Перамовы доўжыліся амаль суткі. Па словах Вэнса, яны былі «зьмястоўнымі», але Іран не пагадзіўся на ключавыя патрабаваньні ЗША адносна сваёй ядзернай праграмы і адкрыцьця Армузскага праліва.
Выступаючы перад журналістамі, Вэнс адзначыў, што Іран на дадзены момант не праяўляе палітычнай волі прыняць умовы ЗША. «І я лічу, што гэта значна горшая навіна для Ірана, чым для Злучаных Штатаў», — заявіў ён. Па словах Вэнс, Іран пакуль не прадэманстраваў гатоўнасьць даць абавязацельства не распрацоўваць ядзерную зброю ў будучыні.
«Мы зьяжджаем адсюль зь вельмі простай прапановай — гэта наш канчатковы і лепшы варыянт. Паглядзім, ці прымуць яго іранцы», — сказаў Вэнс. Перамовы прайшлі пасьля таго, як у аўторак бакі заявілі аб спыненьні агню на два тыдні. На гэты момант бакі не заяўлялі, што вернуцца да баявых дзеяньняў.
Іранскія СМІ абвінавацілі ў правале перамоваў ЗША.
Прадстаўнік МЗС Ірана Ісмаіл Бэкаі адзначыў, што бакі дасягнулі разуменьня па некаторых пытаньнях, але па дзьвюх-трох важных тэмах меркаваньні разышліся. «У гэтых перамовах зьявіліся некаторыя новыя тэмы, такія як тэма Армузскага праліва, і кожная зь іх мае сваю складанасьць», — адзначыў ён. Паводле слоў Бэкаі, перамовы «праходзілі ў атмасфэры недаверу і падазрэньняў».
У сваю чаргу Ісламабад заявіў, што працягне пасярэдніцтва ў дыялёгу ЗША і Ірана. «Мы спадзяемся, што абодва бакі працягнуць дзейнічаць у пазытыўным ключы для дасягненьня трывалага міру. Вельмі важна, каб усе бакі выконвалі свае абавязацельствы па спыненьні агню», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Пакістана.
Тэлеканал «Аль-Джазіра» паведамляе, што Пакістан прапанаваў Ірану і ЗША сумеснае патруляваньне Армузскага праліва.
Ці адбудзецца наступны раунд перамоваў, пакуль незразумела.
Пасьля завяршэньня сустрэчы ЗША з Іранам прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп апублікаваў у Truth Social спасылку на матэрыял журналіста Джона Саламона пад загалоўкам «Козыр у рукаве Трампа на выпадак, калі Іран не саступіць: марская блякада».
У артыкуле прыводзяцца ацэнкі экспэртаў, якія дапускаюць магчымасьць марской блякады Ірана па аналёгіі зь дзеяньнямі ЗША супраць Вэнэсуэлы.
«Па іроніі лёсу, вялізны авіяносец „Джэральд Форд“, які ўзначальваў блякаду Вэнэсуэлы, цяпер знаходзіцца ў Пэрсыдзкай затоцы», — гаворыцца ў публікацыі.
«Іранскі рэжым адчувае, што перамагае, — сказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэйсан Бродзкі, дырэктар па палітыцы некамэрцыйнай дасьледчай арганізацыі United Against Nuclear Iran. — Гэта дае Тэгерану сьмеласьць адмовіцца ад прапановы ЗША ў чарговы раз».
«Але ён рызыкуе перабольшыць свае магчымасьці, — адзначыў Бродзкі. — ЗША павінны зьмяніць іранскі падыход да прыняцьця рашэньняў, каб разбурыць гэтае ўспрыманьне перамогі. Гэта стварае ўмовы для ваеннай эскаляцыі».
Форум