Гэты крок — чарговая спроба прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прымусіць Іран пайсьці на саступкі, уключна з абавязаньнем не імкнуцца да валоданьня ядзернай зброяй ці сродкамі яе стварэньня. Блякада пачалася праз больш як месяц авіяўдараў і працяглых эканамічных санкцыяў, піша міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.
Вашынгтон мае значныя вайскова-марскія і паветраныя сілы ў рэгіёне, якія можна задзейнічаць для блякады. Для некаторых падразьдзяленьняў гэта будзе азначаць пераход ад авіяўдараў да перахопу цывільных суднаў.
Спроба рабіць гэта ў вузкай Армускай пратоцы ці каля яе можа паставіць караблі ЗША пад удар іранскага войска.
Некалькі тыдняў амэрыканскіх і ізраільскіх авіяўдараў моцна падарвалі патэнцыял Ірану, але Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі мае падразьдзяленьні з малымі катэрамі, якія працягваюць пагражаць караблям у Пэрсыдзкай затоцы.
Трамп прыгразіў ім ліквідацыяй, калі яны наблізяцца да амэрыканскіх сілаў, што забясьпечваюць блякаду. Але рызыкі іранскіх атак можна мінімізаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп прыгразіў зьнішчыць караблі, якія парушаць блякаду Армускай пратокіКаля 90% іранскай нафты ідзе ў Кітай, і заблякаваць гэты трафік сілы ЗША маглі б на аддаленьні. Нафтавыя даходы ад продажу нафты ў Кітай складаюць каля 45% дзяржаўнага бюджэту Ірану, гаворыцца ў інфармацыйным бюлетэні Кангрэсу ЗША.
Аднак гэта запатрабавала б патруляваньня значна шырэйшых марскіх адлегласьцяў, чым 30-кілямэтровая пратока.
Але Іран мае чым адказаць. Атакі падтрыманых Тэгеранам хусітаў у Емэне могуць прывесьці да закрыцьця Баб-эль-Мандэбскай пратокі — і страты рынкам каля 12% сусьветных паставак энэргіі, кажа лектар Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона Махамад Гаэдзі.
Паводле Трампа, блякада закране і судны, якія плацяць Ірану збор за праход цераз Армускую пратоку. «Ніхто, хто плаціць незаконны збор, ня будзе мець бясьпечнага праходу ў адкрытым моры», — заявіў ён.
Але такі падыход можа прывесьці да непрадказальных дыпляматычных наступстваў. Напрыклад, 10 красавіка з пратокі выйшлі два кітайскія караблі, паведаміла кампанія Windward. Невядома, ці плацілі яны Ірану па 2 мільёны даляраў за карабель. Дый такую аплату амаль немагчыма адсачыць, калі яе зрабілі ў крыптавалюце. Але захоп або агляд судна пад кітайскім сьцягам можа выклікаць сур’ёзную дыпляматычную напружанасьць акурат перад візытам Трампа ў Пэкін для сустрэчы зь Сі Цзіньпінам, заплянаванай на травень.