«Іранскі вайскова-марскі флёт ляжыць на дне мора, цалкам зьнішчаны — 158 караблёў. Мы не паразілі іх нешматлікія, як яны іх называюць, „хуткаходныя ўдарныя караблі“, бо не палічылі іх сур’ёзнай пагрозай. Папярэджаньне: калі які-небудзь з гэтых караблёў наблізіцца да нашай блякады, ён будзе неадкладна зьнішчаны з выкарыстаньнем той самай сыстэмы зьнішчэньня, якую мы ўжываем супраць наркагандляроў на лодках у моры», — напісаў ён у Truth Social.
Цэнтральнае камандаваньне ЗША раней заявіла, што 13 красавіка а 10:00 па паўночнаамэрыканскім усходнім часе (17:00 па менскім) пачне блякаду марскога трафіку ў іранскія парты. Абмежаваньні, як гаворыцца ў паведамленьні, закрануць усе караблі незалежна ад краіны, калі яны ідуць у іранскія парты або пакідаюць іх у Пэрсыдзкай і Аманскай затоках. Праход праз Армускую пратоку ў парты іншых краінаў не плянуецца абмяжоўваць.
Рашэньне прынятае пасьля правалу перамоваў ЗША і Ірану ў Ісламабадзе 11 красавіка. Бакі не дамовіліся наконт асноўнага пытаньня — ядзернай праграмы Тэгерану.
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі папярэдзіў, што будзе разглядаць набліжэньне вайсковых караблёў да пратокі як парушэньне рэжыму спыненьня агню і жорстка спыніць яго. Прадстаўнік іранскіх узброеных сілаў назваў дзеяньні ЗША «актам пірацтва» і прыгразіў, што ў выпадку пагрозы партам Ірану парты ў Пэрсыдзкай і Аманскай затоках ня будуць у бясьпецы.
Паводле The Wall Street Journal, у Белым доме абмяркоўваюць далейшыя крокі — ад вяртаньня да ўдараў па Іране да больш маштабнай апэрацыі, але апошні варыянт лічыцца менш імаверным. Крыніцы выданьня адзначылі, што адміністрацыя Трампа таксама разглядае варыянт кароткатэрміновай блякады з наступнай перадачай часткі адказнасьці за бясьпеку суднаходзтва саюзьнікам.
Пры гэтым саюзьнікі па NATO, уключна зь Вялікабрытаніяй і Францыяй заявілі, што ня будуць удзельнічаць у блякадзе, падкрэсьліўшы неабходнасьць аднаўленьня руху па Армускай пратоцы, церазь якую перавозяць пятую частку сусьветнага аб’ёму нафты, перадае Reuters.
Форум