Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволенага на 10 гадоў сьведку забойства Генадзя Шутава прызналі палітвязьнем. Заключэньне праваабаронцаў па справе


Працэс у справе Аляксандра Кардзюкова, архіўнае фота

25 лютага судовая калегія Берасьцейскага абласнога суду прызнала Аляксандра Кардзюкова вінатым у спробе забойства ў сувязі з ажыцьцяўленьнем пацярпелым службовай дзейнасьці.

На падставе ч.1 арт. 14, п.10 ч.2 арт. 139 КК абвінавачанаму прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам 9 гадоў, на падставе ч.2 арт. 363 КК — пазбаўленьне волі на 2 гады. Канчаткова —10 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі.

Памерлы Генадзь Шутаў быў прызнаны вінаватым у супраціве асобе пры выкананьні ёй абавязкаў па ахове грамадзкага парадку, што было спалучана з выкарыстаньнем гвалту. Прысуд у дачыненьні да яго вынесены без прызначэньня пакараньня.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці, прааналізаваўшы прысуд і іншыя даступныя крыніцы інфармацыі, прыйшлі да высноваў:

  • Па-першае, недапушчальна і незаконна прыцягваць вайскоўцаў Узброеных сіл для выкананьня неўласьцівых ім функцый — падаўленьня пратэстаў грамадзян краіны.
  • Па-другое, у Беларусі адсутнічалі масавыя беспарадкі пасьля выбараў прэзыдэнта ў жніўні 2020 году, а мелі месца мірныя пратэсты, удзельнікі якіх неабгрунтавана зазнавалі жорсткае абыходжаньне і катаваньні, якія да гэтага часу не расьсьледаваныя.
  • Між тым сьледзтва вызначыла, што летась 11 жніўня меў месца «высокі ўзровень пагрозы масавых беспарадкаў», у сувязі з чым да аховы грамадзкага парадку былі прыцягнутыя вайскоўцы. У тым ліку — капітан Гаўрылаў і прапаршчык Галіцын ад сіл спэцыяльных апэрацый.
  • Названыя вайскоўцы былі ўзброеныя баявымі пісталетамі з 16 патронамі на кожнага, апранутыя ў грамадзянскую вопратку і мелі задачу выяўляць «арганізатараў і завадатараў». Іншымі словамі, «мімікрыравалі» пад удзельнікаў: пляскалі ў далоні, уцякалі пры набліжэньні супрацоўнікаў міліцыі і г.д.
  • Позна ўвечары 11 жніўня паміж абвінавачанымі і пацярпелымі адбыўся канфлікт, вынікам якога стала гібель Генадзя Шутава і цялесныя пашкоджаньні ў пацярпелых, а таксама прастрэленыя бальконнае і аконнае шкло суседняга будынка з пападаньнем кулі ў столь кватэры.

«Мы прыходзім да высновы, што жорсткі прысуд ставіў за мэту апраўданьне парушэньня парадку нясеньня службы і ўжываньня зброі суб’ектамі сілавых ведамстваў. Ацэнка доказаў у розных аспэктах справы альбо праведзена павярхоўна і няпоўна, альбо з парушэньнем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці. Прымяненьне ўнутранага заканадаўства ў справе і ацэнка фактаў і доказаў насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязаньне ў дачыненьні да незалежнасьці і бесстароннасьці. Такім чынам, парушана права абвінавачаных на справядлівы разбор», — адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.

У сувязі з гэтым Аляксандар Кардзюкоў прызнаны палітычным зьняволеным. Падпісанты заявы запатрабавалі неадкладнага перагледзець прысуд і вызваліць Кардзюкова з-пад варты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG