Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі караюць сілавікоў, якія сталі «ворагамі дзяржавы»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чаму ўлады так жорстка караюць былых сілавікоў, прызначаюць вялікія тэрміны, а ў калёніях ствараюць ім невыносныя ўмовы? Чаму ніводнага з асуджаных вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС, КДБ не памілавалі? Мы пагаварылі з прадстаўніком BelPol і былым вязьнем.

Колькі дакладна былых вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС, КДБ, Сьледчага камітэту (СК), пракуратуры асуджаныя і знаходзяцца за кратамі за «палітыку», падлічыць немагчыма. Справы разглядалі ў закрытым рэжыме, часта грамадзкасьць даведвалася пра іх постфактум, калі дзяржаўныя тэлеканалы паказвалі прапагандысцкія фільмы «пра здраднікаў».

Суды над былымі сілавікамі за пратэсты ў 2020 годзе працягваюцца дагэтуль: днямі вынесьлі прысуд былому міліцыянту, кіроўцу Дэпартамэнту аховы Віктару Антушэвічу — 4 гады «хіміі».

Пазбаўленьне вайсковых званьняў

Колькі сілавікоў не былі згодныя з тым, што адбывалася ў краіне ў 2020 годзе і пасьля, можна ацаніць толькі ўскосна. Так, 4 траўня 2021 году Лукашэнка падпісаў указ № 174, якім пазбавіў вайсковых і спэцыяльных званьняў тых сілавікоў, што перайшлі ў апазыцыю і падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. У сьпісе 86 прозьвішчаў службоўцаў розных ведамстваў: тры палкоўнікі, 18 падпалкоўнікаў, 11 маёраў, па 22 капітаны і старшыя лейтэнанты, таксама прапаршчыкі, старшыны, сяржанты.

У верасьні 2022 году Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін, падобны, указ № 332, якім больш за 80 былых сілавікоў, пракурорскіх работнікаў былі пазбаўленыя спэцыяльных званьняў і клясных рангаў. Акрамя таго, афіцэраў у адстаўцы ці ў запасе пазбаўлялі пэнсіяў і надбавак за дзяржаўную службу і асабістыя заслугі

Ад 10 да 25 гадоў турмы

10, 18, 23, 25 гадоў пазбаўленьня волі — звычайныя тэрміны для былых вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС, КДБ, СК, пракуратуры. Ды яшчэ крымінальныя артыкулы, якія да 2020 году ў Беларусі амаль не прымяняліся, кшталту 356-га — «здрада дзяржаве». Усяго за «здраду дзяржаве» з 2021 году ў Беларусі асудзілі больш за 100 чалавек.

Першымі асуджанымі на вялікія тэрміны за «здраду дзяржаве» былі падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч і капітан Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Дзяніс Урад. Былых сілавікоў, асуджаных за палітыку, накіроўваюць адбываць пакараньне не ў папраўчую калёнію № 3 «Віцьба», дзе сядзяць звычайна былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, МУС, СК і пракуратуры, а ў сумна вядомую наваполацкую ПК-1, якая славіцца жорсткімі ўмовамі ўтрымання.

Дзяніс Урад
Дзяніс Урад

Дзяніс Урад — былы спэцсувязіст Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў. 14 сакавіка 2021 году на дзяжурстве сфатаграфаваў сакрэтны ліст міністра ўнутраных справаў міністру абароны, у якім МУС прасіла накіраваць 50 вайскоўцаў «для аховы аб’ектаў». Набліжаўся Дзень Волі, і гэта выглядала як уцягваньне вайскоўцаў у магчымы разгон мірнай акцыі. Той ліст Урад пераслаў тэлеграм-каналу Nexta.

Вярхоўны суд ў закртым рэжыме прысудзіў Дзянісу Ўраду 18 гадоў пазбаўленьня волі за «здраду дзяржаве». Урад пачынаў адбываць пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1. У верасьні 2022 году яго перавялі на 3 гады на турэмны рэжым. Цяпер ён зноў у ПК-1 у Наваполацку.

Аляксей Храловіч — былы падпалкоўнік КДБ. Затрыманы 15 сакавіка 2021 году за «зьліў» тэлеграм-каналу Nexta тэлефонных размоваў лукашэнкаўскай прэс-сакратаркі Натальлі Эйсмант з службоўцамі пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.

22 сакавіка 2022 году Храловіч быў асуджаны на 10 гадоў калёніі строгага рэжыму і штраф 500 базавых паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу — «здрада дзяржаве». У чэрвені на АНТ паказалі прапагандысцкі фільм «Апэрацыя КДБ „Манкурты“», адкуль грамадзкасьць і даведалася пра справу Храловіча. Спачатку ён адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1, а ў лістападзе 2023 году пераведзены на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4.

Дзьмітры Пазьнякоў — былы вайсковец, выкладчык вайсковага факультэту БДУ. Пазьнякова абвінавацілі ў супрацы з выведкай Польшчы, у перадачы зьвестак пра вайскоўцаў. 23 лістапада 2023 году яго асудзілі на 19 гадоў — таксама за «здраду дзяржаве». У сьнежні на БТ паказалі фільм «Контравыведка КДБ Беларусі супраць спэцслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі». Паводле інфармацыі «Вясны», у калёніі палітвязьня катавалі з ужываньнем электрашокера, прымушалі падпісваць дакумэнты і пустыя аркушы, ня раз адпраўлялі ў ШЫЗА і ПКТ (штрафны ізалятар і «памяшканьне камэрнага тыпу»).

«На тваім месцы я б лепш павесіўся»

Былы палітвязень Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) таксама адбываў пакараньне у наваполацкай калёніі № 1 і быў у СІЗА КДБ. За кратамі ён перасякаўся з усімі ўзгаданымі сілавікамі і сьцьвярджае, што да былых «сваіх» адміністрацыя калёніяў і СІЗА ставіцца горш за ўсіх.

«Былога КДБіста Аляксея Храловіча даволі хутка перавялі з калёніі на турэмны рэжым у магілёўскую „крытку“. Дзяніс Урад у Наваполацку сядзеў, дык яго яшчэ былы начальнік калёніі Пальчык катаваў і казаў, што „на тваім месцы я б лепш павесіўся“. Яго таксама ў крытую турму ў Магілёў адправілі на тры гады.

Дзьмітрыя Пазнякова ў наваполацкай калёніі таксама адразу кінулі ў ШЫЗА, потым у ПКТ і адправілі ў турму. Недзе днямі я чытаў пра яго — што яго і электрашокерам білі і катавалі, прымушалі ў фільме зьняцца прапагандысцкім», — узгадвае былы палітвязень.

Аляксей Храловіч
Аляксей Храловіч

Што да СІЗА КДБ, так званай «амэрыканкі», усіх былых сілавікоў, асабліва з КДБ, б’юць, ствараюць невыносныя ўмовы, вельмі жорстка абыходзяцца, працягвае былы зьняволены.

«Там сядзеў нейкі КДБіст з Магілёва, дык яго тыдні два трымалі нават ня ў камэры, а ён амаль голы спаў у пакоі, дзе арыштаваных раздьзяваюць і рэчы правяраюць. У туалет яго амаль не вадзілі і не кармілі», — кажа Андрэй.

Былы супрацоўнік МУС, а цяпер прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар кажа, што ўлада жорстка помсьціць «сваім» — былым сілавікам, якія выявілі нязгоду зь ёю. Самога Жыгара завочна асудзілі на 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 200 тысяч рублёў (паводле ч. 3 арт. 130 — «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і ч. 1, 2 арт. 361-1 — «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» ByPol разам яшчэ зь пяцьцю паплечнікамі).

Ініцыятыву ByPol у кастрычніку 2020 году стварылі былыя сілавікі, што выступілі супраць рэпрэсіяў і гвалту. Улады прызналі яе «экстрэмісцкім фармаваньнем» і «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Уладзімер Жыгар кажа, што для сыстэмы сілавікі былі апірышчам яе абароны і адпаведна здрады зь іхнага боку быць не магло.

«Яны думалі, што сыстэма набору кадраў апрыёры працавала цудоўна, і не маглі дапусьціць, што ўнутры гэтай сыстэмы так шмат неляяльных людзей, якія ў час Х не паўстануць на абарону рэжыму.

Для Лукашэнкі гэтыя людзі — ворагі, якім ён ніколі не даруе. Лукашэнка ўспрымае гэта як асабістую здраду, і таму выносяцць такія прысуды з касьмічнымі тэрмінамі і так жорстка да іх ставяцца. Распраўляліся ня толькі з апазыцыяй, а з усімі, хто супраць Лукашэнкі», — разважае Ўладзімер Жыгар.

Папраўчая калёнія "Віцьба 3", дзе звычайна трымаюць асуджаных былых сілавікоў. "Палітычных" гэтае непісанае правіла не датычыць.
Папраўчая калёнія "Віцьба 3", дзе звычайна трымаюць асуджаных былых сілавікоў. "Палітычных" гэтае непісанае правіла не датычыць.

Для ўлады стала нечаканасьцю, што сярод вайскоўцаў, праваахоўнікаў, пракурорскіх работнікаў выявілася столькі нязгодных. Уладзімер Жыгар прывёў такую лічбу: толькі з цэнтральнага апарату МУС з канца 2020 па 2024 гады звольнілі больш за 500 супрацоўнікаў, прычым звальнялі людзей не адразу, а паступова.

«Многія падпісваліся за незалежных кандыдатаў. Гэтых супрацоўнікаў вадзілі на паліграф і ў выніку невялікімі партыямі або даводзілі да звальненьня, альбо звальнялі. А некаторых саджаюць: шукаюць фармальныя прычыны для затрыманьня і даюць такія шалёныя тэрміны.

Чаму ўлады не маглі разабрацца з усімі неляяльнымі адразу? Уявіцце сабе, што аграмадны орган кіраваньня беларускай міліцыяй у адзін момант пазбавіцца вялікай колькасьці супрацоўнікаў. Гэта можа дэстабілізаваць сытуацыю ўнутры, бо ніжэй маёра там на пасадах нікога няма, усе падпалкоўнкі-палкоўнікі. Таму невялікімі партыямі прыбіралі людзей, успрымаючы іх як ворагаў дзяржавы. Гэта будзе працягвацца і далей, сыстэма ня можа спыніцца», — мяркуе Ўладзімер Жыгар.

Да таго ж унутры сыстымы шмат даносчыкаў, кажа былы сілавік. Гэта праблема, на думку прадстаўніка ByPol, абвастрылася прынамсі ў МУС, калі на пасаду міністра ўнутраных справаў прыйшоў з КДБ Ігар Шуневіч.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

«„Данасіцельства“ стала звычайным у сыстэме. За стукацтва ўхвалялі, прапаноўвалі добрыя пасады, даносчыкі ішлі на павышэньне. А людзі крэатыўныя, з прынцыповай пазыцыяй заўсёды адчувалі ціск і рэдка прасоўваліся ў службе», — кажа Жыгар.

«Думаю, іх будуць вызваляць у апошнюю чаргу»

Ніводзін былы супрацоўнік КДБ, МУС, СК, вайсковец, былы пракурорскі работнік, юрыст за гэтыя гады ня быў памілаваны, з выняткам адваката Максіма Знака, якому прысудзілі 10 гадоў зьняволеньня. За кратамі застаюцца яшчэ 6 адвакатаў, якія атрымалі тэрміны ад 6 да 10 гадоў. Чаму Лукашэнка ня мілуе юрыстаў, праваахоўнікаў, сілавікоў?

«Лукашэнка разумее, што ў цэлым сытуацыя не кантралюецца так, каб можна было хоць крыху аслабіць гайкі. У глыбіні душы Лукашэнка перакананы, што гэтыя людзі — ворагі, яны яму здрадзілі. Плюс гэтыя людзі маюць пэўныя веды ў апэратыўна-пошукавай, юрыдычнай дзейнасьці, шмат чаго ведаюць. Тым больш такіх людзей давядзецца выправаджваць з краіны. Я думаю, іх будуць вызваляць у апошнюю чаргу. І гэта тычыцца ня толькі былых супрацоўнікаў, але і тых жа „рэйкавых партызанаў“ — усіх людзей, якія пераходзілі ад словаў да справы, былі больш актыўныя, валодаюць інфармацыяй, ведамі, якія актыўна супраціўляліся гэтай дыктатуры», — кажа Ўладзімер Жыгар.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG