9 красавіка Лукашэнка правёў новыя прызначэньні чыноўнікаў. Віцэ-прэм’ерам, адказным ва ўрадзе за будаўніцтва, стаў Аляксандар Церахаў, міністрам культуры — Марат Маркаў (раней быў міністрам інфармацыі). Новым міністрам інфармацыі стаў Дзьмітры Жук, да гэтага ён узначальваў выдавецкі дом «Беларусь сегодня», то бок выпускаў асноўную дзяржаўную газэту.
У Беларусі некаторых профільных чыноўнікаў мяняюць ледзь ня кожны год, а іншыя захоўваюць свае пасады даўжэй, чым адзін прэзыдэнцкі тэрмін — 5 гадоў. Глядзім, хто зь цяперашніх міністраў і кіраўнікоў уплывовых дзяржаўных установаў — асноўныя «доўгажыхары» на сваёй пасадзе.
Нязьменны сілавы блёк і міністар спорту
Былы вайсковец і супрацоўнік службы бясьпекі Лукашэнкі Сяргей Кавальчук займае сваю пасаду найдаўжэй з усіх дзейных міністраў — больш за 8 гадоў. Яго прызначылі яшчэ ў сакавіку 2018-га, калі Беларусь без усялякіх праблем магла выступаць на міжнародных спаборніцтвах па ўсім сьвеце. Уводзілі санкцыі, беларускія спартоўцы ўсё радзей маглі езьдзіць выступаць у заходнія краіны, а былы сілавік Кавальчук заставаўся міністрам. Ягонае імя ўнесенае ў санкцыйныя сьпісы Літвы, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіны.
Усе іншыя кіраўнікі міністэрстваў і ўплывовых ведамстваў, якія захоўваюць свае пасады 5 гадоў і болей, — гэта сілавы блёк.
Віктара Хрэніна Лукашэнка прызначыў міністрам абароны ў студзені 2020 году, на пасадзе ён 6 гадоў і 3 месяцы.
Вайскоўцаў пры міністру Хрэніну актыўна залучалі ў задушэньне пратэстаў у 2020 годзе. Яны ахоўвалі аб’екты падчас масавых пратэстаў і ўдзельнічалі ў «зачыстках». Напрыклад, 11 жніўня 2020 году ад агнястрэльнага раненьня загінуў Генадзь Шутаў. Пасьля яго пасьмяротна асудзілі, а пацярпелымі ў справе праходзілі вайскоўцы сілаў спэцыяльных апэрацыяў прапаршчык Галіцын і капітан Гаўрылаў. З словаў сябра Шутава, Аляксандра Кардзюкова, якраз гэтыя вайскоўцы стралялі ў іх, у выніку чаго загінуў Генадзь. Аляксандра Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калёніі, ён дагэтуль за кратамі.
Старшыня КДБ Іван Тэртэль захоўвае сваю пасаду 5 гадоў і 7 месяцаў, яго прызначылі кіраваць у верасьні 2020 году. Да прызначэньня Тэртэль займаў розныя кіроўныя пасады ў КДБ, а таксама непрацяглы час узначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Іван Кубракоў узначальвае МУС з канца кастрычніка 2020 году, займае пасаду 5 гадоў і 5 месяцаў. Кубракова прызначылі на замену Юрыю Караеву, які пабыў міністрам 1 год і 4 месяцы. Чаму Лукашэнка замяніў Караева проста падчас пратэстаў, дагэтуль не зусім зразумела. Але ў выніку менавіта Івана Кубракова называюць архітэктарам сыстэмы задушэньня пратэстаў у Менску. Да прызначэньня міністрам ён кіраваў сталічнымі сілавікамі. Уладам мяняць яго цяпер нявыгадна, мяркуе прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар.
Уладзімер Жыгар
«Ён кіраваў задушэньнем пратэстаў у Менску з кастрычніка 2020 году. Да таго кіравалі іншыя людзі, аднак іх эфэктыўнасьць улады ацэньвалі як нізкую. Калі прызначылі Кубракова, многае з таго, што ён дагэтуль рэалізоўваў у Менску, пачало ажыцьцяўляцца ў іншых месцах. Ён падключаў такі жывёльны энтузіязм, спрабаваў прымяняць нейкую крэатыўнасьць у такіх умовах, і, вядома ж, гэта задавальняла Лукашэнку», — гаворыць Жыгар.
Яшчэ адзін «доўгажыхар» на адказнай пасадзе — дзяржаўны сакратар Савету Бясьпекі Аляксандар Вальфовіч. Яго прызначылі ў студзені 2021 году, гэтую пасаду былы першы намесьнік міністра абароны займае 5 гадоў і 2 месяцы.
Таксама больш за 5 гадоў сваю пасаду займае кіраўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Вадзім Сіняўскі (5 гадоў і 1 месяц).
Пасьля 2020 году памяняліся 5 міністраў сельскай гаспадаркі і 5 міністраў прамысловасьці, 4 міністры інфармацыі, 3 міністры культуры і 3 кіраўнікі МЗС.
Чаму кіраўніцтва сілавога блёку так доўга не мяняюць
Прадстаўнікі сілавога блёку так доўга захоўваюць свае пасады, бо ў 2020 годзе яны дапамаглі Лукашэнку захаваць уладу і ён на іх трымаецца, кажа намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былы міністар культуры Павал Латушка.
Павал Латушка
«Гэта падмурак Лукашэнкі, які ўратаваў яго ад страты ўлады ў 2020 годзе. Сілавікі гарантуюць яму далейшую адносную бясьпеку на ўзурпаванай пасадзе. Ён не рызыкуе ісьці тут на зьмены ўжо працяглы час, бо гэта дэстабілізуе сытуацыю ў сілавым блёку. Але пасьля падзеяў 2020 году ён накіраваў у адстаўку старшыню КДБ Валера Вакульчыка, зьняў дзяржаўнага сакратара Андрэя Раўкова, які выказаў думку аб немэтазгоднасьці ўжываньня сілы да пратэстоўцаў, у 2021 годзе зьняў старшыню Сьледчага камітэту Івана Наскевіча, бо той прапаноўваў распачаць справы супраць сілавікоў — удзельнікаў рэпрэсіяў. Адправіў у адстаўку кіраўніка МУС Юрыя Караева, бо ён быў вельмі таксычны. Але ім знайшлі іншыя пасады — у цывільных структурах, даўшы права на другое жыцьцё ў гэтых структурах», — прыгадвае Павал Латушка.
Павал Латушка заўважае, што новыя прызначэньні міністраў могуць адбыцца з ініцыятывы Лукашэнкі або прэм’ер-міністра сумесна з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта тычыцца ўсіх міністраў, апроч сілавога блёку, кажа суразмоўца.
«Што да сілавога блёку, то рашэньне і ініцыятыва ў большай ступені залежыць ад Лукашэнкі. Таксама адпаведную прапанову можа ўносіць дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі, цяпер гэта Вальфовіч», — дадае Латушка.
Паводле Канстытуцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў урад ідзе ў адстаўку, але частка міністраў можа захоўваць свае пасады, іх могуць перапрызначыць.
Паводле прадстаўніка BelPol Уладзімера Жыгара, з гледзішча ўладаў сілавы блёк добра працуе, бо нікога не даводзіцца пераўпэўніваць спыніць рэпрэсіі.
«Да той часткі працы, якая даручаная і Кубракову, і Тэртэлю, у Лукашэнкі мінімум пытаньняў. Ніхто не прыходзіць з прапановай адпусьціць гайкі, рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца. Рэжым ня хоча бударажыць гэтую сыстэму новымі прызначэньнямі. Новы чалавек будзе нешта рабіць па-іншаму, могуць быць кадравыя зьмены — сыстэме гэта ня трэба. Іншых міністраў мяняюць, бо там нізкая эфэктыўнасьць. А тут з гледзішча сыстэмы задача выконваецца, арганізоўваецца бясьпека рэжыму. Аднак гэта калі казаць пра палітычныя справы і палітычны аспэкт, не пра злачыннасьць агулам. Бо там якраз сытуацыя пагаршаецца ў шэрагу кірункаў», — зазначае Жыгар.
Сярод ранейшых міністраў у гісторыі сучаснай Беларусі былі пэрсоны, якія займалі сваю пасаду 10 і болей гадоў. Калі адлічваць ад 2010-х, то сьпіс «доўгажыхароў» выглядае наступным чынам.
Уладзімер Вашчанка
Уладзімір Вашчанка — Міністэрства надзвычайных сытуацыяў
студзень 2010 — сакавік 2021
11 гадоў 2 месяцы
Сяргей Налівайка
Сяргей Налівайка — Міністэрства падаткаў і збораў
студзень 2014 — студзень 2025
11 гадоў
Уладзімер Макей
Уладзімер Макей — Міністэрства замежных справаў
жнівень 2012 — лістапад 2022
10 гадоў 3 месяцы
Алег Сьліжэўскі
Алег Сьліжэўскі — Міністэрства юстыцыі
травень 2011 — жнівень 2021
10 гадоў 3 месяцы
Ірына Касьцевіч
Ірына Касьцевіч — Міністэрства працы і сацыяльнай абароны
студзень 2017 — сакавік 2024
7 гадоў 2 месяцы