны-антыфашысты расстралялі Бэніта Мусаліні, заснавальніка італьянскага фашызму.

1954 — БССР уступіла ў Сусьветную арганізацыю працы.

1995 — у Маладэчне пачала выходзіць «Рэгіянальная газэта».

1996 — у Менску пачалася галадоўка кіраўнікоў БНФ Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка. За дзень да гэтага іх пасадзілі ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага за арганізацыю Чарнобыльскага шляху. Зьняволеньне Хадыкі і Сіўчыка цягнулася каля месяца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Дзевяноста шосты»: Ельцын просіць Лукашэнку не расстрэльваць Сіўчыка і Хадыку

1996 — выйшаў у сьвет першы том Беларускай энцыкляпэдыі.

2001 — у космас паляцеў першы турыст. Амэрыканскі інжынэр Дэніс Ціта за свой тыднёвы палёт у расейскім «Саюзе» заплаціў 20 мільёнаў даляраў.

У гэты дзень нарадзіліся

1839Мсьціслаў Камінскі, этнограф і фальклярыст.

1859Кіпрыян (Цыпрыян) Кандратовіч, генэрал, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., чалец ураду БНР.

1886Мікалай Міхалап, мастак-кераміст, графік, дызайнэр, фатограф.

1949Уладзімер Буднік, кампазытар, аўтар папулярных беларускамоўных песень.

1953Валянціна Аксак, паэтка.

Свабода
як сэрафім з шасьцю крыламі:
двума ён
вочы свае захінае, каб Бога ня бачыць,
бо ня варты небнае звышнасьці;
яшчэ двума шчытна
ногі свае атуляе,
каб Бог ня бачыў
ягонай зямное існасьці;
трэцяю ж параю крылаў
увесь час трапеча над намі,
утвараючы мройлівы дым,
празь які мы яго
ніколі ня бачым.

1956Антаніна Хатэнка, паэтка, этнакультуроляг.

Любоў Тваю прымаю, Божа, —
і зь пекла вырастаю ў рай.
Хай дапаможа й пераможа
мая Свабода Выбіраць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паэтка Антаніна Хатэнка атрымала літаратурную прэмію імя Міхася Стральцова

1986Віталь Рыжкоў, паэт і перакладнік.

мы ніколі ня вернемся
бо вяртацца ня будзе куды
нібы рыбы шукаючы нерасту
ў рацэ без вады

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Думаю, я спаліў тысячы сваіх вершаў». Вялікая размова зь Віталём Рыжковым пра вяртаньне пасьля 10 гадоў перапынку

У памяці

1944Ільдэфонс Бобіч, каталіцкі сьвятар, пісьменьнік (Пётра Просты), вёў беларускамоўныя набажэнствы.

2021Іосіф Несьцяровіч, кіраўнік ансамблю народнай музыкі «Церніца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памёр кіраўнік ансамбля беларускай песьні «Церніца» Іосіф Несьцяровіч. У яго быў каранавірус