Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знайсьці вінаватага». Чаму ў Беларусі некалькі гадоў запар масава гінуць каровы

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падзеж буйной рагатай жывёлы на некаторых фермах павялічыўся ў 4 разы. Паспрабавалі разабрацца, што адбываецца ў Беларусі зь сельскагаспадарчай жывёлай.

28 лютага, калі увесь сьвет сачыў за падзеямі ў Іране, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведваў сельскую гаспадарку «Нястанавічы-Агра», дзе асабіста інспэктаваў умовы ўтрыманьня цялят.

«Трэба па-чалавечы да іх ставіцца. Для мяне гэта дзіця. Для мяне гэта роднае. Таму я як чалавек не пераношу, калі гіне такая малютка. Чаму гіне? Таму што мы яе ня выратавалі. Так што мы за людзі тады?» — задаўся ён пытаньнем.

Такая пільная ўвага вышэйшага кіраўніцтва краіны да стану айчыннай жывёлагадоўлі тлумачыцца проста. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі сытуацыя з масавай гібеллю кароваў і цялят у Беларусі выглядае трывожна. А паводле неафіцыйных зьвестак усё яшчэ горш.

«Ува ўсіх вобласьцях падзеж толькі расьце»

Згодна з статыстыкай Белстату, пагалоўе буйной рагатай жывёлы у Беларусі з 2020 па 2025 год зьменшылася на 190 тысяч галоваў — да 4,097 мільёна.

Лукашэнка наведвае кароўнік малочнага комплексу «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, архіўнае фота
Лукашэнка наведвае кароўнік малочнага комплексу «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, архіўнае фота

Аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol мае свае зьвесткі знутры Беларусі. Паводле іх, толькі ў адной Магілёўскай вобласьці падзеж буйной рагатай жывёлы сёлета вырас на 144,5%. Гэта адбылося ўва ўсіх 18 раёнах Магілёўшчыны, кажа прадстаўнік арганізацыі Ўладзімер Жыгар.

«Сярэдні рост падзяжу ў некаторых раёнах павялічыўся ў 4 разы. Гэтая сытуацыя падобная ўва ўсіх вобласьцях. У Берасьцейскай вобласьці падзеж павялічыўся на 134,1%, рост адбыўся ў 14 з 16 раёнах вобласьці. У істоце, гэта адбываецца па ўсёй краіне. Недзе болей, недзе меней», — кажа суразмоўца.

Кароўнік у вёсцы Сушкі Камянецкага раёну. Ілюстрацынае фота
Кароўнік у вёсцы Сушкі Камянецкага раёну. Ілюстрацынае фота

Прадстаўнік BelPol спасылаецца на ўнутраныя дакумэнты Камітэту дзяржаўнага кантролю, якія трапілі ў арганізацыю. Паводле іх, сёлета ў Шклоўскім раёне за студзень загінулі 213 кароваў і цялят. Гэта ўдвая больш, чым у студзені летась. У Бабруйскім раёне ў студзені загінулі 88 жывёлінаў (амаль удвая больш, чым год таму), у Глускім — 85 (рост у 3,7 раза), у Кіраўскім — 84 (рост у 2,1 раза).

Прычыны такой статыстыкі — дрэннае ўтрыманьне жывёлы, неналежныя вэтэрынарныя ўмовы, зьвязаныя з вакцынацыяй, прышчэпкамі, кармленьнем, даводзіць суразмоўца.

«Усё гэта, як вынікае з дакумэнтаў, ад таго, што ў гаспадарак бракуе грошай купіць адпаведныя якасныя лекі ці кармы. Проста не стае грошай, таму гэта адбываецца», — гаворыць Жыгар.

Пры гэтым аб праблеме з падзяжом буйной рагатай жывёлы рэгулярна паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю. Напрыклад, у леташнім сьнежні паведамлялі пра такія факты ў Гомельскай вобласьці.

Фэрма ў вёсцы Дворышча Хойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Фэрма ў вёсцы Дворышча Хойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Прычынай тады афіцыйна назвалі тое ж, аб чым гаворыць Уладзімер Жыгар, — парушэньне тэхналягічных патрабаваньняў пры кармленьні і ўтрыманьні жывёлы.

Праблему сьмерцяў кароваў і цялят у Беларусі абмяркоўваюць на найвышэйшым узроўні. У мінулым траўні, напрыклад, яна дайшла да паседжаньня Савету міністраў. Лукашэнка тады патрабаваў завесьці на вінаватых крымінальныя справы.

Уладзімер Жыгар кажа, што комплексна на такіх нарадах ніхто нічога не вырашае. У выніку сілавікі проста шукаюць вінаватых падчас праверак.

«Для іх галоўны крытэр — знайсьці тут і цяпер вінаватага, прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці, даць справаздачу, што ён прыцягнуты, але яны не вырашаюць і ў высновах не паказваюць рэальную праблему. Бо немагчыма напісаць, што гэты сэктар абсалютна правальны і правал зьвязаны з сыстэмнымі недахопамі, якія былі гадамі. Зразумелая рэч, што гэты ланцужок выведзе на самы верх, у бок непасрэдна Лукашэнкі, які ўвесь час ганарыўся, пышыўся і апавядаў пра тое, як у Беларусі ўсё ў гэтым кірунку добра», — тлумачыць Жыгар.

«Жывёлу кормяць абы-чым»

Андрэй (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працуе вэтэрынарам больш за 20 гадоў. Пачынаў з абавязковай адпрацоўкі на дзяржаўным сельгаспрадпрыемстве, цяпер працуе на прыватным комплексе ў Менскай вобласьці. Кажа, што у прыватным сэктары праблемы гібелі цялят і кароваў амаль няма. Здараюцца літаральна адзінкавыя выпадкі.

«Я сам ужо даўно не сутыкаюся з такім. Ня памятаю нават, каб у гаспадарцы, дзе я працаваў, за месяц загінула адразу некалькі дзясяткаў жывёлін. Такога у нас не дапускаюць, гэта страты. Не хачу сказаць, што мы проста па-чалавечы ставімся да жывёлы, але па правілах усё. Яны распрацаваныя, корм разьлічаны, умовы ўтрыманьня, агляды вэтэрынарам плянавыя. Нічога складанага няма ў гэтым», — расказвае вэтэрынар.

Каровы на прыватнай фэрме ў Беларусі. Архіўнае фота
Каровы на прыватнай фэрме ў Беларусі. Архіўнае фота

З словаў суразмоўцы, пра афіцыйную статыстыку гібелі жывёлаў у Беларусі ён ведае. Прычыну гэтага бачыць у самой сыстэме дзяржаўных сельскіх гаспадарак.

«Там вельмі шмат стратных калгасаў. Кажу „калгасы“, бо яны і ёсьць калгасы, нічога не зьмянілася ў арганізацыі працы, толькі назва. Год прайшоў, справаздачы адправілі, у бюджэце мінусы, ім на нарадзе ў выканкаме зноў грошай далі. Каб толькі нешта рабілася, палі засейвалі, кароўнікі былі з каровамі. Як там каровы жывуць у гэтых кароўніках, пытаньне ўжо трэцяе. Грошай, каб іх карміць нармальна, лячыць, аглядаць, ужо няма. Жывёлу кормяць абы-чым, лечаць абы-як», — расказвае Андрэй.

Вэтэрынар дадае, што, акрамя дрэннага фінансаваньня, якога не хапае на добры корм для жывёлаў і ўтрыманьне ў патрэбным стане кароўнікаў і цялятнікаў, дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы маюць яшчэ адну праблему — недахоп кадраў, у тым ліку кваліфікаваных вэтэрынараў. З словаў Андрэя, яе разьвязаць фінансавымі ўліваньнямі зь дзяржаўнага бюджэту яшчэ складаней, чым праблему зь якасным кормам.

Перавозка кароваў. Шклоўскі раён, архіўнае фота
Перавозка кароваў. Шклоўскі раён, архіўнае фота

«Ежу для цялят яшчэ можна купіць, можна цялятніцы заплаціць больш, каб яна іх карміла адпаведна графіку, а не тады, калі на фэрму прыйшла. А дзе ўзяць вэтэрынара, калі ніхто ня хоча працаваць там? У „чалавечых“ паліклініках дактароў не хапае, чаго вы хочаце ад жывёлы. Усё гэта (стратныя дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы. — РС) трэба закрываць як мага хутчэй, зямлю дазволіць аддаваць у арэнду прыватнікам і не чапаць іх праверкамі і штрафамі. Тады, магчыма, нешта палепшыцца. Гадоў праз 10–15», — мяркуе суразмоўца.

Сьвіньні, козы, куры, коні

Згодна з дадзенымі Белстату, летась доля стратных арганізацыяў у сельскай гаспадарцы без уліку дзяржаўнай падтрымкі складала 50%, зь яе ўлікам — 6,1%.

Сёлета на сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія фінансуюцца зь бюджэту, хочуць патраціць 95,1 мільёна рублёў. Гэта на 24,8% больш, чым было ў 2025 годзе.

Пры гэтым у Беларусі зьніжаецца пагалоўе ня толькі буйной рагатай жывёлы, але таксама сьвіньняў, птушкі і іншых.

Сьвіней 5 гадоў таму было 2,853 мільёна галоваў, цяпер іх менш на 655,8 тысяч. Птушкі было 53 мільёны, стала 51,4 мільёна. Козаў — 57,6 тысяч, стала на 9,6 тысячы менш. Коней у 2020 у беларускіх гаспадарках трымалі 33 тысячы, летась іх заставалася 18 тысяч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG