Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка забітага Генадзя Шутава абскардзіла прысуд бацьку


Генадзь Шутаў

Дачка забітага Генадзя Шутава, Анастасія Баранчук, абскардзіла прысуд Берасьцейскага абласнога суду, які прызнаў яе бацьку вінаватым у супраціве вайскоўцу.

Як паведамляе БелаПАН, Анастасія Баранчук накіравала скаргу ў Вярхоўны суд.

25 лютага ў Берасьці абласны суд прызнаў Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова вінаватымі ў супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак. Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прысудзіла Кардзюкову 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Шутава прызналі вінаватым «без прызначэньня пакараньня». Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі.

Суд прайшоў у адкрытым рэжыме, закрытай была толькі частка паседжаньня на другі дзень, дзе агучваліся матэрыялы з «сакрэтнага тома» справы.

Пацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў мар’інагорскага спэцназу (вайсковая часткі № 89417 Сіл спэцыяльных апэрацый) — прапаршчык Арсеній Галіцын і капітан Раман Гаўрылаў. Паводле матэрыялаў справы і прызнаньняў самога Гаўрылава, менавіта ягоны стрэл зь пісталета Макарава стаў сьмяротным для Генадзя Шутава.

Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын падчас працэсу. Фота: Белсат
Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын падчас працэсу. Фота: Белсат

Што адбылося

Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту з двума асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.

Пасьля затрыманьня Аляксандра Кардзюкова перавялі ў СІЗА № 1 Менску і абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Празь некалькі месяцаў абвінавачаньне Кардзюкову перакваліфікавалі на частку 2 артыкула 139 КК — «замах на забойства».

Што стала вядома падчас суду

  • На судзе назвалі сапраўднае імя забойцы Генадзя Шутава.
  • Расказалі пра падрабязнасьці ўдзелу вайсковага спэцназу ў разгоне пратэстаў.
  • Вайскоўцы ў цывільным ня толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.
  • Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАП, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.
  • Працэс быў адкрыты, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спэцназаўцаў.
  • Адзіны цывільны сьведка забойства Шутава не пацьвярджае словаў вайскоўцаў.

Аляксандар Кардзюкоў нарадзіўся ў Кобрыні ў 1979 годзе. Жанаты, разам з жонкай гадуе непаўналетняе дзіця. У 2010 годзе быў асуджаны за хуліганства, адбыў пакараньне ў выглядзе грамадзкіх работ. Да 2011 году працаваў у аўтобусным парку Берасьця, пасьля першага суду займаўся падпрацоўкамі, зьбіраўся зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG