Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі лічыць тупіковай палітыку «дыпляматыі закладнікаў», якую вядзе Захад у дачыненьні Беларусі

Алесь Бяляцкі пасьля вызваленьня. Вільня, 2025 год
Алесь Бяляцкі пасьля вызваленьня. Вільня, 2025 год

У артыкуле «Кілбаса і мова беларускай дыктатуры», у напісаньні якога ўдзельнічаў Алесь Бяляцкі, ацэньваецца цяперашняе становішча Беларусі.

Цэнтар эўрапейскага палітычнага аналізу (CEPA) апублікаваў артыкул пра становішча ў Беларусі і зьвярнуўся з пытаньнямі да ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. У публікацыі аўтар артыкулу Барташ Келяк згадаў старое выказваньне Аляксандра Лукашэнкі — «Ці дае беларуская мова больш кілбасы?». І падкрэсьліў, што цягам трох дзесяцігодзьдзяў былы дырэктар саўгасу будаваў рэжым на гэтай лёгіцы: нацыянальная ідэнтычнасьць разглядаецца як падбухторваньне да мяцяжу, а культура ператвараецца ў інструмэнт кантролю.

Алесь Бяляцкі заявіў, што Эўрапейскі Зьвяз і Вялікая Брытанія не павінны ісьці ўсьлед за Вашынгтонам, які часткова паслабіў ціск на нелегітымны рэжым Лукашэнкі.

«Толькі рэзкае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі ў апошнія месяцы прымусіла ўлады шукаць выйсьця», — сказаў Бяляцкі ў інтэрвію CEPA.

Ён лічыць, што бяз гэтага фактару ўплыву ён і іншыя выпушчаныя палітвязьні ўсё яшчэ былі б за кратамі.

Далей у артыкуле прыводзяцца факты зь біяграфіі Бяляцкага — як ён ачольваў літаратурны музэй Максіма Багдановіча, як займаўся беларускай справай, як ствараў праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Тая ж лёгіка — культура як праблема бясьпекі — цяпер адкрыта дзейнічае і ў карных калёніях. Размова па-беларуску можа прывесьці да пакараньня, а часам і да гвалту: камэндант у Шклове некалькі разоў ударыў знаёмага Бяляцкага за тое, што той зьвярнуўся да яго па-беларуску. Па-за межамі турмы ў Беларусі дзейнічае і пастаянна пашыраецца сьпіс „экстрэмісцкіх“ выданьняў; Бяляцкі кажа, што адна зь яго ўласных кніг была сярод першых у гэтым сьпісе дзесяць гадоў таму», — напісана ў артыкуле.

Бяляцкі сказаў, што пры вызваленьні з турмы ў яго забралі ўсе лісты, нататкі і два рукапісы. Таксама ён адзначыў, што палітвязьні замест «Добры дзень!» казалі адзін аднаму ў калёніі «Што новага?» і абменьваліся пачутым і прааналізаваным, нягледзячы на магчымае пакараньне.

Прыгадаў Бяляцкі й катаваньні холадам, пра што раней ужо казаў беларускай незалежнай прэсе. У ШЫЗА тэмпэратура памяшканьня стабільна нізкая, харчаваньне кепскае, за ўвесь 2025 год Бяляцкі з садавіны зьеў толькі адзін яблык. За час зьняволеньня ён страціў 15 кіляграмаў вагі.

«Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, вельмі зручна для ўладаў, — кажа ён. — У іх няма палітычных апанэнтаў. Няма дэмакратычных журналістаў. Яны раздушылі культурныя ініцыятывы, моладзевыя ініцыятывы. Цяпер яны цалкам кантралююць сытуацыю».

Камфорт рэжыму парушае эканамічны боль, і таму яго аргумэнты наконт санкцыяў адрозьніваюцца ад брусэльскага погляду, адзначаецца ў публікацыі. Вызваленьні — гэта тактыка сыстэмы, прызначанай для функцыянаваньня без апазыцыі. Рэпрэсіі працягваюцца адначасова з памілаваньнямі: новыя арышты і суды — звычайная рэч. Сэнс турэмнага рэжыму — псыхалягічнае зьнішчэньне: «зьнішчыць ваша пачуцьцё ўласнага „я“», як апісвае яго Бяляцкі. За гэтым, паводле яго, стаіць палітыка, фактычна накіраваная на аб’яднаньне Беларусі з Расеяй, «русыфікацыя, якая працягваецца апошнія 200 гадоў».

Эўрапейскія санкцыі — адзін зь нямногіх інструмэнтаў, якія могуць надзейна зьмяніць разьлікі Менску. Нобэлеўскі ляўрэат цьвёрда перакананы, што іх нельга абменьваць на масавыя вызваленьні безь відавочных зьменаў: спыненьня рэпрэсій і аднаўленьня базавай грамадзянскай прасторы. Калі зьняцьце санкцыяў стане цаной за вызваленьне закладнікаў, стымулам рэжыму будзе прадукаваньне новых закладнікаў. І гэта тактыка, якой аддае перавагу старэйшы брат Лукашэнкі, Уладзімір Пуцін, гаворыцца ў артыкуле.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG