Фільм зьнялі літоўскі рэжысэр Эймантас Бяліцкас у суаўтарстве зь беларускай журналісткай Александрынай Глаголевай, якая напісала сцэнар. Апэратарам быў Раймундас Развадаўскас, кампазытар — Андрус Мамантавас.
Беларускія актывісты ў Вільні маглі пабачыць гэты фільм раней, 27 сакавіка, а кінапаказы ў Літве пачаліся цяпер.
Стваральнікі стужкі расказалі, што хацелі паказаць гісторыю чалавека, якога называюць «усходнеэўрапейскім Нэльсанам Мандэлам». Праз успаміны блізкіх і паплечнікаў раскрываецца ня толькі ягоная барацьба з аўтарытарнай сыстэмай Беларусі, але і асабістае — падтрымка, любоў і салідарнасьць.
Аўтарка сцэнару журналістка Александрына Глаголева зьехала ў Літву ў 2020 годзе ад рэпрэсіяў. Рэжысэр Эймантас Бяліцкас сваімі вачыма падзеяў 2020-га ў Беларусі ня бачыў, але кажа, што «сачыў, суперажываў, чакаў, што станеце больш рашучымі».
Александрына Глаголева
Поўная заля ў віленскім кінатэатры Skalvija засьведчыла: беларускі кантэкст, жыцьцё і змаганьне за правы чалавека ў суседняй краіне літоўцам па-ранейшаму цікавыя.
Рэжысэр Эймантас Бяліцкас расказаў, што найбольш цікавіла яго ў асобе беларускага праваабаронцы.
«Алесь ведаў, што яго зноў арыштуюць, што там зь ім будзе, але застаўся, ня зьехаў з краіны. Калі я спрабаваў паставіць сябе на яго месца, то ня меў адказу, ці змог бы зрабіць тое самае. Гэта мяне зачапіла і дапамагала працаваць над фільмам. Шмат прачытаў пра падзеі ў Беларусі, Александрына шмат апавядала — і праца пайшла. Таксама мы здымалі фільм, каб нашы людзі ў Літве ўяўлялі, што можа адбывацца. І мы суседзі, гэта вельмі важна перажываць разам», — падзяліўся думкамі рэжысэр.
Рэжысэр Эймантас Бяліцкас
Паводле літоўскага кінадакумэнталіста, ён ўпэўнены, што спэцслужбы Лукашэнкі зь ягоным творам ужо азнаёміліся. «Наўрад ці будуць задаволеныя», — мяркуе Эймантас Бяліцкас.
Падзеі ў фільме разготваюцца ня толькі ў Беларусі. Аўтары сустракаліся з калегамі Алеся ў Францыі, Бахрэйне і Калюмбіі, здымалі ў Вільні. У фільме сярод іншага паказаная віленская Лукіская турма, знутры вельмі падобная да менскай «Валадаркі», былога СІЗА-1, дзе быў зьняволены Бяляцкі.
У Вільні прайшоў прэм’ерны паказ фільма «Bialiatski / Unbroken»
Пасьля паказу адбылася дыскусія з удзелам аўтараў і гледачоў, якая паказала, што за падзеямі ў Беларусі літоўцы сочаць і выказваюць сваю салідарнасьць.
Думка зьняць фільм пра Бяляцкага належала Александрыне і беларускаму журналісту ў Польшчы Яўгену Вапу: яны заўважылі, што ў краінах Эўропы людзі мала ведаюць пра Беларусь і яе ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.
«Адны казалі, што ён у Польшчы, іншыя — што ў Літве або дзе яшчэ, а ён працягваў сядзець у турме ў Беларусі. Крыўдна. І мы вырашылі зрабіць пра Алеся фільм з разьлікам менавіта на эўрапейскую аўдыторыю, якой варта патлумачыць, паўтарыць, у нечым пераканаць, бо часта ўяўленьні пра нашы рэаліі далёкія ад сапраўднасьці. І яшчэ мы думалі, як дапамагчы», — расказала Александрына Глаголева.
Яна зьвярнулася ў прадусарскі цэнтар Ketvirta Versija. У 2023 годзе ўдалося сабраць каманду, у якой прадусарам стала Тэрэса Ражаноўская, і ў тым жа годзе пачаліся здымкі. Вельмі дапамагла творчай групе праваабаронца з Францыі Саша Кулаева, якая з канца 90-х гадоў апякалася Беларусьсю у Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH), віцэ-прэзыдэнтам якой Бяляцкага абралі яшчэ да першага яго крымінальнага зьняволеньня ў 2011 годзе.
«Тады палітыкі казалі нам сьцішыцца, не актыўнічаць — маўляў, уздымаючы важнасьць асобы Алеся, мы толькі замінаем ягонаму вызваленьню», — згадала ў фільме Саша Кулаева праблемы праваабаронцаў у справе вызваленьня Бяляцкага зь вязьніцы.
У 2014-м удалося — Алесь выйшаў на волю праз 3 гады няволі, не дабыўшы за кратамі паўтара году. Але паўтарыць тое ж у 2025 аказалася больш складаней, хоць у калёніі сядзеў ужо ня проста палітвязень, а нобэлеўскі ляўрэат. Бяляцкага ізалявалі ад іншых вязьняў, кідалі у крытую турму, максымальна абмяжоўвалі ліставаньне нават з сваякамі.
Рэжысэр фільму Эймантас Бяліцкас, аўтар сцэнару Александрына Глаголева, аўтар музыкі Андрус Мамантавас. Вільня, 8 красавіка 2026
«За паўгоду атрымаў адзін ліст», — з усьмешкай кажа ў фільме Алесь жонцы Натальлі падчас іх першай па вызваленьні сустрэчы і чуе ў адказ, што яна адпраўляла яму лісты кожны месяц.
Беларускім палітвязьням выпадаюць найцяжэйшыя выпрабаваньні, але сяброўства, дапамога, упартасьць і адданасьць абранай справе працуюць і ў рэшце рэшт нават перамагаюць, перакананыя аўтары фільму пра Алеся Бяляцкага.
Алесь Бяляцкі выйшаў на волю 13 сьнежня 2025 году, але, у адрозьненьне ад 2014 году, ня меў магчымасьці застацца ў Беларусі — яго вывезьлі з краіны «зь мехам на галаве». Першыя кадры Алеся на волі, зьнятыя каля амбасады ЗША ў Вільні, умантаваныя ў канцы стужкі: параўнальна шчасьлівы фінал гісторыі аднаго беларускага палітвязьня. А такіх яшчэ каля тысячы. Схуднелы, але зь нязьменнай усьмешкай, Алесь у фільме кажа, што за кожнага будзе змагацца.
Фільм прымеркаваны да 30-годзьдзя праваабарончага цэнтру «Вясна» і зьняты з падтрыманьнем Konrad-Adenauer-Stiftung Belarus Office, Art Power Belarus, taz Panter Stiftung, Marion Dönhoff Stiftung.
«Асобная падзяка ад нашай каманды для Art Power Belarus, якія дапамаглі нам скончыць фільм. Неўзабаве плянуем паказаць фільм на фэстывалі ў Аўстрыі, таксама ёсьць прапанова ад Яўгена Вапы правесьці ў траўні паказ у Беластоку. А галоўнае — будзем падаваць заяўкі для ўдзелу ў кінафэстывалях клясы А: у Канах, Шэфілдзе, Карлавых Варах», — сказала Свабодзе Александрына Глаголева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Нашы словы могуць прывесьці да катаваньняў», — Лабковіч пра асьцярожнасьць у публічных заявах, ануляцыю пашпартоў і ціск на вызваленыхУлады Беларусі анулявалі пашпарт нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага«5 гадоў як у коме». Вялікая размова з вызваленым «вясноўцам» Валянцінам СтэфановічамБяляцкі лічыць тупіковай палітыку «дыпляматыі закладнікаў», якую вядзе Захад у дачыненьні Беларусі«Гандаль як пры перамовах з тэрарыстамі», — Бяляцкі пра візыт Коўла, вызваленьні палітвязьняў, Статкевіча і Гаагу для Лукашэнкі5 унікальных экспанатаў Віленскага беларускага музэю, які адзначыў 25-годзьдзе свайго аднаўленьня Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію СвабодзеХто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
- У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).